СМІ: Трамп прыхоўвае дэталі сваіх перамоваў з Пуціным

Газета Washington Post сцвярджае, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп схаваў дэталі перамоваў з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным і нават адабраў у перакладчыка адной з сустрэчаў яго працоўныя запісы. У Белым доме ў адказ заявілі, што артыкул выдання змяшчае такую колькасць недакладнасцяў, што не бачаць сэнсу яго падрабязна каментаваць, піша Белсат.

_102558535_tass_27922960.jpg

Газета піша, што Дональд Трамп, у адрозненне ад папярэдніх прэзідэнтаў ЗША, не бярэ з сабой на перамовы з Уладзімірам Пуціным высокапастаўленых працаўнікоў Белага дому і не дзеліцца ні з кім падрабязнасцямі аб ходзе гэтых перамоваў.
Выданне сцвярджае, што пасля сустрэчы з Пуціным на саміце «вялікай дваццаткі» ў Гамбургу ў 2017 годзе Трамп забраў у перакладчыка запісы, якія той рабіў падчас перамоваў, а таксама папрасіў не распаўсюджвацца пра змест размовы нават у Белым доме.
Пасля той сустрэчы некаторых высокапастаўленых працаўнікоў азнаёмілі з агульным вынікам перамоваў. Двое з іх захацелі ўдакладніць дэталі і звярнуліся да перакладчыка – аднак той адмовіўся гаварыць, спаслаўшыся на забарону Трампа.
У артыкуле Washington Post гаворыцца, што гэта не адзінкавы выпадак. Паводле выдання, у 2018 годзе на перамовах з Пуціным у Хельсінкі Трамп не ўзяў з сабой нікога акрамя перакладчыка, і нават стэнаграмы гутаркі ў Белым доме ніхто не бачыў.
Некалькі працаўнікоў Белага дому заявілі газеце, што падрабязнай інфармацыі ні пра адны перамовы Трампа з Пуціным няма нават у засакрэчаных дакументах. Падобныя паводзіны прэзідэнта ЗША ім падаюцца дзіўнымі.