559-ты дзень вайны. У «ЛНР» узарвалі генерала, Куба абурылася вярбоўкай яе грамадзян Расіяй
У так званай «ЛНР» узарвалі кіраўніка мясцовай мытні генерала Юрыя Афанасьеўскага. Паводле звестак крыніц выдання УНІАН, падрыў калабаранта здзейснены сіламі Службы бяспекі Украіны.
«Яго ўзарвалі ва
ўласным доме. Афанасьеўскі атрымаў множныя аскепкавыя раненні галавы, шыі,
жывата і знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Гэты «дзеяч», які з'яўляецца
генерал-маёрам і агентам цэнтральнага апарата ФСБ, вядомы тым, што стаў «фінансістам»
кіраўніка «ЛНР» Леаніда Пасечніка», — адзначае крыніца.
Афанасьеўскі «адмываў» сродкі для фінансавання ўзброеных фарміраванняў, якія ваявалі супраць Украіны. Ён знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, Вялікабрытаніі, Канады, Швейцарыі, Японіі.
Вядома, што расійскія калабаранты ўжо даўно не адчуваюць сябе ў бяспецы нават у тылавых раёнах. Нядаўна ў акупаваным пасёлку Лазурнае на поўдні Херсонскай вобласці адбыўся выбух падчас нарады кіраўніцтва акупацыйнай адміністрацыі. Цяжкае раненне, у прыватнасці, атрымаў прызначаны расійцамі гаўляйтар пасёлка.
У той жа час у акупаваным Энергадары рух супраціву падарваў штаб АМАПа, цяпер удакладняецца колькасць ліквідаваных кадыраўцаў.
За мінулыя суткі,
4 верасня, на фронце адбылося 29 баявых сутыкненняў. Як паведаміў Генеральны штаб УСУ ў
ранішняй зводцы, на ліманскім кірунку акупанты вялі беспаспяховыя наступальныя
дзеянні, а на мар'інскім сілы абароны Украіны стрымліваюць ворага ў раёне
Мар'інкі.
У той жа час на бахмуцкім кірунку УСУ працягваюць весці наступальныя дзеянні на поўдзень ад горада Бахмут, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
Расійцы абстрэльвалі населеныя пункты ўздоўж усёй лініі фронту. На купянскім, аўдзееўскім, херсонскім, шахцёрскім, запарожскім, северскім і слабажанскім кірунках акупанты нанеслі авіяцыйныя ўдары, а таксама здзейснілі артылерыйскія і мінамётныя абстрэлы.
На валынскім і палескім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных змен.
У той жа час украінскія войскі працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на мелітопальскім кірунку, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць меры контрбатарэйнай барацьбы.
«У напрамку Рабоціна — Новапракопка мелі поспех, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, наносяць агнявое паражэнне артылерыяй па выяўленых цэлях праціўніка, ажыццяўляюць меры контрбатарэйнай барацьбы. На бахмуцкім кірунку сілы абароны працягваюць весці наступальныя дзеянні на поўдзень ад горада Бахмут. Вораг нясе значныя страты ў тэхніцы, ажыццяўляе перамяшчэнне падраздзяленняў і войскаў, ужывае рэзервы», — дадалі ў Генштабе.
Байцы Узброеных сіл Украіны пасля прарыву першай лініі абароны расійскіх акупантаў у Запарожскай вобласці пашыраюць пралом, які ўтварыўся там. Зараз сілы абароны перакідваюць больш тэхнікі і асабовага складу ў тактычныя тылы гэтага звяна.
Як паведамілі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW), лёгкая пяхота УСУ прасунулася да пазіцый за супрацьтанкавымі рвамі і супрацьтанкавымі загародамі «Зубы дракона» праціўніка, якія складаюць цяперашні абарончы пласт акупацыйнай арміі перад надыходам украінскіх вайскоўцаў у заходняй частцы Запарожскай вобласці.
На думку экспертаў, украінскія вайскоўцы, верагодна, маюць намер утрымліваць гэтыя пазіцыі. Аднак аналітыкі яшчэ не гатовы пацвердзіць, што УСУ прарвалі гэты абаронны ўзровень, паколькі ў гэтых раёнах пакуль няма цяжкай тэхнікі ўкраінцаў.
Згодна з геалакацыйнымі кадрамі, апублікаванымі 4 верасня, украінскія войскі прасунуліся да пазіцый, размешчаных на мяжы дрэў на ўсход ад расійскіх супрацьтанкавых рвоў і загарод з «Зубоў дракона», якія з'яўляюцца часткай трохузроўневай абароны непасрэдна на захад ад Вербавай (18 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава). У прыватнасці, там відаць, што ўкраінская лёгкая пяхота таксама прасунулася далей да шэрагу падрыхтаваных абарончых пазіцый праціўніка ўздоўж дарогі, якая вядзе на паўночны захад у Вербавае.
Іншыя кадры паказваюць, што сілы абароны прасунуліся да расійскіх пазіцый паміж Рабоціным (10 км на поўдзень ад Арэхава) і Новапракапаўкай (13 км на поўдзень ад Арэхава).
«Украінскія сілы, падобна, дасягаюць поспехаў у непасрэднай блізкасці ад яшчэ не прарванай расійскай абарончай мяжы, якая праходзіць на паўночны захад ад Вербавага і на поўнач ад Салодкай Балкі (20 км на поўдзень ад Арэхава), з вядзеннем нападаў пяхоты і цяжкім артылерыйскім агнём па расійскіх пазіцыях углыб і на поўдзень ад гэтага пласта», — дадалі эксперты ISW.
У Інстытуце вывучэння вайны дадалі, што разгортванне цяжкай тэхнікі УСУ і павелічынне сіл можа ўказваць як на прарыў, так і на спробу пашырыць гэты прарыў.
Другая лінія
абароны расійскіх войскаў, нягледзячы на меркаванне некаторых грамадзян,
з'яўляецца дастаткова магутнай. Акрамя таго, яна можа ўтрымліваць лабірынты.
Пра гэта паведаміў спікер Аб’яднанага прэс-цэнтра Сіл абароны таўрычнага кірунку Аляксандр Штупун у эфіры інфармацыйнага тэлемарафону. «Не ведаю, чаму ўсе думаюць, што яна трошкі слабейшая. Так, шчыльнасць мінных палёў там меншая, але іх колькасць таксама досыць вялікая. Адзінае, што можа нам згуляць на руку, гэта тое, што траншэі, акопы і перакрыцці не такія трывалыя», — дадаў ён.
На пытанне, ці сапраўды там ёсць тунэлі і «падземныя гарады», як кажуць некаторыя ваенныя эксперты, ён сказаў, што не мае такой інфармацыі. «У расійцаў было больш за год часу, каб акапацца, таму я думаю, што лабірынты там існуюць», — адзначыў вайсковец.
У Кубе раскрылі
сетку гандлю людзьмі, удзельнікі якой прымушалі грамадзян краіны ваяваць ва
Украіне на баку РФ.
«Міністэрства ўнутраных спраў выявіла і вядзе працу па нейтралізацыі і ліквідацыі сеткі гандлю людзьмі, якая дзейнічае з Расіі з мэтай прыцягнення кубінскіх грамадзян, якія там пражываюць, і нават некаторых, якія пражываюць на Кубе, у шэрагі Узброеных сіл, шт ўдзельнічаюць у ваенных аперацыях ва Украіне», — паведаміла МЗС Кубы.
Адзначаецца, што спробы злачынцаў былі нейтралізаваны. Праваахоўнікі распачалі крымінальныя справы ў дачыненні да датычных да гэтай дзейнасці. Паводле даных МЗС, «ворагі Кубы распаўсюджваюць скажоную інфармацыю, якая нацэлена на тое, каб запляміць імідж краіны і паказаць яе як саўдзельніка гэтых дзеянняў, якія мы рашуча асуджаем». У Міністэрстве падкрэслілі, што Куба «не ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны» і будзе рашуча дзейнічаць супраць тых, хто задзейнічаны ў любой форме гандлю людзьмі з мэтай наёмніцтва або вярбоўкі для таго, каб грамадзяне Кубы маглі падняць зброю супраць любой краіны.
«Куба мае цвёрдую і выразную гістарычную пазіцыю
супраць наёмніцтва і адыгрывае актыўную ролю ў ААН у адмове ад
вышэйзгаданай практыкі, будучы аўтарам некалькіх ініцыятыў, адобраных на гэтым
форуме», — падсумавалі ў Міністэрстве замежных спраў Кубы.