Паводка ў Японіі забрала жыцці больш за 100 чалавек. Колькасць ахвяр расце
Па меншай меры 100 чалавек загінулі і яшчэ больш за 50 зніклі без вестак у выніку паводак і апоўзняў у заходняй частцы Японіі. Узровень вады падымаўся так хутка, што некаторыя людзі не паспявалі выбрацца з дамоў. Некаторыя былі зажыва пахаваныя пад пластом вады і бруду.
Большасць ахвяр зарэгістравана ў прэфектуры Хірасіма, дзе з чацвярга не
спыняюцца праліўныя дажджы. Ад паводкі пацярпелі сотні дамоў, каля паўтара
мільёна жыхароў атрымалі ад уладаў загад пакінуць сваё жыллё ў інтарэсах
бяспекі. Яшчэ тры мільёны атрымалі рэкамендацыі ўладаў аб эвакуацыі.
"Мы яшчэ ніколі не назіралі такіх моцных дажджоў, — заявіў на прэс-канферэнцыі прадстаўнік Японскага метэаралагічнага агенцтва (JMA). — Сітуацыя, якая склалася, вельмі небяспечная".
Улады Японіі кажуць, што патэнцыйна гэтая паводка можа стаць самым моцным стыхійным бедствам за многія дзесяцігоддзі.
Паводле слоў прэм'ер-міністра Японіі Сіндза Абе, ратавальнікі ўступілі ў гонку з часам у спробе выратаваць і эвакуяваць пацярпелых.
Урад Японіі заснаваў экстраны штаб па барацьбе з надзвычайнай сітуацыяй, які кіруе дзеяннямі 54 тысяч ратавальнікаў, пажарных, вайскоўцаў і паліцыянтаў, што былі накіраваныя ў найбольш пацярпелыя раёны на паўднёвы захад і захад краіны.
Сапраўдны патоп
Дажджы пачаліся ў канцы мінулага тыдня, калі да сезоннага дажджавога фронту далучыўся ападкі саслабелага тайфуна.
Патокі вільготнага цёплага паветра з боку Ціхага акіяна ўзмацнілі эфект, стварыўшы ўмовы надвор'я, блізкія да тых, што роўна год таму выклікалі паводку на паўднёвым захадзе Японіі і прывялі да гібелі дзясяткаў чалавек. Па дадзеных JMA, дажджавы фронт занадта доўга заставаўся на адным месцы.
Зараз у шэрагу раёнаў дажджы спыніліся, і вада пачала спадаць. У пятніцу быў часткова адноўлены рух хуткасных цягнікоў, аднак у чвэрці японскіх прэфектур застаецца ў сіле папярэджанне аб магчымых апоўзнях.
У трох прэфектурах выспы Сікоку ў панядзелак чакаецца да 300 мм ападкаў, а ў горадзе Матаяма ў 600 км ад Токіа ў ноч з пятніцы на суботу выпала 583 мм ападкаў.
Хоць улады Японіі заўсёды пільна сочаць за прагнозамі надвор'я і загадзя папярэджваюць жыхароў аб небяспецы, што можа пагражаць, шчыльнасць забудовы ў краіне так высокая, а ў горнай мясцовасці пабудавана так шмат жылля, што любое стыхійнае бедства пагражае абярнуцца трагедыяй.
Збольшага спецыялісты вінавацяць у гэтым пасляваенную палітыку ўрада, калі было дазволена высечы старыя лясы на шматлікіх горных участках.
Вырубкі засадзілі новымі дрэвамі, карані якіх не здольныя эфектыўна ўтрымліваць глебу падчас паводак, што прыводзіць да апоўзняў.
Паводле ВВС