На Кубе арыштавалі 17 падазраваных, што вербавалі на вайну ва Украіне

Праваахоўныя органы Кубы абвясцілі пра арышт 17 чалавек па падазрэнні ў дачыненні да вярбоўкі кубінскіх грамадзян для ўдзелу ў вайне ва Украіне на баку Расіі.

Фота: flagman-travel

Фота: flagman-travel

Сярод арыштаваных, заявіў у тэлеэфіры прадстаўнік МУС Кубы Сезар Радрыгес, меркаваны арганізатар злачыннай сеткі, паведамляе «Reuters».

Падрабязнасцей расследавання і імёнаў затрыманых Радрыгес не раскрываў — толькі заявіў, што, паводле звестак МУС, кіраўнік злачыннай сеткі дзейнічаў пры непасрэднай падтрымцы двух мясцовых жыхароў.

Пракурор Хасэ Луіс Рэес, у сваю чаргу, заявіў, што фігурантам справы аб вярбоўцы кубінскіх грамадзян для ўдзелу ў вайне пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 30 гадоў, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне — у залежнасці ад цяжару злачынства. Арыштаваным ставяць у віну гандаль людзьмі, найміцтва і варожыя дзеянні супраць замежнай дзяржавы.

Глядзіце таксама

Нагадаем, МЗС Кубы 5 верасня заявіў пра раскрыццё злачыннай сеткі па гандлі людзьмі, удзельнікі якой вербавалі кубінскіх грамадзян для ўдзелу ў вайне ва Украіне на баку Расіі. Удзельнікі злачыннай сеткі, гаварылася ў заяве, спрабавалі прыцягнуць кубінскіх грамадзян, якія пражываюць у РФ, і «нават некаторых, якія пражываюць на Кубе», у шэрагі расійскіх узброеных сіл, якія ўдзельнічаюць у «ваенных аперацыях» ва Украіне. 

Гэтыя спробы, як паведаміла знешнепалітычнае ведамства Кубы, «былі нейтралізаваны, а адносна асоб, якія маюць дачыненне да гэтай дзейнасці, распачаты крымінальныя справы».

Тады, як адзначаў «НЧ», МЗС Кубы заяўляла: «Ворагі Кубы распаўсюджваюць скажоную інфармацыю, якая нацэлена на тое, каб запляміць імідж краіны і паказаць яе як саўдзельніка гэтых дзеянняў, якія мы рашуча асуджаем». У Міністэрстве падкрэслілі, што Куба «не ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны» і будзе рашуча дзейнічаць супраць тых, хто заўважаны ў любой форме гандлю людзьмі з мэтай наёмніцтва або вярбоўкі для таго, каб грамадзяне Кубы маглі падняць зброю супраць любой краіны.

«Куба мае цвёрдую і выразную гістарычную пазіцыю супраць наёмніцтва і адыгрывае актыўную ролю ў ААН у адмове ад вышэй згаданай практыкі, будучы аўтарам некалькіх ініцыятыў, адобраных на гэтым форуме», — падсумавалі ў Міністэрстве замежных спраў Кубы.

Глядзіце таксама

У пачатку верасня Мінабароны Вялікабрытаніі ў сваім штодзённым аглядзе адзначала, што расійскія ўлады спрабуюць папоўніць шэрагі Узброеных сіл — вярбуюць для ўдзелу ў вайне ва Украіне замежных грамадзян, у першую чаргу з суседніх з Расіяй краін.

У Расіі неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну былі прыняты законы, што спрашчаюць атрыманне грамадзянства замежнікам, якія заключылі кантракт на службу ў войску.