У Пецярбургу прайшоў пікет з заклікам вызваліць Сафію Сапега
У Пецярбургу 7 чэрвеня прайшоў адзіночны пікет з заклікам вызваліць у Беларусі палітзняволеную Сафію Сапега. З плакатам да аддзялення беларускага пасольства выйшаў Андрэй Чарныш. Ні паліцэйскіх, ні беларускіх дыпламатаў побач не аказалася.

Пікетовец заявіў, што абураны бяздзейнасцю расійскіх уладаў, якія ніяк не паспрабавалі абараніць грамадзянку Расіі, перадае Еўрарадыё са спасылкай на мясцовыя выданні.
Сафію Сапега разам з Раманам Пратасевічам знялі з борта пасажырскага самалёта Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву і быў пасаджаны ў Беларусі 23 траўня 2021-га. У пачатку траўня 2022 года расіянка была асуджана на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суд пастанавіў спагнаць з Сафіі каля 175 тысяч рублёў. Палітзняволеную прызналі вінаватай па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ. Сцвярджаецца, што яна адміністравала тэлеграм-канал, дзе публікаваліся асабістыя звесткі беларускіх сілавікоў.
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка дапусціў, што Сафію Сапега могуць перадаць у Расію. А пакуль яна пачала адбываць тэрмін у гомельскай жаночай калоніі №4.