Расійскія сілы ўварвання ўжо ля мяжы з Беларуссю і Украінай
Міжнародная валанцёрская супольнасць InformNapalm падчас маніторынгу памежных з Украінаю раёнаў Расейскай Фэдэрацыі выявіла актыўнае разгортванне новай вайсковай інфраструктуры ля самай мяжы з Украінай адразу ў некалькіх раёнах.
У звязку з гэтым распачаты
цыкл публікацыяў што да раскрыцця інфармацыі пра новыя вайсковыя аб’екты, якія
могуць стаць плацдармам у выпадку далейшай эскалацыі агрэсіўных дзеянняў з боку
РФ. У першай частцы цыклу гаворка пойдзе пра будаўніцтва базаў у горадзе
Клінцы (Бранская вобласць, РФ). Апэратыўнае будаўніцтва вайсковых аб’ектаў здзяйсьняецца
ў мясцінах, што знаходзяцца на аднолькавай адлегласці (ля 45 км) ад мяжы РФ з
Беларуссю (Гомельская вобл.) і Украінай (Чарнігаўская вобл.) у зоне з
падвышаным узроўнем радыяцыі праз аварыю на ЧАЭС.
Паводле паведамленняў рэгіянальных СМІ Бранскае вобласці, будуюцца два новыя вайсковыя аб’екты непадалёк мяжы з Беларуссю і Украінай. Гэтак, у мясцовай газеце г. Клінцы «Ваше дело» (рас.) у матар’яле з 14 красавіка 2016 г. з гучнай назвай «Рашэнне прынятае» вядзецца пра тое, што 25 сакавіка адбыліся публічныя слуханні што да сцвярджэння праектаў планавання вайсковых аб’ектаў у горадзе. Вядома, што адзін з іх будзе знаходзіцца на вуліцы Паркавай, у раёне стадыёну «Труд», а другі ў Займішчы, на завулку Калініна, непадалёк жылой забудовы.
Рашэнне пра будаўніцтва прымалася падчас візіта прадстаўнікоў міністэрства абароны РФ у лютым 2016 году. Мэтай іхнага прыезду сталася дамоўленасць пра будаўніцтва на тэрыторыі другога паводле велічыні гораду Бранскай вобласці двух вайсковых аб’ектаў. Яшчэ ў той час на мясцовых форумах пачалі абмяркоўваць магчымае аднаўленне трох закінутых вайсковых гарадкоў в/ч 10876, перададзеных ў 2012 годзе муніцыпалітэту Клінцоў.
Паведамляецца, што з 1 красавіка 2016 г. пачалася падрыхтоўка тэрыторыі да пабудовы казармаў, службовага жылля, а таксама іншай інфраструктуры — спарткомплексаў з басейнамі, крамаў і г.д. На верасень 2016 г. запланаванае прыбыццё вайскоўцаў.
На гэтым фоне, у сваіх «пабліках» сацсеткі “VK” вайскоўцы 28-й мотастралковай брыгады (в/ч 61423, месца сталай дыслакацыі Екацярынбург, Цэнтральная вайсковая акруга ЗС РФ) пачалі актыўна цікавіцца станам закінутай вайсковай часткі і перспектывамі арэнды жылля ў Клінцах.
З аналізу каментароў пад пастамі вынікае, што першыя эшалоны з Екацярынбурга маюць прыйсці ўжо ў сярэдзіне траўня 2016 году. Цалкам магчыма, што ўлетку вайскоўцы 28-й брыгады будуць жыць у палявых умовах у намётах, пакуль ня будзе збудаваны модульны лагер тыпу АПЛ-500, які выкарыстоўвае МА РФ для хуткага разгортвання вайсковых падраздзяленняў. Падобнага кшталту модулі мы ўжо фіксавалі на тэрыторыі аэрадрому гораду Валуйкі, Белгарадзкай вобласці РФ, дзе дыслакуецца 23-я мотастралковая брыгада з Самары.
Вайсковыя часткі, што будуюць у Клінцах, будуць знаходзіцца, як і ў Валуйках, непадалёк чыгуначнай станцыі і паблізу мяжы з Беларуссю і Украінай. Цалкам магчыма, што яны будуць уваходзіць у новую 20-й агульнавайсковую армію Заходняй вайсковай акругі Расеі.
Такім чынам, можна канстатаваць, што Расія спешна арганізоўвае наступальную лінію ўздоўж мяжы з Беларуссю і Украінай, перакідваючы баяздольныя падраздзяленні з глыбіні краіны і паступова размяшчаючы іх не толькі ў палявых лагерах Растоўскай групоўкі сілаў уварвання, але і ў іншых раёнах, якія мяжуюць з Гомельскай вобласцю Беларусі і Чарнігаўскай і Харкаўскай абласцямі Украіны.
Новая вайсковая база ў Клінцах, якае будзе знаходзіцца ўсяго за 90 км ад Гомеля, мае патэнцыйную пагрозу для Беларусі. На ёй будуць дыслакаваныя падраздзяленні 28-й мотастралковай брыгады з Екацярынбурга, якія атрымалі значны баявы досвед у выніку расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны і Сірыі. Падчас магчымай рэалізацыі крымскага сцэнару ў Беларусі, вайскоўцы брыгады пад прыкрыццём так званай “самаабароны” будуць забяспечваць ахову і кантроль адміністратыўных установаў і блякаванне вайсковых частак на тэрыторыі Гомельскай вобласці.
Міжнародная валанцёрская супольнасць InformNapalm працягне маніторынг разгортвання новых расійскіх вайсковых аб’ектаў і патэнцыйных сілаў уварвання ля мяжы з Беларуссю і Украінай.