Пакістан расплачваецца за ўвесь свет: прэм'ер-міністр Шарыф расказаў у ААН пра прыродную катастрофу, якая абрынулася на краіну

Прэм'ер-міністр Пакістана Шэхбаз Шарыф папярэдзіў, што змены клімату могуць і для іншых краін стаць прычынай катастрофы, у выніку якой траціна тэрыторыі Пакістана аказалася пад вадой, а мільёны дзяцей падвергнуліся рызыцы цяжкіх захворванняў.

Прэм'ер-міністр Пакістана Шэхбаз Шарыф на пасяджэнні Генасамблеі ААН

Прэм'ер-міністр Пакістана Шэхбаз Шарыф на пасяджэнні Генасамблеі ААН


У пятніцу Шэхбаз Шарыф заклікаў Генасамблею ААН «сабрацца разам і дзейнічаць зараз, пакуль не стала занадта позна», перадае CNN.
«Адно цалкам зразумела: тое, што адбылося ў Пакістане, не застанецца ў Пакістане», — сказаў Шарыф сусветным лідарам.
Ён падрабязна расказаў пра маштабы катастрофы, з якой сутыкнулася яго краіна, дзе паводкі, выкліканыя рэкорднымі мусоннымі дажджамі і раставаннем леднікоў, забралі з чэрвеня гэтага года жыцці больш за 1600 чалавек. Асобныя раёны Пакістана, паводле слоў прэм'ера, «усё яшчэ знаходзяцца пад вадой і пагружаныя ў акіян чалавечых пакут».

Вада затапіла да траціны тэрыторыі Пакістана

Вада затапіла да траціны тэрыторыі Пакістана


«33 мільёны чалавек, уключаючы жанчын і дзяцей, цяпер падвяргаюцца высокай рызыцы небяспекі для здароўя», — кажа Шарыф.
Для спаду паводкавых вод у найбольш пацярпелых раёнах краіны можа спатрэбіцца да шасці месяцаў. Сітуацыя пагражае ўспышкамі хвароб, якія перадаюцца праз ваду.
Паводле даных ЮНІСЕФ, у выніку паводкі 3,4 мільёна дзяцей маюць патрэбу ў «неадкладнай дапамозе жыццю» пасля заражэння ліхаманкай дэнге і малярыяй.

Праз паводку ў краіне ўзрасла рызыка ўспышак цяжкіх інфекцыйных хвароб, у тым ліку сярод дзяцей

Праз паводку ў краіне ўзрасла рызыка ўспышак цяжкіх інфекцыйных хвароб, у тым ліку сярод дзяцей


«Бясспрэчная і нязручная праўда заключаецца ў тым, што гэтае бедства не было выклікана нічым з таго, што мы зрабілі», — сказаў пакістанскі прэм'ер-міністр. Паводле даных Еўрапейскага саюза, на долю Пакістана прыходзіцца менш за 1% сусветных выкідаў газаў, аднак, згодна з Глабальным індэксам кліматычных рызык, краіна з'яўляецца восьмай у спісе найбольш уразлівых да кліматычнага крызісу. Пакістан расплачваецца за змены клімату ў выніку забруджання планеты не толькі чалавечымі жыццямі, але і разбуранымі школамі, дамамі і мастамі.
Нацыянальнае ўпраўленне па барацьбе са стыхійнымі бедствамі краіны паведамляе, што сярод 1606 смерцяў, зарэгістраваных на дадзены момант, 579 — дзеці. Каля мільёна дамоў было разбурана і яшчэ прыкладна столькі ж — пашкоджана. Загінулі мільёны сельскагаспадарчых жывёл, змыта чатыры мільёны акраў пасеваў.

Паводка таксама перашкаджае доступу да пітной вады

Паводка таксама перашкаджае доступу да пітной вады


Шарыф заклікаў іншыя краіны засяродзіцца на барацьбе са зменамі клімату.
«Нам даўно пара зрабіць паўзу ў клопатах XX стагоддзя, каб вярнуцца да выклікаў XXI стагоддзя», — сказаў ён.
«Сёння цалкам змянілася вызначэнне нацыянальнай бяспекі. І калі лідары свету не збяруцца разам, каб дзейнічаць — дзейнічаць проста зараз, — не будзе зямлі, з-за якой можна было б весці войны. Прырода будзе супраціўляцца. І ў гэтым чалавецтва наогул не ідзе ні ў якое параўнанне», — падсумаваў пакістанскі прэм'ер.