Сваёй Ціханоўскай у Расіі не будзе. Журналістку Дунцову цынічна не дапусцілі да выбараў у РФ

Журналістку з Ржэва, 40-гадовую маці траіх дзяцей Кацярыну Дунцову не дапусцілі да прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. Паведамляецца, што Цэнтральная выбарчая камісія «знайшла памылкі» ў дакументах, якія ініцыятыўная група жанчыны падала для рэгістрацыі яе ў якасці кандыдата.

na_pervuju_anons_pro_duncovu.jpeg

Цэнтральная выбарчая камісія адмовілася рэгістраваць ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты Кацярыны Дунцовай. Пра гэта камісія абвясціла падчас пасяджэння па рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. ЦВК выявіла «памылкі» ў дакументах Дунцовой.

«Мы можам сцвярджаць, што не было заверанага пратаколу аб правядзенні сходу ініцыятыўнай групы», — сцвярджаюць у ЦВК.

У ЦВК лічаць, што пратакол сходу ініцыятыўнай групы вырабілі ўжо пасля самога сходу.

«Як нам высветліць, хто гэтыя людзі? Старэйшыя яны за 18 гадоў, ці з'яўляюцца грамадзянамі Расіі?» — сказалі на пасяджэнні.

Сябры ЦВК аднагалосна вырашылі адмовіць ініцыятыўнай групе Дунцовай у рэгістрацыі.

«Вы маладая жанчына, у вас усё яшчэ наперадзе. Любы мінус заўсёды можна перавесці ў плюс. Любы досвед — усё роўна досвед», — сказала кіраўніца ЦВК Эла Памфілава Дунцовай пасля гэтага. Узроўню цынізму расійскай Ярмошынай можна пазайдросціць.

Адмова ЦВК азначае, што Дунцова не зможа пачаць збіраць подпісы, неабходныя для вылучэння. Ініцыятыўная група збіраецца абскардзіць рашэнне ў судзе, паведаміў выданню «Новая газета. Еўропа» валанцёр штаба Кацярыны Дунцовай.

Пазней стала вядома, што каманда палітыка звернецца ў Вярхоўны суд, каб абскардзіць рашэнне ЦВК.

«Гэта рашэнне не заснавана на законе, усе падставы для адмовы прыведзены ў законе аб выбарах прэзідэнта Расіі, і ніякія пералічаныя недахопы такімі не з'яўляюцца», — лічыць Дунцова.

Адначасова з гэтым яна папрасіла ліберальную партыю «Яблык» вылучыць яе кандыдатам у прэзідэнты. «Я звяртаюся да партыі «Яблык» з просьбай вылучыць мяне кандыдатам, бо правесці паўторны сход ініцыятыўнай групы мы ўжо не можам», — заявіла Дунцова.

Свой зварот яна адрасавала Мікалаю Рыбакову, Рыгору Яўлінскаму і іншым сябрам партыі «Яблык».


Глядзіце таксама

Раней расійскія медыя са спасылкай на інсайды паведамлялі, што Крэмль не дапусціць да выбараў Дунцову, якую часам параўноўваюць са Святланай Ціханоўскай. Адзначалася, што «пераабранне» Пуціна хочуць зрабіць цалкам кантраляваным, таму аніякай «несістэмнай» альтэрнатывы ў бюлетэнях не будзе. Да выбараў дапусцяць толькі ўзгодненых у пуцінскай адміністрацыі спойлераў.

Цікавая дэталь. Паводле інфармацыі недзяржаўных СМІ, у якасці кандыдатаў на выбары зарэгіструюць таксама пераважна сталых людзей — каб 71-гадовы Пуцін на іх фоне не выглядаў старым дзедам. 23 снежня гэтыя меркаванні часткова спраўдзіліся: Камуністычная партыя РФ высунула на выбары 75-гадовага Мікалая Харытонава. Можна не сумнявацца, што такога «спарынг-партнёра» Пуціна ЦВК зарэгіструе.