Саветнік Трампа Майкл Флін сышоў з-за званкоў расійскаму амбасадару
Саветнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Майкл Флін падаў у адстаўку. Ён прызнаў, што даваў няпоўную інфармацыю аб кантактах з расійскім паслом Сяргеем Кісляком у канцы снежня, і прынёс прабачэнні Дональду Трампу.
У сваёй заяве аб адстаўцы Флін прызнаўся, што ў перыяд, які папярэднічаў інаўгурацыі Трампа, ён «па неасцярожнасці падаў віцэ-прэзідэнту і іншым няпоўную інфармацыю адносна тэлефонных размоў з паслом Расіі», паведамляе bbc.
«Я шчыра папрасіў прабачэння перад прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам, і яны прынялі мае прабачэнні», — сказана ў заяве Флін.
Флін размаўляў з паслом Расіі ў Вашынгтоне ў снежні. Першапачаткова былы армейскі генерал адмаўляў, што тэмай размоваў былі санкцыі, і ўслед за ім пра гэта заяўляў віцэ-прэзідэнт Майк Пенс. Пра тое ж казалі ў Крамлі.
Пазней Флін паведаміў Беламу дому, што тэма санкцый усё-ткі магла абмяркоўвацца.З-за званкоў Кісляку Фліна падазраюць у парушэнні прынятага ў ЗША ў 1798 году Акту Логана. Ён забараняе грамадзянам ЗША, афіцыйна не надзеленым адпаведнымі паўнамоцтвамі, весці перамовы з афіцыйнымі прадстаўнікамі замежных дзяржаў, якія маюць рознагалоссі са Злучанымі Штатамі.
Выконваць абавязкі дарадцы па нацыянальнай бяспекі будзе генерал Джозэф Кіт Келлог, больш вядомы як Кіт Келлог, які раней займаў пасаду кіраўніка апарата Савета па нацыянальнай бяспецы ЗША.