Латвія гатовая прыняць да 10 тысяч грамадзян Украіны ў выпадку ваеннага ўварвання Расіі
Як паведамляе «Свабода», улады Латвіі рыхтуюць умовы да магчымага прыняцця ўцекачоў з Украіны.
Пра гэта заявіла міністарка ўнутраных спраў Латвіі Марыя Голубева, піша rus.lsm.lv. Яна падкрэсліла, што цяпер не варта зацыклівацца на колькасці людзей, якую Латвія можа прыняць. Аднак палітык лічыць, што павінна быць зразумела, дзе і як размясціць да 10 тысяч чалавек.
«У Латвіі ёсць план на выпадак, калі ў нашу краіну пойдзе вялікі наплыў уцекачоў. Гэты план існуе некаторы час, але цяпер важна разумець, што ва Украіне ёсць канкрэтныя абставіны. Па-першае, у яе ёсць бязвізавы рэжым з Еўрапейскім саюзам. Па-другое, наш народ справядліва падтрымлівае імкненне Украіны да ўмацавання незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці сваёй краіны. Гэта азначае, што будзе разумець неабходнасць прыняць частку ўкраінскіх уцекачоў, калі, крый Божа, пачнецца вайна».
На думку міністаркі, Латвія павінна быць гатовая, калі ўварванне адбудзецца, куды размясціць і як забяспечыць людзей.
«Трэба ўсё гэта прадбачыць. Таму мы перайшлі ад генеральнага плану да канкрэтнага, распрацаванага на выпадак, калі паток людзей будзе з Украіны. Міністэрства яго падрыхтавала, і мы чакаем заўваг і прапаноў ад іншых міністэрстваў для яго ўдасканалення», — сказала Голубева.
Раней Міністэрства замежных спраў Латвіі заклікала ўсіх жыхароў краіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, бліжэйшым часам пакінуць яе ў сувязі з магчымым абвастрэннем падзей.