Румынія абураная хамствам і пагрозамі расійскага віцэ-прэм'ера

Афіцыйную ноту пратэсту накіравала Расіі міністэрства замежных спраў Румыніі. Ад Масквы патрабуюць публічна растлумачыць выказванні віцэ-прэм'ера Дзмітрыя Рагозіна.



rahozin_rumynija.jpg

Напярэдадні яго самалёт не прапусцілі праз паветраную прастору Румыніі, і таму расійскі палітык у сваім Twitter паабяцаў неўзабаве "растлумачыць румынам, хто яны такія і што пра іх думае Расія". У яшчэ адным паведамленні Рагозін адзначыў: у наступны раз буду ляцець на бамбавіку. Румынская МЗС хоча ведаць, ці адпавядаюць заявы віцэ-прэм'ера афіцыйнай пазіцыі Крамля ў дачыненні да краіны-члена ЕС і NАТO.
 

Абураная паводзінамі Дзмітрыя Рагозіна і Малдова. Мясцовыя ўлады пацвердзілі канфіскацыю з самалёта дыпламата больш за 30 тысяч подпісаў за далучэнне Прыднястроўя да Расеі.
 

Украіна тым часам адмаўляе сцвярджэнне Рагозіна аб тым, што яму забаранілі пралёт над тэрыторыяй краіны. Пра гэта "5 каналу" паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў. Па дадзеных сайта Flight-Radar, які дае магчымасць адсочваць перамяшчэнні самалётаў, расійскае паветранае судна вылецела з Кішынёва і перасекла мяжу Ўкраіны. Зрэшты, літаральна праз некалькі дзесяткаў кіламетраў самалёт развярнуўся і паляцеў назад, у сталіцу Малдовы. Увечары агенцтва "РІА-Навіны" са спасылкай на амбасадара Расіі ў Малдове паведаміла, што расійская дэлегацыя пакінула Малдову рэйсавым самалётам.