Споведзь ЦРУ: лятаючыя талеркі і агенты ў Мадрыдзе

Архіварыусы ЦРУ апублікавалі 930 тысяч дакументаў пра дзейнасць сваёй арганізацыі, змест якіх дазваляе па-іншаму паглядзець на гісторыю ХХ стагоддзя.

105046.jpg


Найбольшы рэзананс, як і трэба было чакаць, паведамленне пра публікацыю дакументаў на сайце разведкі выклікала ў асяроддзі аматараў тэорый пра візіты на зямлю іншапланецян. Гэтая публіка даўно культывуе міф, што прыкладна з 1946-га госці з космасу падтрымліваюць кантакты з чыноўнікамі Вашынгтону.

Змест выкладзеных на сайце ЦРУ дакументаў адначасова і натхніў, і расчараваў тых, хто верыць у лятаючыя талеркі. Натхніў, бо спецслужбы фактычна прызналі, што іншапланецяне існуюць. Пра гэта сведчыць цэлы камплект дакументаў, у тым ліку і раней не вядомыя грамадскасці.

Напрыклад, на мяжы СССР і Ірану ў жніўні 1966-га назіралася незвычайная белая сфера, якая на працягу пяці хвілінаў пашыралася і ледзь не ахапіла ўсё неба. Беларусам, напэўна, будзе цікавы іншы даклад ЦРУ, які быў прысвечаны з’яўленню «лятаючай сасіскі» ў небе пад Вільнюсам у 1994-м. Расчараваў уфолагаў даклад тым, што ў ім няма ніводнай інфармацыі пра непасрэдныя кантакты зямлян і эмісараў іншых галактык.

Другая катэгорыя, якая найбольш зацікавілася паперамі ЦРУ, — аматары іншых паранармальных з’яў. Іх перш за ўсё зацікавіла праграма пад назвай «Залатыя вароты», якую амерыканцы запусцілі ў пачатку 1970-х гадоў. Задача «варотаў» палягала ў тым, каб выкарыстаць незвычайныя таленты рознага кшталту ведзьмакоў і экстрасэнсаў. Быў складзены спіс людзей, якія маюць паранармальныя здольнасці (прычым, пад маніторынг трапілі і некаторыя грамадзяне тагачаснага СССР). За кошт экстрасэнсорных магчымасцяў спецслужбы ЗША марылі прымусіць савецкіх лідараў падпісваць патрэбныя Захаду дакументы. Праўда, у выніку праект з невядомых (ці, наадварот, з вядомых) прычынаў прыпынілі.

Менавіта тэмы іншапланецян і экстрасэнсаў больш за ўсё цікавяць СМІ, якія аналізуюць паперы. Але апублікаваныя архівы ЦРУ ўтрымліваюць шмат файлаў, кантэнт якіх вельмі важны для дакладнага разумення сучаснай гісторыі.

Перш за ўсё, трэба нагадаць, адкуль узяліся тыя паперы. Яшчэ ў 1995 годзе прэзідэнт Біл Клінтан загадаў ЦРУ рассакрэціць дакументацыю больш чым 25-гадовай даўніны, калі яна мае «гістарычную каштоўнасць», аднак ЦРУ затармазіла працэс. Толькі ў 2014-м некамерцыйная арганізацыя «Muck Rack» запатрабавала адкрыць архівы ў рамках Закона аб свабодзе інфармацыі, і праз тры гады дакументы сталі даступныя любому чалавеку з доступам у інтэрнэт.

Што яшчэ можна даведацца з тых дакументаў, акрамя гісторый пра «лятаючыя сасіскі» і «нябачаны атрамант» (такі сродак таксама актыўна шукалі ў лабараторыях амерыканскай разведкі)? Аказваецца, вельмі шмат цікавага. Напрыклад, пра план амерыканцаў па вырашэнні аргенцінска-брытанскага канфлікту з-за Фалклендаў у 1982 годзе. Паколькі і Аргенціна, і Вялікабрытанія былі партнёрамі Белага дому, яго чыноўнікам давялося ламаць галаву, як прымірыць канфліктуючых. Выйсце было прапанавана арыгінальнае: перасяліць усіх жыхароў выспаў у Англію, а сам архіпелаг перадаць Аргенціне.

Акрамя такога кшталту кур’ёзаў у архівах ёсць і тэксты, здольныя выклікаць вельмі буйныя дыскусіі гісторыкаў. Пачаць можна з рапарту амерыканскіх агентаў з Мадрыда ў 1975 годзе. У ім паведамляецца, што кіраўніцтва Іспаніі ведала, што кароль Марока Хасан II задумаў захапіць афрыканскія калоніі Мадрыда, і пасіўна пагадзілася на такі сцэнар. «Неабходна, каб наша армія засталася дзеля гонару ў сваіх казармах», — загадаў тады вайскоўцам малады манарх Хуан-Карлас. У выніку Хасан II лёгка «аджаў» іспанскую Сахару, хаця, паводле афіцыйнай гісторыі Іспаніі, тая акупацыя была вераломнай акцыяй.

У Чэхіі вельмі бурлівую рэакцыю выклікала справаздача разведчыкаў ЦРУ ў Празе ў 1968 годзе. Апошнія паведамлялі ў Вашынгтон, што Саветы рыхтуюцца ўвесці танкі ў Чэхаславакію. Пра гэта янкі даведаліся са сваіх крыніц у савецкіх дыпламатычных колах. Чаму адміністрацыя Белага дому тады не праінфармавала ўрад Дубчака і не сарвала інтэрвенцыю, пакуль не зразумела.

Трэба аддаць належнае ЦРУ, якое давяло да агульнага ведама і некаторыя супярэчлівыя эпізоды сваёй біяграфіі. Напрыклад, у 1980-я гады служба завербавала шэраг вядучых кантрабандыстаў, якія пастаўлялі зброю тэрарыстам Ірландскай Рэспубліканскай Арміі (IRA) з тэрыторыі Ірландыі. Вярбоўку ЦРУ тлумачаць патрэбай стрымліваць Ірландыю ад канфлікту з Лонданам. Кантралюючы партыі кантрабанднай зброі, можна было пазбегнуць эскалацыі тэрарыстычных акцый у Паўночнай Ірландыі.

У іншых файлах ЦРУ таксама прызнаецца, што ў пачатку 1980-х гадоў яно дэ-факта ўскосна кантралявала баявое камуністычнае падполле ў Бельгіі, актывісты якога рыхтавалі бомбавыя атакі на размешчаныя ў краіне амерыканскія вайсковы базы. Гледзячы па ўсім, ведамства нават пагадзілася на тое, каб не перашкаджаць тэрарыстам кідаць тыя бомбы…

Кантэнт дакументаў дазваляе сцвярджаць, што шпіёнам таксама ўласцівыя самыя фантастычныя памылкі. Напрыклад, спецыялісты лёгка вылічылі, што адзін з рапартаў агентаў ЦРУ пра нейкую цуда-зброю, зробленую ў СССР, — не што іншае, як перадрукоўка з папулярнага тагачаснага часопіса «Техника молодежи».

Некаторыя адкрытыя матэрыялы ЦРУ відавочна будуць мець уплыў на будучыню. Так, у 1983-м амерыканцы арганізавалі кансультацыі паміж Мадрыдам і Лонданам з мэтай перадачы Гібралтара ў склад Іспаніі. Планавалася, што Гібралтар, будучы іспанскім, узамен атрымае шырокую палітычную аўтаномію. Праект заглух праз хвалю нацыяналізму, якая ахапіла Брытанію пасля перамогі ў вайне за Фалкленды. Сёння іспанскія патрыёты заклікаюць апублікаваць дэталі той дамовы і рэалізаваць іх у жыццё.

Аналіз файлаў ЦРУ толькі пачаўся і, думаецца, нас чакае яшчэ шмат сюрпрызаў.