Італія. Палова заробку дэпутатаў — у фонд страйку

Бепе Грыла — лідар італьянскага «Руху пяці зорак», які па выніках выбараў мае 162 дэпутата ў парламенце, выступіў з цікавай ініцыятывай. Нагадаем, што адразу пасля выбараў грылісты, якія лічаць, што ўсю існуючую палітычную сістэму трэба кардынальна мяняць, спрабавалі займацца сабатажам працэсу абрання прэм’ера і прэзідэнта. Аднак у выніку ўрадавая кааліцыя была створаная.



31567fab_9c46_4f34_ad7a_bc6bf49d1633_mw1024_n_s.jpg

Бепе Грыла

Тады Бепе Грыла вярнуўся да старой анархісцкай ідэі ўніверсальнага страйку, які прымусіць урад пайсці ў адстаўку. Аднак без моцнага фонду салідарнасці такі страйк не арганізаваць. Фонд створаны, і яго асновай, на думку Грыла, можа стаць частка заробку дэпутатаў яго партыі.

Па закону, кожны італьянскі парламентарый атрымлівае каля 5 тысяч еўра штомесяц. Паводле разлікаў лідара «Руху пяці зорак», народным абраннікам ад яго партыі дастаткова і 2500 еўра. Астатняе прапануецца пералічыць у фонд.

Аднак такая прапанова вельмі не спадабалася частцы дэпутатаў-грылістаў. Давялося Бепе збіраць тэрміновае пасяджэнне фракцый «Руху пяці зорак» у ніжняй і верхняй палатах, якое, па словах сведкаў, ператварылася ў гарачую перапалку. Прэса піша, што Бепе нават назваў аднаго з аднапартыйцаў «шматком г…».

Нягледзячы на жорсткі наезд кіраўніка на апазіцыю, барацьба за поўны заробак будзе працягвацца. Аўтарытэтная газета «La reppublica» правяла ананімнае апытанне парламентарыяў ад «Руху пяці зорак». Толькі 48 працэнтаў з іх гатовыя аддаць свае кроўныя на нейкую забастоўку.