Парламент Арменіі ратыфікаваў Рымскі статут. На чарзе — выхад з АДКБ і СНД?
Падобна на тое, што Арменія вырашыла канчаткова парваць з Расіяй і сысці з яе «зоны ўплыву». Нацыянальны сход Арменіі падтрымаў ратыфікацыю Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда. Ініцыятыву падтрымалі 60 прысутных на пасяджэнні дэпутатаў, яшчэ 22 выказаліся супраць. Для ўхвалення рашэння неабходныя былі галасы 54 парламентарыяў.
Прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі адмовіліся ўдзельнічаць у галасаванні і пакінулі пасяджэнне ў знак пратэсту. На думку палітыкаў, Рымскі статут не служыць знешнепалітычным інтарэсам Арменіі.
Цяпер дакумент павінен падпісаць прэзідэнт Арменіі. Яго палажэнні ўступяць у сілу праз 60 дзён пасля завяршэння ўсіх дзяржаўных працэдур.
Раней рашэнне Арменіі ратыфікаваць Рымскі статут у Маскве назвалі «вельмі варожым» крокам у дачыненні да Расіі. А цяпер у Расіі на пастанову парламента Арменіі заявілі, што Арменія страціла «юрыдычны суверэнітэт».
«Ратыфікацыя Рымскага статута МУС для любой дзяржавы азначае не што іншае, як страту юрыдычнага суверэнітэту, што зневажальна само па сабе. Менавіта з гэтай прычыны да МУС не далучаюцца сапраўды суверэнныя дзяржавы, уключаючы Расію, ЗША, Індыю, Кітай, Турцыю, Саудаўскую Аравію, Ізраіль, Іран і іншыя», — заявіў віцэ-спікер Савета Федэрацыі Расіі Канстанцін Касачоў.
Ён адзначыў, што гэтая ратыфікацыя — гэта «відавочна недружалюбны ў дачыненні да Расіі крок».
Нагадаем, у сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе выдаў міжнародныя ордэры на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Яны, як мяркуецца, нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю дзяцей і іх незаконнае перамяшчэнне з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію.
Краіна, якая падпісала Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда, абавязаная арыштаваць Пуціна на падставе выдадзенага ў сакавіку ордэра.
Разам з тым шэраг грамадскіх і палітычных сіл, а таксама прыватныя асобы падчас форуму незалежнасці, які прайшоў у Ерэване 1 кастрычніка заклікалі ўлады Арменіі неадкладна пачаць працэс выхаду з АДКБ, ЕАЭС, СНД і падаць заяўку на сяброўства ў Еўрасаюзе.
«У нашы дні антыармянская пазіцыя і палітыка, якая праводзіцца расійскімі ўладамі, ахвярамі якіх стаў армянскі народ Арцаха [Нагорнага Карабаха – рэд.], не толькі заганныя, але і яшчэ больш паглыбляе прорву, якая ўзнікла паміж Арменіяй і Расіяй у апошнія гады, робячы яе практычна непераадольнай, што стварае вострую неабходнасць радыкальнага перагляду ўсёй дзеючай дагаворна-прававой базы паміж Рэспублікай Арменія і Расійскай Федэрацыяй», — адзначаюць яны.
Аўтары заявы разглядаюць «гвалтоўную дэпатрыяцыю арцахскіх армян з дапамогай голаду і вайсковай агрэсіі» ў той жа логіцы, што і «расійскую агрэсію і генацыд супраць народа Украіны».
Яны заклікаюць улады Арменіі выйсці з фактычна ўзначаленых Расіяй арганізацыі АДКБ, ЕАЭС, СНД, скасаваўшы ўсе ваенныя і эканамічныя пагадненні з Расіяй, забараніць вяшчанне расійскіх дзяржаўных тэлеканалаў і тэлеканалаў, звязаных з дзяржавай, якія транслююцца ў армянскім мультыплексе і праз кабельную сетку, звярнуцца да Еўрапейскага саюза з просьбай аб паўнапраўным членстве, падпісаць двухбаковыя пагадненні аб стратэгічным партнёрстве з краінамі-членамі ЕС, ЗША, Канадай, Індыяй і іншымі дэмакратычнымі краінамі, ініцыяваць крокі па паглыбленні двухбаковага і шматбаковага ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з краінамі Захаду і еўраатлантычнымі сістэмамі бяспекі.
Арганізацыі і дзеячы тады віталі гатоўнасць уладаў Арменіі ратыфікаваць Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда і заклікалі іх зрабіць гэта без якіх-небудзь агаворак. Як бачым, парламент Арменіі прыслухаўся да іх парадаў і зрабіў тое, што яму прапанавалі.