Расія. Салют на дзень горада ў Чыце прайшоў пад песні на кітайскай мове
Святкаванне дня горада ў Чыце 29 мая завяршылася скандалам: салют прайшоў пад песні на кітайскай мове.
Мясцовыя жыхары, якія прыйшлі паглядзець салют, былі незадаволеныя тым, што ён пачаўся пад песню "Я люблю Маньчжурыю", якую яны палічылі гімнам гэтага кітайскага рэгіёну. Рэгіянальныя СМІ паведамляюць, што ўсяго прагучала чатыры музычных кампазіцыі на кітайскай мове.
"Палова прысутных на плошчы, натуральна, нічога не разумеючы, тупа азіралася па баках! Гімнам Маньчжурыі закрылі Дзень нараджэння Чыты! І ўсё было б нічога, калі б спачатку прагучаў гімн Чыты, а ўжо потым гімн... Дык не! Загучала другая песня і зноў на кітайскай мове!» — цытуе расповед жыхара Чыты Стаса Захарава "Росбалт".
Мясцовыя СМІ са спасылкай на старшыню камітэта культуры адміністрацыі Чыты Мікалая Волкава паведамляюць, што падчас феерверку гучалі дзве песні на кітайскім — "Я люблю Маньчжурыю" і песня пра агнявога дракона.
Па словах Волкава, феерверкі сталі падарункам ад маньчжурскага боку Чыце і прыкладаліся да феерверку як музычнае суправаджэнне.
Якраз адначасова з днём горада ў Чыце праходзілі дні Маньчжурыі.
Кітай у апошнія гады нарошчвае сваю прысутнасць на расійскім Далёкім Усходзе. У пачатку красавіка ўлады Расіі пагадзіліся перанесці на тэрыторыю Далёкага Усходу некалькі расійскіх прамысловых прадпрыемстваў, паведамляе ВВС.
Восенню мінулага года Расія перадала Кітаю невялікі прымежны ўчастак зямлі. Пасля гэтага ў кітайскай прэсе і сацыяльных сетках з'явіліся заклікі да Расіі аддаць Кітаю памежныя тэрыторыі, якія ў мінулым уваходзілі ў склад Кітая.
Кітайская прысутнасць відавочна адчуваецца ў гэтым рэгіёне, і гэта непакоіць мясцовых жыхароў.
Відэа Юрыя Чарапанава, zabmedia.ru