Атака на аэрадром у Расіі. Тры чалавекі загінулі
Мінабароны Расіі пацвердзіла надзвычайнае здарэнне ў раёне аэрадрома «Энгельс» у Саратаўскай вобласці. На падлёце да аб'екта быў збіты ўкраінскі лятальны апарат.
26 снежня каля 01.35 па беларускім часе «сродкамі супрацьпаветранай абароны ПКС Расіі на малой вышыні пры падлёце да ваеннага аэрадрома «Энгельс» у Саратаўскай вобласці збіты ўкраінскі беспілотны лятальны апарат», распавялі ў ведамстве.
У Мінабароны РФ таксама заявілі, што ў выніку падзення аскепкаў ёсць ахвяры: «трое расійскіх вайскоўцаў тэхнічнай службы, якія знаходзіліся на аэрадроме, атрымалі смяротныя раненні. Авіяцыйная тэхніка пашкоджанняў не атрымала».
Уначы 26 снежня сацсеткі і тэлеграм-каналы са спасылкай на мясцовых жыхароў паведамілі аб выбухах у раёне аэрадрома ў Энгельсе. Паведамлялася аб трох загінулых і чатырох пацярпелых. Губернатар Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін напісаў, што ніякіх надзвычайных здарэнняў у жылых кварталах горада не было. Паводле яго слоў, «ніякай пагрозы для жыхароў абсалютна няма».
Як бачым, пагроза ёсць.
Губернатар таксама зазначыў, што аб'екты грамадзянскай інфраструктуры не пацярпелі, а інфармацыю аб здарэнні на ваенным аб'екце правяраюць сілавыя структуры.
Ваенны аэрадром «Энгельс» атакаваны ўжо другі раз. Раніцай 5 снежня там, а таксама на аэрадроме «Дзягілева» ў Разанскай вобласці адбыліся выбухі. У Мінабароны Расіі сцвярджалі, што Кіеў спрабаваў нанесці ўдары па аэрадромах з дапамогай рэактыўных беспілотнікаў савецкай вытворчасці, аднак іх збілі з дапамогай сродкаў СПА.
Афіцыйна Кіеў не браў на сябе адказнасць за атаку. «The New York Times» пісала, што беспілотнікі былі запушчаны з тэрыторыі Украіны, пры гэтым як мінімум адзін з удараў быў нанесены з дапамогай украінскага спецназа, які нібыта знаходзіўся непадалёк ад базы і дапамагаў скіраваць беспілотнікі.