«Руская мафія» кіруе ў Германіі сотнямі фірмаў па доглядзе хворых
Амаль 230 фірмаў па доглядзе хворых і інвалідаў, заснаваных выхадцамі з былога СССР, западозраныя ў падробцы рахункаў пра аказаныя паслугі. Многія фірмы датычныя да адмывання грошай і рэкету, паведамляе газета «Die Welt».
Каля 230 фірмаў па доглядзе хворых і інвалідаў, заснаваных выхадцамі з былога СССР стварылі сістэму каардынаванай падробкі рахункаў аб аказаных паслугах, і гэтая сістэма існуе на значнай частцы тэрыторыі ФРГ.
Гэтыя фірмы, паводле змовы з пацыентамі і лекарамі, выстаўляюць рахункі за паслугі, якія яны на самай справе не аказвалі, паведамілі ў аўторак, 30 мая, радыёстанцыя “Bayerischer Rundfunk” і газета “Die Welt” са спасылкай на выніковы даклад спецыяльнай следчай групы Федэральнага ведамства па крымінальных справах (BKA) і ведамства па крымінальных справах федэральнай зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія.
Згодна з дакладам, гэтай злачыннай сеткай кіруюць пераважна з Берліну. Фірмы-ашуканкі, якія падманам атрымалі буйныя сумы грошай ад страхавых кас, асабліва актыўна дзейнічаюць у Паўночным Рэйне — Вестфаліі, Берліне, Ніжняй Саксоніі, Брандэнбургу і Баварыі. Амаль дзве траціны гэтых кампаній звязаны адна з адной праз розныя сеткі на тэрыторыі ўсёй краіны, гаворыцца ў дакуменце.
У дакладзе таксама адзначаецца, што многія фірмы, якія знаходзяцца пад падазрэннем па доглядзе хворых і інвалідаў, а таксама іх кіраўніцтва адначасова займаюцца іншай злачыннай дзейнасцю, напрыклад, адмываннем грошай, вымагальніцтвам і нелегальным ігральным бізнесам. Сярод кіраўнікоў такіх фірмаў ёсць і тыя, каго ўлады ФРГ падазраюць у заказных забойствах, гаворыцца ў дакуменце.
Паводле www.dw.com