Расія рыхтуе наступ, лічыць Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны

Аляксандр Турчынаў заявіў аб магчымасці наступлення расійскіх войскаў. Ён лічыць, што расійскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва рыхтуе маштабныя правакацыі і наступальныя дзеянні.

3e94bc5a_0a53_45da_8295_bc0f6af4a78f_w1023_r1_s.jpg

Старшыня Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (РНБА) Аляксандр Турчынаў пабываў 24 траўня ў зоне баявых дзеянняў на Данбасе і заявіў аб магчымасці наступлення расійскіх войскаў, паведамляе "Радыё Свабода".

«Турчынаў паведаміў, што ўкраінская разведка назірае актыўную канцэнтрацыю расійскіх войскаў у непасрэднай блізкасці ад расійска-ўкраінскай мяжы, што сведчыць «аб падрыхтоўцы расійскім ваенна-палітычным кіраўніцтвам маштабных правакацый і наступальных дзеянняў, якія могуць пачацца ў любы час», — гаворыцца ў паведамленні на сайце РНБА.

Старшыня РНБА адзначыў, што «на працягу тыдня адбылася найбуйнейшая за апошнія паўгода колькасць абстрэлаў не толькі пазіцыяў Узброеных сіл Украіны, але і населеных пунктаў».

«Выкарыстоўваецца забароненая мінскімі дамовамі артылерыя, танкі, рэактыўныя сістэмы залпавага агню», — сказаў Турчынаў.

Ён дадаў, што абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі вяліся на глыбіню да 30 кіламетраў, у выніку чаго была знішчана грамадзянская інфраструктура, ёсць загінулыя не толькі сярод вайскоўцаў, але і сярод мірнага насельніцтва.