Сабакі перастануць кульгаць, дзякуючы распрацоўцы польскіх вучоных

Група ветэрынараў з Польшчы распрацавала наватарскі імплантант, які стабілізуе траўмаванае калена сабакі. Камандай навукоўцаў кіраваў 29-гадовы ўраджэнец Мінска доктар ветэрынарыі Яўген Жалняровіч.

фота LuxFon.com

фота LuxFon.com


Разрыў крыжападобных звязак — гэта траўма, якая з'яўляецца прычынай 80 адсоткаў кульгавасці ў дамашніх гадаванцаў. Навукоўцы з факультэту ветэрынарнай медыцыны Вармінска-Мазурскага ўніверсітэту ў горадзе Ольштыне распрацавалі тэхніку імплантацыі, якая дазваляе сабакам вельмі хутка аднаўляць фізічную форму. Тытанавы імплантант, які фіксуецца ў калене сабакі, дазваляе псу нармальна бегаць ужо праз два-тры дні пасля аперацыі.
У параўнанні з папярэднімі тэхнікамі імплантацыі, метад, распрацаваны групай доктара Жалняровіча, дазваляе значна абмежаваць пасляаперацыйныя ўскладненні, а таксама патрабуе меншых хірургічных маніпуляцыяў.
Як паведамляе партал weterynarianews.pl, Яўген Жалняровіч нарадзіўся ў Мінску ў сям’і лекараў. У 2010 годзе ён скончыў ветэрынарны факультэт Вармінска-Мазурскага ўнівэрсітэту, а чатыры гады пазней абараніў на сваёй вучэльні доктарскую дысэртацыю на тэму лячэння хваробаў локцевых суставаў сабак. На рахунку 29-гадовага доктара каля двух дзесяткаў навуковых працаў і артыкулаў.
«Польскае Радыё»