СМІ паведамілі пра ўдар Ірана па консульстве ЗША ў Іраку. Але гэта не так
Корпус стражаў Ісламскай рэвалюцыі (КСІР) Ірана заявіў, што нанёс удары балістычнымі ракетамі па некалькіх цэлях у Іраку і Сірыі. У тым ліку, паводле сцвярджэння іранскіх сіл, нападу падвергнуўся «ізраільскі шпіёнскі цэнтр» каля горада Эрбіль — сталіцы курдскага аўтаномнага рэгіёна на поўначы Ірака, а таксама цэлі ў Сірыі, звязаныя з «Ісламскай дзяржавай». Таксама шэраг медыя паведамілі пра ўдар па консульстве ЗША ў Эрбілі, але гэта не так.
Як паведамляе «Reuters» са спасылкай на крыніцы ў спецслужбах, выбухі былі чутны прыкладна за 40 кіламетраў ад Эрбіля, у ліку іншага ў гэтым раёне знаходзіцца консульства ЗША і жылыя раёны.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША заявіў, што амерыканскія аб'екты пры ўдары не пацярпелі, аднак асудзіў дзеянні Ірана як безадказныя.
«Мы адсочвалі ракеты, якія трапілі па поўначы Ірака і Сірыі. Амерыканскія аб'екты і супрацоўнікі не пацярпелі», — паведаміла афіцыйная прадстаўніца амерыканскай Рады нацыянальнай бяспекі Эдрыен Уотсан.
Улады курдскага рэгіёна Ірака паведамілі, што ў выніку іранскіх удараў былі забіты чатыры мірныя жыхары, яшчэ шасцёра атрымалі раненні.
Прэм'ер-міністр рэгіёна Масрур Барзані назваў ракетны ўдар па Эрбілі «злачынствам супраць курдскага народа».
Паводле звестак крыніц, на якія спасылаецца агенцтва «Reuters», у ліку забітых быў вядомы курдскі бізнесмен Пешраў Дызайі і некалькі членаў яго сям'і. У яго дом трапіла сама меней адна ракета.
«Reuters» нагадвае, што бізнесмен быў блізкі да кіроўнага ў рэгіёне клана Барзані і займаўся маштабнымі дэвелаперскімі праектамі ў курдскай частцы Ірака.
Паводле звестак «Reuters», іншая ракета трапіла ў дом высокапастаўленага афіцэра курдскай выведкі, а яшчэ адна — у курдскі выведвальны цэнтр.
Палёты ў аэрапорце Эрбіля былі прыпынены, паведамляюць крыніцы агенцтва.
Корпус стражаў Ісламскай рэвалюцыі заявіў аб знішчэнні «шпіёнскіх цэнтраў і зборышчаў антыіранскіх тэрарыстычных груп у рэгіёне».
Паводле заявы КСІР, ракетны ўдар быў нанесены па штабу ізраільскай спецслужбы «Масад» у курдскім рэгіёне Ірака. Незалежнага пацверджання гэтых сцвярджэнняў няма.
AFP цытуе паведамленне афіцыйнага агенцтва КСІР, паводле звестак якога быў таксама нанесены ракетны ўдар па размешчанай у Сірыі інфраструктуры «Ісламскай дзяржавы».
КСІР дадае, што гэтая атака была адказам на «апошнія злачынствы тэрарыстычных груп, якія несправядліва зрабілі пакутнікамі групу нашых дарагіх суайчыннікаў у Кермане і Раску».
У пачатку студзеня на мерапрыемстве ў горадзе Керман, прысвечаным памяці забітага года таму дзеяча КСІР Касема Сулеймані, прагрымелі магутныя выбухі. Загінулі каля 90 чалавек, мноства людзей атрымалі раненні. Адказнасць за атаку ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава».
Паводле BBC.