Шкілет шарсцістага маманта з Сібіры купілі за паўмільёна еўра
Старажытны шкілет шарсцістага маманта сышоў з малатка аўкцыёну ў французскім горадзе Ліён за 548 тысяч еўра.
Фінальная цана перавысіла першапачатковую ацэнку. Лічыцца, што гэта найбуйнейшы шкілет такога роду, які апынуўся ў прыватных руках.
80% шкілета складаюць уласна косткі вымерлай жывёлы. Астатняе — смала, якая служыць для надання экспанату цэльнасці.
Косткі старажытнай жывёлы былі знойдзены ў зоне вечнай мерзлаты ў Сібіры 10 гадоў таму.
Навукоўцы выявілі на зубах маманта сляды гніення. Гэта магло стаць адной з прычын яго смерці: з-за праблем з зубамі ён ужо не мог шчыпаць траву на пашах.
Адтаванне зоны вечнай мерзлаты прыводзіць да росту колькасці знаходак рэшткаў старажытных млекакормячых, патлумачыў куратар прыродазнаўчанавуковых калекцый у Манчэстарскім музеі Дэвід Гелсторп.
«Сібірская вечная мерзлата адтае асабліва хуткімі тэмпамі з-за змены клімату», — сказаў ён.
«Так што мы знаходзім не толькі гэтыя цудоўныя шкілеты, але і шмат іншых рэчаў, што захаваліся з іх смерці. Мы знаходзім такія рэчы, як воўну, скуру, цягліцы, органы — і нават іх апошні абед», — дадаў эксперт.
Адзін з лепшых захаваных узораў віду — 39-тысячагадовае маманцяня Юка — таксама быў знойдзены ў зоне вечнай мерзлаты ў Сібіры.
Шарсцістыя маманты жылі адначасова з першымі людзьмі, якія палявалі на іх і малявалі на сценах пячор.
Большая частка гэтых жывёл вымерла больш чым 10 тысяч гадоў таму. Апошняя група мамантаў жыла на востраве ў Паўночным Ледавітым акіяне і дажыла да перыяду каля 4 тысяч гадоў таму.
Навукоўцы лічаць, што асноўную ролю ў знікненні віду адыгралі людзі-паляўнічыя і змены навакольнага асяроддзя.
Паводле BBC