Літва: Беларускія спецслужбы плануюць выкраданні літоўскіх грамадзян

Літоўскія службы бяспекі б'юць трывогу і заклікаюць сваіх грамадзян не ездзіць у Беларусь, бо гэта небяспечна для іх жыцця і свабоды. 

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі

«Беларускі рэжым поўны рашучасці выкрадаць грамадзян Літвы», — заявіў дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Дарыюс Яўнішкіс, піша літоўскі партал інтэрвʼю 15min.lt. Людзей спыняюць на беларуска-літоўскай мяжы, адбіраюць тэлефоны і кампʼютары, спампоўваюць інфармацыю, распытваюць пра месца працы, настрой, палітычныя падзеі.

«Закідваюць сеткі, як рыбакі, а потым усё разбіраюць», — гаворыць дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы.

З 1 сакавіка Літва закрыла памежныя пункты пропуску «Прывалка» («Райгардас») і «Катлоўка» («Лаворышкес»). У першым паўгоддзі гэтага года мяжу з Літвы ў Беларусь перасеклі 661 тысяча чалавек — на траціну менш, чым летась. На думку Яўнішкіса, «пэўны эфект ад абмежаванняў ёсць, але не так, як хацелася б».

«Мы бачым беларусаў, якія тут працуюць, але вяртаюцца на радзіму. Там яны сутыкаюцца з беларускім КДБ, дзе іх дапытваюць і вярбуюць, у нас ёсць факты. Людзі, якія прыехалі сюды, маюць у Беларусі сваякоў і родных, якія могуць быць напалоханыя рэжымам, і некаторыя з іх пагаджаюцца на супрацоўніцтва. Такім чынам яны ствараюць інтэлектуальныя магчымасці. Мы бачым тут шмат пагроз, але часам атрымліваем крытыку ад палітыкаў, што мы пераацэньваем сітуацыю. Але мы проста хочам абараніць нашу краіну ад рэальных пагроз. Мы памежная дзяржава ў кантэксце вайны Расіі ва Украіне. З-за гэтага мы надзвычай цікавыя расійскім і беларускім спецслужбам — ім важныя настроі людзей, якія палітычныя працэсы, якая прыйдзе ўлада», — заяўляе дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы.


Глядзіце таксама

Ён таксама гаворыць пра тое, што спецслужбы Беларусі і Расіі таксама выкарыстоўваюць праявы «літвінізму» для падтрымання напружанасці паміж беларускай дыяспарай і насельніцтвам Літвы.

– Гэта інструмент беларускага КДБ, каб нагнятаць напружанне паміж літоўскай і беларускай супольнасцямі, нагнятаць канфлікт. Зразумела, гэта не значыць, што ніхто ў беларускай дыяспары ў гэта не верыць, — заяўляе Дарыюс Яўнішкіс. — Трэба шукаць шляхі абароны ад выведкі і контрвыведкі. Як кіраўнік Дэпартамента ўнутранай бяспекі я мог бы выступаць за закрыццё межаў, але разумею, што поўнае закрыццё руху цяпер не вельмі магчымае. Мы ў Шэнгенскай зоне. Беларусы могуць міграваць і праз іншыя краіны. Трэба істотна ўзмацніць выведку і контрвыведку, што каштуе як людскіх, так і фінансавых рэсурсаў.

У мінулым месяцы СМІ паведамілі пра тое, што Мінскі гарадскі суд прызнаў грамадзянку Літвы Элену Раманаўскене вінаватай у «шпіянажы» і прысудзіў яе да шасці гадоў пазбаўлення волі, піша «Delfi».

Раманаўскене была затрыманая на тэрыторыі Беларусі, яе крымінальная справа разглядалася на закрытым пасяджэнні. Прысуд можа быць абскарджаны і апратэставаны ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Сцвярджаецца, што жанчына, якая працавала начальніцай службы маркетынгу санаторыя «Беларусь» у Друскінінкаі, была завербаваная Дэпартаментам дзяржбяспекі Літвы больш за 10 гадоў таму.

Нібыта абвінавачаная неаднаразова падавала інфармацыю пра гасцей санаторыя, сярод якіх былі высокапастаўленыя беларускія службовыя асобы.


Глядзіце таксама

На пытанне пра прызнанне ў Беларусі судом грамадзянкі Літвы Алены Раманаўскене вінаватай у «шпіянажы» і прызначэння ёй пакарання ў выглядзе шасці гадоў пазбаўлення волі Дарыюс Яўнішкіс сказаў, што ведае пра гэты выпадак:

«На маю думку, беларускі рэжым пайшоў на выкраданне літоўскіх грамадзян без усялякай падставы. Нам вядома, што яна была асуджаная на шэсць гадоў пазбаўлення волі за "агентурную дзейнасць". На наш погляд, гэта поўная лухта. Гэта вельмі няправільна. Хачу папярэдзіць нашых грамадзян, якія яшчэ маюць жаданне ездзіць у Беларусь па больш танныя тавары ці бензін — гэты выпадак сурʼёзна паказвае, што беларускі рэжым настроены выкрадаць грамадзян Літвы. Мяркуючы па ўсім, таксама будуць пэўныя захады і рэакцыя літоўскіх уладаў. Не мы выкрадаем іх грамадзян, яны выкрадаюць грамадзян, фабрыкуюць доказы, асуджаюць і саджаюць. Гэта вельмі трывожныя тэндэнцыі. Звяртаю ўвагу грамадскасці: падумайце сурʼёзна, едучы туды, бо вы можаце аказацца на месцы гэтай жанчыны».

Раней да дзевяці гадоў пазбаўлення волі за «дзяржаўную здраду» быў прысуджаны былы галоўны ўрач санаторыя «Беларусь» Андрэй Кобель па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з Дэпартаментам дзяржбяспекі Літвы.