Помнікі ахвярам смаленскай авіякатастрофы з’явяцца ў Варшаве
Два помнікі з’явяцца непадалёк ад галоўнай турыстычнай вуліцы Кракаўскае прадмеце.
У цэнтры Варшавы з’явяцца помнік прэзідэнту Леху
Качыньскаму, якія загінуў у красавіку 2010 года ў авіякатастрофе пад
Смаленскам, а таксама помнік усім 96 ахвярам авіякатастрофы. Пра гэта ў інтэрв'ю
“Польскаму радыё” паведаміў намеснік міністра культуры Яраслаў Сэлін. Польскі ўрад абвясціў конкурс на найлепшы праект
помнікаў. Вынікі яго будуць аб’яўленыя ў кастрычніку гэтага года.
Помнік Леху Качыньскаму з’явіцца непадалёк ад плошчы Пілсудскага — месца, дзе адбываюцца вайсковыя парады ды іншыя дзяржаўныя ўрачыстасці. У некалькіх дзясятках метраў ад яго, на скрыжаванні галоўнай турыстычнай вуліцы Кракаўскае прадмесце (Krakowskie Przedmieście) і Карова (Karowa), з’явіцца помнік ахвярам смаленскай авіякатастрофы.
Дыскусія наконт таго, дзе і ў якой форме павінна быць ушанаваная памяць ахвяраў авіякатастрофы, ідзе ў Польшчы ўжо некалькі гадоў. Частка сем’яў ахвяраў прапанавала, каб помнік быў пастаўлены непасрэдна перад прэзідэнцкім палацам у Варшаве. Дазволу на гэта не далі гарадскія ўлады і службы па ахове помнікаў гісторыі, заяўляючы, што перад палацам XVII стагоддзя проста няма месца для новага помніка.