Прэзідэнтам Тайваня стане самы непрыемны для Кітая кандыдат — вынікі выбараў

Апазіцыя Тайваня прызнала паразу на прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў суботу. Падлік галасоў яшчэ працягваецца, але адрыў фаварыта гонкі, кандыдата ад кіруючай партыі Уільяма Лая ўжо недасягальна вялікі.

Фота EPA

Фота EPA

Кандыдат ад кіруючай партыі 64-гадовы Уільям Лай (інакш Брэх Ціндэ), які прадстаўляе кіруючую Дэмакратычную прагрэсіўную партыю, быў фаварытам з самага пачатку. Улады мацерыковага Кітая называюць яго сепаратыстам.

Ён выступае за скарачэнне эканамічнай залежнасці вострава ад Пекіна і збліжэнне з ЗША.

Яго галоўны апанент — кандыдат ад апазіцыйнай партыі Гаміньдан Хоу Юі — наадварот, прыхільнік збліжэння з мацерыковым Кітаем.

Паводле прамежкавых даных падліку галасоў, Лай набірае 42%, Хоу — 34%.

Разрыў паміж імі прыкметна павялічыўся з апошняга абнаўлення даных. Прычым паказчыкі Хоу фактычна замерлі на месцы.

Карэспандэнт Бі-бі-сі Руперт Уінгфілд-Хейз перадае з Тайбэя, што Цэнтральная выбарчая камісія па нейкай прычыне працуе павольней, чым чакалася: пакуль падлічаныя ўсяго каля чатырох мільёнаў галасоў.

Перавага Уільяма Лая — чаканы расклад, хоць розныя перадвыбарчыя апытанні прагназавалі больш шчыльную гонку.

Таксама ўпершыню ў гісторыі палітыкі Тайваня выклік двум галоўным партыям кінуў кандыдат ад трэцяй — вельмі папулярнай сярод моладзі. Ён паказвае лепшы вынік, чым чакалася, але не складае сур'ёзную канкурэнцыю.

Людзі пачалі займаць чэргі ля выбарчых участкаў яшчэ да іх адкрыцця. Адзначаная вельмі высокая яўка.

Афіцыйныя вынікі будуць падведзеныя праз некалькі дзён.

Аднак паведамляецца, што сотні прыхільнікаў Уільяма Лая сабраліся ў штаб-кватэры Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі і ўжо святкуюць перамогу.


Глядзіце таксама

За выбарамі на Тайвані назірае ўвесь свет, бо Пекін пагражае востраву вайной у выпадку, калі па іх выніках тайванцы захочуць абвясціць аб фармальнай незалежнасці ад Кітая.

Напярэдадні выбараў кітайскія ўзброеныя сілы значна павысілі актыўнасць вакол Тайваня.

Тайваньскае Міністэрства абароны заяўляе, што ў паветры вакол выспы курсуюць восем кітайскіх вайсковых самалётаў, адзін з якіх парушыў паветраную прастору з паўднёва-заходняга боку а шостай раніцы паводле мясцовага часу — незадоўга да адкрыцця выбарчых участкаў.

Таксама ў суботняй заяве Мінабароны Тайваня гаворыцца, што шэсць кітайскіх вайсковых караблёў узялі востраў у кола.

«Узброеныя сілы [Тайваня] сочаць за сітуацыяй. Баявым паветраным патрулям, караблям ВМФ і наземным ракетным сістэмам даручана рэагаваць на варожыя дзеянні ў выпадку неабходнасці», — заявіла ваеннае ведамства Тайваня.

Раней ЗША не раз заяўлялі, што ўмяшаюцца ў сітуацыю ў рэгіёне ў выпадку ваеннай агрэсіі з боку Пекіна.