Сербія прывяла ўзброеныя сілы ў рэжым баявой гатоўнасці
Узброеныя сілы Сербіі прыведзены ў баявую гатоўнасць, паведаміў міністр абароны краіны Мілаш Вучэвіч. У баявую гатоўнасць таксама пераведзены ўсе падраздзяленні МУС. З адпаведнымі даручэннямі раней выступіў сербскі прэзідэнт Аляксандр Вучыч.
«Прэзідэнт Сербіі як галоўнакамандуючы загадаў сёння ўвечары, каб Узброеныя сілы Сербіі знаходзіліся на самым высокім узроўні баявой гатоўнасці», — заявіў Вучэвіч.
Паводле яго
слоў, «гэта падымае краіну на самы высокі ўзровень дзеянняў, якія прымаюцца
сербскімі ўзброенымі сіламі для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці і
суверэнітэту Сербіі, абароны ўсіх грамадзян Сербіі і прадухілення тэрору
супраць сербаў, дзе б яны ні жылі».
26 снежня
ўлады непрызнанага Косава прывялі ў поўную боегатоўнасць свае ўзброеныя сілы з
мэтай правесці аперацыю па ліквідацыі барыкад, збудаваных сербамі на поўначы
Косава і Метохіі. Паводле даных СМІ, указанне атрымалі каля 1,5 тыс. сілавікоў.
25 снежня ў
населеным пункце Зубін-Патак на поўначы Косава ля барыкад адбыліся стральба і
сутыкненні. У сербскіх СМІ пісалі, што сербаў абстраляў косаўскі спецназ.
Косаўскія СМІ паведамілі аб нападзе сербаў на падраздзяленні KFOR (міжнародныя
сілы пад кіраўніцтвам НАТА). Місія НАТА пазней паведаміла, што каля яе ў раёне
Зубін-Патака былі чутны стрэлы.
На фоне сітуацыі,
якая склалася, Аляксандр Вучыч адправіў начальніка Генштаба Мілана Майсілавіча на мяжу з Косава. Генерал ацаніў сітуацыю як такую, што патрабуе прысутнасці там сербскай арміі.
Паводле «Коммерсанта».