Не наеўся ўлады. Кадыраў абверг свой намер сыходзіць у адстаўку
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, які нядаўна намякнуў на адстаўку, заявіў, што на гэты момант сыходзіць з пасады кіраўніка рэспублікі не збіраецца. Пра гэта ён напісаў у сваім тэлеграм-канале.
«У той дзень натрапіў на публікацыю, у якой гаварылася, што я займаю сваю пасаду 15 гадоў і з'яўляюся "доўгажыхаром" сярод кіраўнікоў рэгіёнаў. Я падумаў, што гэта шмат, і вырашыў даведацца ваша меркаванне. Пазней высветліў, што не такі я і "доўгажыхар": ранейшы рэкорд, як высвятляецца, складае 27 гадоў. Таму скажу больш: цяпер я вырашыў пабіць гэты рэкорд. Паглядзім, можа, я перасягну гэты паказчык», — напісаў Кадыраў.
3 верасня Рамзан Кадыраў апублікаваў відэазварот пра тое,
што ён «заседзеўся» на пасадзе кіраўніка Чачні і заслужыў «бестэрміновы і доўгі
адпачынак». «Я думаю, што мой час таксама прыйшоў — пакуль мяне не выгналі»,
— дадаў Кадыраў.
Рамзан Кадыраў узначальвае Чачню з 2007 года, што з'яўляецца рэкордам для дзеючых кіраўнікоў рэгіёнаў Расіі. Ён неаднаразова разважаў аб магчымай адстаўцы, і казаў, што пагодзіцца на любое рашэнне кіраўніцтва РФ па сваёй пасадзе.
Адзначым, Лукашэнка таксама часта кажа, што не трымаецца за ўладу, якой даўно «наеўся». На справе гэта не перашкаджае яму кіраваць ужо 28 гадоў і нікуды са сваёй пасады не збірацца.