Прэзідэнт Сербіі распусціў парламент

Пра роспуск парламента і правядзенне нечарговых выбараў прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча папрасіў урад. Кабінет міністраў лічыць, што пазачарговыя выбары будуць садзейнічаць зніжэнню напружанасці ў краіне. 

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. Фота: OLIVER BUNIC / AFP / Getty Images

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. Фота: OLIVER BUNIC / AFP / Getty Images

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч у сераду, 1 лістапада, распусціў парламент і абвясціў аб правядзенні датэрміновых выбараў, прызначаных на 17 снежня. Яны супадуць з мясцовымі выбарамі ў 65 муніцыпалітэтах, у тым ліку ў сталіцы Бялградзе, паведамляе «Нямецкая хваля».

З ідэяй пазачарговых парламенцкіх выбараў выступіў урад Сербіі — і матываваў гэта просьбай «часткі грамадскасці» і апазіцыйных партый. Ва ўрадавай заяве, апублікаванай 30 кастрычніка, гаварылася, што датэрміновае галасаванне забяспечыць «зніжэнне напружанасці паміж супрацьлеглымі пазіцыямі ў грамадстве».

Такім рашэннем Вучыч мае намер паказаць важнасць захавання ў Сербіі міру і стабільнасці. «Вельмі важна, каб Сербія захавала мір, стабільнасць, праявіла ўсю дэмакратыю, і я б сказаў, што гэтая кампанія — гэта магчымасць цывілізавана прадставіць грамадзянам розныя ідэі, праграмы, палітыку, якія павінны канкурыраваць, але якія не будуць пагражаць нашым інтарэсам», — заявіў ён.

Глядзіце таксама

Еўракамісія заклікае Сербію нармалізаваць адносіны з Косава

«Мы жывём у такі час, калі ўсім нам неабходна быць адзінымі ў барацьбе за жыццёва важныя інтарэсы Сербіі, у якой мы будзем адчуваць ціск як за нашу пазіцыю па Косава, так і па іншых рэгіянальных і глабальных пытаннях», — заявіў прэзідэнт Вучыч, калі абвяшчаў сваё рашэнне аб датэрміновых выбарах. Тэрмін дзеянняў цяперашняга парламента павінен быў скончыцца толькі ў 2026 годзе.

У Сербію 31 кастрычніка прыбыла з візітам старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. У Бялградзе яна заклікала ўлады Сербіі да нармалізацыі адносін з Рэспублікай Косава, якую яна наведала да гэтага.

Урсула фон дэр Ляен заклікала Сербію дэ-факта прызнаць незалежнасць часткова прызнанай Рэспублікі Косава ў абмен на пакет фінансавай дапамогі ад ЕС.

Старшыня Еўракамісіі таксама заклікала Сербію далучыцца да заходніх санкцый супраць Расіі ў сувязі з яе ўварваннем ва Украіну, змагацца з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю і адстойваць вяршэнства закона.

Глядзіце таксама

Паводле УНІАН, afn.today, «Нямецкая хваля».