Падлічваем жанчын…
У Нямеччыне правялі пілотнае даследаванне, закліканае ацаніць прысутнасць і бачнасць жанчын-аўтарак у СМІ.
Вывучэнне адбылося ў межах шматгадовага даследчага праекту #countingwomen літаратурнай асацыяцыі «AG DIVERSITÄT» у супрацоўніцтве з аддзелам даследаванняў сродкаў масавай інфармацыі Універсітэта Ростак. Ідэя правядзення даследавання ўзнікла пасля круглага стала, скліканага Міністрам культуры і СМІ Нямеччыны. Сам жа праект #countingwomen накіраваны на збор дадзеных пра прысутнасць жанчын-аўтарак у аглядах літаратуры, прысуджэннях літаратурных прэмій, выдавецкіх праграмах, школьных навучальных матэрыялах, а таксама ў складах журы і вылучэнні стыпендый.
Даследчыкі мяркуюць, што вынікі праведзенай працы будуць не толькі апублікаваныя, але і ўлічаныя рознымі арганізацыямі, у тым ліку дзяржавай у сваёй дзейнасці.
Што даследавалі эксперты
У 2018 годзе 45 добраахвотнікаў прааналізавалі 2036 аглядаў з 69 нямецкіх медый (друк, радыё, тэлебачанне) па пэўных зададзеных параметрах. Галоўнымі пытаннямі былі:
— Ці існуюць уяўныя адрозненні паміж прысутнасцю ў СМІ жанчын аўтарак і аўтараў-мужчын?
— Ці існуюць пэўныя функцыі, якія можна аднесці выключна да полу рэцэнзента?
— Якія жанры дамінуюць, у якой ступені і хто іх праглядае?
— Ці існуюць адметнасці ў залежнасці ад гендэрнага размеркавання (рэцэнзентаў і аўтараў)?
Рэзюмэ
Аналіз быў і статыстычны, і сацыяльны. Сродкі масавай інфармацыі выбіраліся, каб найбольш рэпрэзентатыўна адлюстраваць нямецкую журналістыку. Аналіз паказаў, што жанчыны значна меней бачныя ў сродках масавай інфармацыі і на літаратурнай сцэне — у адрозненне ад мужчын. Асноўныя вынікі такія…
Двое мужчын прыходзяцца на адну жанчыну.
Ва ўсіх СМІ, за выключэннем жаночых часопісаў, аўтары-мужчыны прысутнічаюць часцей і прадстаўлены больш разгорнута: дзве траціны рэцэнзуемых кніг напісаны мужчынамі; суадносіны «2 да 1» распаўсюджваюцца на ўсе тыпы сродкаў масавай інфармацыі.
Мужчыны больш пішуць пра мужчын. А жанчыны? Яны таксама.
Крытычныя матэрыялы ствараюць мужчыны і жанчыны ў прапорцыях 4 да 3. Акрамя таго, мужчыны пераважна пішуць пра творы мужчын: тры чвэрці ўсіх кніг, якія разглядаюцца мужчынамі, напісаны аўтарамі-мужчынамі. З іншага боку, жанчыны звычайна разглядаюць творы і мужчын, і жанчын аднолькава.
Непрыдуманая і крымінальная літаратура: 5 рэцэнзій на творы аўтараў-мужчын і 1 на творы жанчын.
Непрапарцыйная ўвага крытыкаў-мужчын да мужчын-аўтараў існуе практычна ў кожным літаратурным жанры: у дыяпазоне дакументальнай літаратуры толькі кожная пятая кніга, якую разглядае мужчына, напісаная жанчынай-аўтаркай. У крымінальнай літаратуры неадпаведнасць найбольш яскравая: не толькі саміх аўтараў-мужчын болей (76%) у параўнанні з жанчынамі, але і 82% мужчын пішуць рэцэнзіі ў гэтым жанры.
Больш месца вылучаецца для мужчын, якія пішуць пра мужчын.
Агляды, складзеныя мужчынамі, значна больш падрабязныя, чым такія ж пра жанчын. Акрамя таго, у выданнях больш месца займаюць творы аўтараў-мужчын. У выніку бачнасць аўтараў-мужчын павялічылася. У дыяпазоне крымінальнай літаратуры таксама быў выяўлены адпаведны дысбаланс.
Мужчыны больш бачныя на тэлебачанні. На радыё большую прысутнасць маюць жанчыны.
На тэлебачанні на агляд жаночых твораў было адведзена 580 секунд, мужчынскія ж кнігі аглядаліся 931 секунду. Аднак у дыяпазоне радыёвяшчання, хоць творы жанчын і аналізаваліся радзей, агляды былі больш працяглымі па часе.
Такім чынам, аўтары нямецкага даследавання прыйшлі да высновы: пісьменнікі і крытыкі-мужчыны пераважаюць на сцэне літаратурных аглядаў (дзве траціны ўсіх рэцэнзій асвятляюць творы аўтараў-мужчын). Мужчыны ў асноўным пішуць пра мужчын і займаюць значна большае месца для аглядаў іх твораў і творчасці. Толькі жанр дзіцячай і моладзевай літаратуры выглядае збалансаваным. А ў такіх жанрах, як непрыдуманая літаратура і крымінальная, якія лічацца больш інтэлектуальнымі альбо «мужчынскімі», дамінуюць выключна мужчыны.
Вынікі пілотнага даследавання складуць аснову для больш глыбокага гендэрнага аналізу літаратурнага ландшафту. Атрыманыя дадзеныя будуць правераныя ў межах новага апытання на працягу больш працяглага перыяду.
Згаданае і будучыя даследаванні будуць прадстаўлены на www.frauenzählen.de і на англійскай мове на www.counting-women.com.