На вуліцах Каракаса працягваюцца масавыя дэманстрацыі

За апошні месяц колькасць ахвяр масавых сутыкненняў у краіне дасягнула 24 чалавек.

Фота: Newsweek

Фота: Newsweek


Некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў Венесуэлы прымаюць удзел у акцыях пратэсту ў сталіцы краіны Каракасе і яшчэ ў 20 гарадах краіны. У сталіцы Венесуэлы пратэстоўцы спалілі некалькі грузавікоў і ўзвялі барыкады на вуліцах горада.
Пра гэта паведамляюць сусветныя СМІ са спасылкай на Ruptly.
Дэманстранты патрабуюць правядзення датэрміновых выбараў і вызвалення з турмы лідараў апазіцыі. Такіх буйных акцый пратэсту ў краіне не было ўжо тры гады. Актывісты ўжо называюць іх "маці ўсіх пратэстаў" і "другім днём незалежнасці".
Апазіцыя лічыць, што палітыка прэзідэнта Нікаласа Мадура прывяла да наймоцнейшага эканамічнага крызісу і падаўлення дэмакратычных свабодаў. Прэзідэнт кажа, што яго апаненты спрабуюць зладзіць дзяржаўны пераварот з дапамогай ЗША і СМІ.
Дэпутаты ад апазіцыі цяпер дамінуюць у Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы. На фоне барацьбы Мадура і дэпутатаў за ўладу Вярхоўны суд разглядае магчымасць забраць заканадаўчыя паўнамоцтвы ў парламента.Вярхоўны суд нядаўна забараніў аднаму з вядучых апазіцыянераў Энрыке Капрылесу займацца палітычнай дзейнасцю на 15 гадоў за "адміністрацыйныя парушэнні", якія палітык, на думку суда, здзейсніў на пасадзе губернатара штата Міранда.

Фота з сайта newsbel.by
Палітычны крызіс суправаджаецца складанай эканамічнай сітуацыяй. У Венесуэле назіраюцца перабоі з пастаўкамі энергіі, дэфіцыт тавараў першай неабходнасці і гіперінфляцыя, якая, па прагнозах МВФ, у 2018 годзе можа скласці 1660%.
Паводле bbc.com