Не толькі «жалезная заслона», але і супрацьтанкавы роў. Як цывілізаваны свет адгароджваецца ад Беларусі
«Хочаш міру — рыхтуйся да вайны». Сёння гэтая старажытная прымаўка актуальная як ніколі, прычым яе згадваюць па абодва бакі цывілізацыйнага супрацьстаяння. Вось і нашы заходнія суседзі пачынаюць рыхтавацца — каб якім-небудзь дыктатарам не стукнула ў галаву напасці.
Ваенныя эксперты NATO ўпэўненыя, што калі Расія пераможа Украіну, то наступнай мэтай Пуціна стане Балтыя
Прамое ваеннае сутыкненне Расіі і Паўночнаатлантычнага альянсу на цяперашні час малаверагодна, аднак на ўсходніх межах NATO з Расіяй і Беларуссю неабходна ўзвесці ўмацаванні і ўсталяваць мінныя палі, каб цалкам выключыць магчымасць патэнцыйнай агрэсіі з боку гэтых дзяржаў.
Такую думку ў інтэрв'ю літоўскаму філіялу інфармацыйнага агенцтва «Delfi» выказаў былы камандуючы сухапутнымі войскамі і былы намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Вальдэмар Скшыпчак.
Адсутнасць ваеннай пагрозы для NATO з боку Расіі і Беларусі генерал абгрунтоўвае так: «Пакуль у Лукашэнкі няма войскаў, якія маглі б нам пагражаць. У расійцаў у Калінінградзе цяпер таксама няма асаблівай вайсковай прысутнасці: часткі 19-га армейскага корпуса, якія былі раскватараваныя ў раёне Калінінграда, занятыя барацьбой з Украінай».
Высокапастаўлены польскі вайсковец мяркуе, што асноўныя намаганні расійскага войска цяпер нацэленыя на тое, каб любым коштам выйграць вайну, развязаную Крамлём супраць Украіны. І калі Пуцін не стане пераможцам у гэтай вайне, ён не зможа напасці ні на якую іншую краіну.
З 21 па 26 красавіка Літва і Польшча праводзілі вайсковыя вучэнні па абароне Сувалкскага калідора ад магчымага нападу з боку Расіі і Беларусі. У манеўрах былі задзейнічаныя 1,5 тысячы вайскоўцаў, уключаючы мотапяхотную брыгаду «Жамойць», а таксама блізу 200 адзінак вайсковай тэхнікі. Акрамя таго, у вучэннях удзельнічалі салдаты і афіцэры армій ЗША і Партугаліі.
Сувалкскі калідор — невялікі ўчастак сухапутнай мяжы Літвы і Польшчы — да нядаўняга часу лічыўся самым верагодным напрамкам удару расійскай арміі, паколькі яго захоп злучаў падкантрольную Расіі Беларусь з Калінінградскай вобласцю і аддзяляў Літву, Латвію і Эстонію ад іншых членаў Еўрапейскага саюза і NATO. Аднак пасля далучэння да альянсу Фінляндыі і Швецыі стратэгічнае значэнне Сувалкскага калідора знізілася, паколькі цяпер падмога войскам краін Балтыі можа прыйсці з боку Скандынавіі.
А былы намеснік міністра Польшчы дадае: Лукашэнку няма чым правакаваць канфлікт на памежнай тэрыторыі, перавага NATO зруйнавальная, а Украіна стрымлівае расійскае войска. У Крамлі выдатна разумеюць, што калі Лукашэнка ўвяжацца ў ваенную авантуру супраць краін NATO, то Расія яго падтрымаць не зможа, бо ўсе адносна баяздольныя злучэнні расійскага войска задзейнічаныя ў вайне ва Украіне».
Карэспандэнтка «Голасу Амерыкі» папрасіла экспертаў з Польшчы і Літвы падзяліцца сваімі меркаваннямі па гэтай тэме.
«Страта любых тэрыторый нават на невялікі прамежак часу для NATO з'яўляецца непрымальнай»
Ваенны аналітык тэлеканала «Belsat» Зміцер Міцкевіч мяркуе, што ў справе абароны краін Захаду ад расійскай пагрозы важны не столькі вайсковы аспект, колькі палітычны, то-бок дэманстрацыя рашучасці даць адпор магчымай агрэсіі. «Таму што Крэмль разумее толькі такую мову. На Захадзе не ва ўсіх ёсць разуменне, што вайна супраць Крамля ўжо ідзе, проста ў свядомасці Захаду Крэмль ваюе з Украінай, а ў свядомасці Крамля ён ваюе з Захадам на тэрыторыі Украіны», — тлумачыць ён.
І дадае, што Крэмль вядзе сваю вайну з дапамогай цэлага набору сродкаў — як канвенцыйных, гэтак і так званых «гібрыдных» — для таго, каб дэстабілізаваць заходняе грамадзтва і цалкам дэзынтэграваць усе заходнія структуры. Робіцца ўсё гэта, паводле ацэнкі Міцкевіча, для таго, каб нанесці ўдар неканвенцыйнай зброяй, напрыклад, ядзернай, а ў Захаду не хапіла б волі нанесці сіметрычны ўдар у адказ па Маскве.
«Зразумела, што расійскія ўлады здзяйсняюць пэўныя пралікі, і іх тактыка "не выгарыць", але гэта ўжо іншая тэма. А Захаду трэба дэманстраваць, што ў яго ёсць воля да нарошчвання свайго патэнцыялу для таго, каб у выпадку канвенцыйнага сутыкнення супрацьстаяць расійскім сілам», — мяркуе суразмоўца «Голасу Амерыкі».
Што тычыцца Сувалкскага калідора, то па гэтым пытанні Зміцер Міцкевіч згодны з Вальдэмарам Скшыпчакам.
«Дастаткова адкрыць мапу, каб убачыць, што ў Крамля тут не так шмат месца для манеўру. Але, з іншага боку, калі мы возьмем стратэгію, якую Крэмль ужывае ва Украіне, калі падкантрольныя яму тэрыторыі ператвараюцца фактычна ў выпаленую зямлю з усімі вынікаючымі наступствамі, то варта разумець, што страта любых тэрыторый нават на невялікі прамежак часу для NATO з'яўляецца непрымальнай. А асабліва гэта сур'ёзная пагроза для краін Балтыі, таму што іх войска ў кароткатэрміновай перспектыве не ў сілах адбіць якую-небудзь больш-менш маштабную атаку», — рэзюмуе ваенны аналітык тэлеканала «Belsat».
«Калі нашы краіны будуць моцнымі і гатовымі маральна адбіць непрыяцеля, то ніякай вайны і не будзе»
Былы кіраўнік літоўскіх сіл спецыяльных аперацый, палкоўнік запасу Саўлюс Гузявічус (Saulius Guzevičius) мяркуе, што, калі ў Расіі з'явіцца магчымасць атакаваць суседнія з ёй краіны NATO, яна цалкам можа гэта зрабіць. «Калі Расія праводзіць вайсковыя вучэнні, яна перыядычна падцягвае свае войскі да межаў з краінамі NATO, і, як мы памятаем, поўнамаштабны напад на Украіну таксама адбыўся падчас вучэнняў», — падкрэсліў ён у размове з карэспандэнткай «Голасу Амерыкі».
Вучэнні краін альянсу ў раёне Сувалкскага калідора спадар Гузявічус расцэньвае як дэманстрацыю гатоўнасці саюзнікаў па NATO адбіць ваенную пагрозу і гібрыдныя атакі з усходу.
«Цяпер, калі ў NATO ўступілі Швецыя і Фінляндыя, у нас — у Літвы, Латвіі і Эстоніі — з'явіліся вялікія марскія вароты проста ў NATO. Але кожныя вароты павінны ахоўвацца. А новы міністр абароны Літвы кажа яшчэ і пра неабходнасць сур'ёзнага ўмацавання СПА, і мы рухаемся ў гэтым кірунку», — дадае літоўскі эксперт.
Закрануўшы тэму ўмацавання фартыфікацыйных збудаванняў на межах з Расіяй і Беларуссю, пра што гаварыў генерал Скшыпчак, Саўлюс Гузявічус згадаў, што некаторыя спецыялісты адклікаюцца пра гэтую ініцыятыву скептычна, паказваючы, што за гэтымі працамі будзе назіраць патэнцыйны праціўнік.
«Але калі ў студзені 1991 года мы абаранялі наш парламент, то мы завалілі вуліцы каменнымі грудамі і вырылі супрацьтанкавы роў. І нам абсалютна было ўсё роўна, што вораг бачыць тое, што ён не праедзе па рове і па барыкадах. А ў палях мы ўсталявалі дошчачкі з надпісамі "Міны". Вядома, у нас не было мін, але гэта была псіхалагічная аперацыя, паколькі вораг не ведаў, маем мы міны ці не», — згадвае былы кіраўнік літоўскіх сіл спецыяльных аперацый.
І працягвае: «Я абсалютна згодны з польскім генералам, што нам патрэбныя гэтыя фартыфікацыі, каб стрымаць непрыяцеля. Вядома, нейкія дарогі застануцца адкрытымі, але яны будуць вельмі добра бачныя для нашых артылерыстаў, і яны змогуць сканцэнтраваць свой агонь па верагодных шляхах перамяшчэння праціўніка. Таму што, калі мы пабудуем неабходныя фартыфікацыі, гэта вельмі абмяжуе яго манеўранасць, і ён будзе вымушаны засяродзіць свае войскі ў пэўных месцах, а туды будзе накіраваны наш абаронны агонь. Калі нашы краіны будуць моцнымі і гатовымі маральна адбіць непрыяцеля, то ніякай вайны і не будзе. І тут трэба згадаць рымскую прымаўку: "Si vis pacem, para bellum" ("Хочаш міру — рыхтуйся да вайны"). Перафразуючы гэтае выказванне: "Калі ты будзеш моцным, ніхто не захоча з табой ваяваць"», — падсумоўвае Саўлюс Гузявічус.