Сёння адбудзецца пахаванне Лізаветы II. На цырымонію запрошаны каля 500 замежных прадстаўнікоў

Цырымонія пахавання каралевы Лізаветы II пройдзе ў  Вэстмінстэрскім абацтве ў Лондане. На яе запрошаны шматлікія кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў.

karaleva.jpg

Раніцай у панядзелак закрыюць доступ да труны з целам Лізаветы II для публікі. Яна была выстаўлена для развітання ў Вэстмінстэр-холе з 14 верасня, за гэты час даніну павагі каралеве аддалі тысячы людзей, якія выстройваліся ў шматкіламетровыя чэргі.
З Вэстмінстэр-хола труну ў суправаджэнні каралеўскай сям'і перанясуць у размешчанае непадалёк Вэстмінстэрскае абацтва, дзе ў 11.00 па мясцовым часе пройдзе служба.
Пасля труну змесцяць на лафет і даставяць да Аркі Велінгтона. У Аркі Велінгтона труну з целам Лізаветы II перанясуць у катафалк, які затым адправіцца ў Віндзарскі замак — там у прысутнасці толькі бліжэйшых сваякоў каралевы ў 16.00 пачнецца пахавальная цырымонія. Лізавета II будзе ў грабніцы побач з мужам, прынцам Філіпам, каля 19.30 па мясцовым часе (21.30 па мінскім).
На дзяржаўную цырымонію пахавання запрошаны кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, прадстаўнікі кіраўніцтва шэрагу краін. У прыватнасці, у Лондан прыбылі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн з жонкай Джыл, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен, імператар Японіі Нарухіта і яго жонка Масака, прэм'ер-міністр Ірландыі Міхол Марцін, прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару, кіраўнік урада Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн, кіраўнік урада Аўстраліі Энтані Элбаніз, прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль, кароль Іспаніі Філіп VI з жонкай Летыцыяй, кароль Бельгіі Філіп I з каралевай Мацільдай, кароль Швецыі Карл XVI Густаў і каралева Сільвія, кароль Нідэрландаў Уілем-Аляксандр з жонкай Максімай, кароль Нарвегіі Гаральд V з жонкай Соняй і каралева Даніі Маргрэтэ II. Усяго на цырымонію запрошаны каля 500 замежных прадстаўнікоў, у тым ліку кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Беларусь, Расія, Венесуэла, Сірыя, Афганістан і М'янма на пахаванне брытанскай каралевы запрошаны не былі.


У Лондане чакаюць, што каля 1 млн чалавек наведаюць цэнтральны раён горада ў дзень пахавання каралевы Лізаветы II, што зробіць гэты дзень адным з самых загружаных для транспартнай сеткі брытанскай сталіцы.
Нагадаем, Лізавета II памерла на 97-м годзе жыцця. Новым манархам Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі стаў яе сын Карл III.