У Казахстане — дзень жалобы па памерлых ад COVID. Прэзідэнт: «Гэта наша агульная трагедыя»
13 ліпеня ў Казахстане — дзень агульнанацыянальнай жалобы ў памяць пра ахвяраў эпідэміі карнавіруса, піша Радыё Свабода.
У дзень жалобы адмененыя забаўляльныя мерапрыемствы і перадачы. Па ўсёй краіне, а таксама на будынках дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой у жалобны дзень прыспускаюць дзяржаўныя сцягі.
А 12 гадзіне мясцовага часу ў Казахстане пройдзе хвіліна маўчання. 13 ліпеня ў найбуйнейшых мячэцях краіны прачытаюць памінальныя малітвы, а ў храмах пройдуць набажэнствы і паніхіды.
«Хвароба працягвае забіраць жыцці казахстанцаў. За афіцыйнымі зводкамі ляжаць трагедыі сотняў сем’яў: хтосьці страціў бацьку, маці, брата, сястру, сына і дачку. Гэта агульная трагедыя для нас усіх, — сказаў прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў, абвяшчаючы 13 ліпеня жалобным днём. — Упэўнены, што кожны з нас, дзе б ні знаходзіўся ў гэты дзень, ушануе памяць тых, хто пайшлі з жыцця».
Паводле афіцыйных дадзеных, колькасць тых, хто захварэлі каронавіруснай інфекцыяй у краіне наблізілася да 60 000. У краіне за апошнія суткі каронавірус пацвердзіўся яшчэ ў 1 646 чалавек.
Казахстан сутыкнуўся таксама з усплёскам захворвання на пнеўманію, пры якой у большасці пацыентаў выяўляюцца сімптомы COVID-19, але тэсты на каронавірус паказваюць адмоўны вынік. Толькі з 1 па 8 ліпеня ў краіне было выяўлена 39 тысяч такіх выпадкаў (у першым паўгоддзі зарэгістравана 98 546 выпадкаў захворвання на пнеўманію). Міністэрства аховы здароўя Казахстану ад нядаўняга часу класіфікуе такую пнеўманію як «магчымы выпадак каронавіруснай інфекцыі», але не ўключае тых, хто захварэлі, у агульную статыстыку заражэнняў COVID-19, а смяротныя выпадкі ад такой пнеўманіі — у статыстыку смяротнасці.
У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць, што такая пнеўманія, хутчэй за ўсё, з'яўляецца формай каронавіруса, якая, магчыма, была няправільна дыягнаставаная. Паводле Міністэрства аховы здароўя, за паўгода ў краіне ад пнеўманіі памерлі 1 772 чалавека, 628 з іх — у чэрвені.
svaboda.org