Карт-бланш на вайну. Навошта Пуцін намаляваў сабе амаль 90%
У Расіі скончыліся прэзідэнцкія выбары. Сенсацыі не здарылася: дзейны кіраўнік Уладзімір Пуцін атрымаў чарговую «элегантную» перамогу. Некалькі назіранняў наўздагон таму, што некаторыя эксперты называюць «галасаваннем за вайну».
Паўночнакарэйскія лічбы
Наконт празрыстасці выбараў у Расіі даўно ні ў каго няма ілюзій. Гэта такі ж кантраляваны працэс, як і ў іншых дыктатурах. Цэнтрвыбаркам, сілавікі, чыноўнікі на месцах, дэкаратыўныя назіральнікі, прапаганда, кандыдаты-спойлеры — усе працуюць на трыумф аўтакрата, які кіруе цягам дзесяцігоддзяў і нікуды сыходзіць не збіраецца.
Сфальсіфікаваць вынікі ў такіх умовах няцяжка, што і робіцца. Можна намаляваць любыя лічбы, тэхналогія адпрацаваная, і ісці на інаўгурацыю з самаадчуваннем народнага ўлюбёнца.
Гэтым разам Пуціну намалявалі амаль 90% — а дакладна 87,28%. Такія паўночнакарэйскія лічбы назваў ЦВК, пасля чаго ў Крэмль пайшлі віншавальныя тэлефанаванні з такіх жа электаральных султанатаў кшталту Узбекістана, Венесуэлы ці Нікарагуа. Уласна, патэлефанавалі і з КНДР. Зразумела, што не абышлося без Лукашэнкі, які таксама павіншаваў свайго хаўрусніка.
Дык вось гэтая афіцыйная статыстыка якраз і здзівіла. Чакалі ўсё ж меней — недзе ў раёне 80%, бо ёсць жа пэўныя правілы і межы разумнага. Не. Выявілася, што межаў няма. Пуцінскі рэжым канчаткова перастаў саромецца — намаляваў сабе і рэкордную яўку, і рэкордны ўзровень падтрымкі. Сапраўды, навошта бянтэжыцца, калі ты і так вядзеш вайну с сотнямі тысяч загінулых, нядаўна зжыў са свету свайго галоўнага ўнутрыпалітычнага апанента, абкладзены санкцыямі і стаў нерукапаціскальным у дэмакратычнай частцы свету?
Крэмль, лічы, дэманстратыўна — і са сваім фірмовым цынізмам — агучыў гэтыя лічбы, нібыта падкрэсліўшы: можам сабе дазволіць, у наступны раз будзе 97%. У дэмакратыю ўжо нават перасталі гуляцца.
Пуцін не паўтарыў памылку Лукашэнкі
Тут усё чакана: няма дурных у Крамлі, каб ствараць сваю Ціханоўскую. І хаця расійскае грамадства не так прагне дэмакратыі, як беларускае, пэўны запыт на перамены існуе. Незалежныя сацыёлагі лічаць, што па-антыпуцінску ў РФ настроеныя каля 25% выбарцаў, прычым ва ўмовах вайны гэты сегмент паволі пашыраецца.
Гэта, вядома, не значыць, што астатнія 75% — выключныя прыхільнікі існага рэжыму. Не, ёсць там і свой ядзерны электарат, і сваё абыякавае «балота». Але агулам Пуцін мае больш за 50% падтрымкі, і з гэтым фактам ніхто асабліва не спрачаецца.
І ўсё ж дадатковых рызык расійскія ўлады вырашылі не ствараць. І дапусцілі да выбараў толькі цалкам кантраляваных спарынг-партнёраў — дэпутатаў Дзярждумы ад розных лаяльных партый Харытонава, Даванкова і Слуцкага. Усё свае людзі, ніхто не аспрэчвае свой відавочны статус аўтсайдара, кожны гатовы выканаць ролю спойлера.
Па ўласнай ініцыятыве паспрабавала высунуць сваю кандыдатуру журналістка з невялікім палітычным досведам Кацярына Дунцова — яе ініцыятыўную групу нават не зарэгістравалі. Яўна пасля ўзгаднення ў Крамлі пайшоў балатавацца «сістэмны ліберал» Барыс Надзеждзін, але паглядзелі з Крамля, якія чэргі збіраюцца на пунктах збору подпісаў за «антываеннага кандыдата», то і выкраслілі яго са спісаў.
У выніку апазіцыя за мяжой так і вызначылася са стратэгіяй на гэтых выбарах пры такой абмежаванай прасторы для манёўру. Адны казалі галасаваць супраць усіх, другія — за каго заўгодна, толькі не за Пуціна, трэція заклікалі псаваць бюлетэні, чацвёртыя — байкатаваць «бязвыбары». Рэжым быў задаволены.
За мяжой шмат пуціністаў
Лічыцца, і небеспадстаўна, што ў замежных амбасадах сфальсіфікаваць вынікі выбараў цяжэй. Бо бясспрэчным фактам з’яўляецца тое, што за мяжой шмат апанентаў улады, да таго ж эмігранты могуць пры патрэбе і самі свае галасы палічыць на выхадзе з участкаў. І наўпрост выкрыць маніпуляцыі.
Менавіта з гэтай прычыны рэжым Лукашэнкі наогул пазбавіў беларусаў замежжа права голасу. Крэмль так вырашыў не рабіць. Улічваючы адносна невялікую колькасць суайчыннікаў у іншых краінах, Масква наважылася паставіць урны ў амбасадах і нават больш-менш рэлевантна палічыла галасы.
І вось тут выявілася шмат цікавага. Як піша расійскае выданне «Агенцтва», у шэрагу замежных гарадоў Пуцін выбары прайграў. У Варшаве, напрыклад, ён набраў толькі 19,78% галасоў, у Вільні — 29,74%, у Гаазе — 15,22%, у Ерэване — 32,87%, у Падгорцы — 8,41%, у Празе — 15,68%, у Хайфе — 33,94%, у Лондане — 21,05%, у Барселоне — 27,14%, у Любляне — 29,02%, у Хашыміне — 29,12%. У іншым в’етнамскім горадзе, Данангу, дзейны прэзідэнт атрымаў толькі 14,68%, а перамог (як і ў шэрагу іншых гарадоў) Даванкоў з грасмейстарскім паказчыкам 65,55%.
Здавалася б, у гэтым месцы можна парадавацца за «харошых рускіх», якія ж да таго зладзілі эфектную акцыю «Апоўдні супраць Пуціна». Але не ўсё так адназначна. Па-першае, амаль 30% пуціністаў у Вільні — гэта шмат. І гэта паказвае, што прыхільнікаў «рускага свету» (а, значыць, і вайны ва Украіне) процьма нават у дзяржавах з выразна антыімперскай пазіцыяй.
Па-другое, у шэрагу гарадоў Пуцін увогуле перамог. У Марселі ён набраў 51,58% галасоў, у Сафіі — 59,93%, у італьянскай Генуі — 70,86%, а ў Таліне дык увогуле 75,22%. І гэта кажа найперш пра тое, што ў краінах Захаду шмат прыхільнікаў Крамля. Гэтыя людзі жывуць у дэмакратыях, карыстаюцца іх дабротамі, але ўвечары ўсё роўна глядзяць расійскую прапаганду, зычаць паразу Украіне і мараць пра пашырэнне сваёй імперыі.
Суцяшае хіба невялікая колькасць прагаласавалых 17 сакавіка. Паводле звестак расійскага МЗС, усяго за мяжой у выбарах прынялі ўдзел каля 373 тысяч расійцаў.
Нечакана шмат інцыдэнтаў
Яшчэ адной адметнасцю гэтай кампаніі сталі шматлікія інцыдэнты на выбарчых участках. Дзесьці ў урны залівалі зялёнку, дзесьці іх спрабавалі падпаліць. Там-сям нават нешта ўзрывалася і пускалі газ. Былі сотні паведамленняў, у тым ліку на ўчастку ў Брэсце, аб «мініраванні».
Агулам рознага кшталту здарэнняў зафіксавана каля 1,4 тысячы, былі затрыманні, узбуджаная 61 крымінальная справа. У эпічным Белгарадзе галасаванне прыпынялі праз абстрэлы з боку Украіны. Пры гэтым масавых пратэстаў супраць фальсіфікацый не адбылося, што не здзіўляе.
Паводле афіцыйнай версіі Масквы, асобныя выбаршчыкі рабілі шкоду па заданні «ўкраінскіх куратараў». Тыя, маўляў, дзейнічалі па метадычках кол-цэнтраў, толькі гэтым разам не грошы выманьвалі рознымі махлярскімі спосабамі, а натхнялі электарат на пратэсныя ўчынкі падчас галасавання. За гэта абяцалі ці спісаць крэдыт, ці нейкія іншыя бонусы.
Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, сказаць цяжка. Але адпавядаць можа, бо метады тэлефоннага замбавання ў апошнія гады сягнулі наперад. Цікава, што ў Беларусі падчас лютаўскіх «бязвыбараў» у «палатку» і мясцовыя саветы такіх выпадкаў не было. Але іх нельга выключаць на «перапрызначэнні» Лукашэнкі ў 2025-м. Цікава, як рэжым будзе перастрахоўвацца ў гэтым аспекце?
Вайна будзе працягвацца
Некаторыя эксперты мяркуюць, што Пуціну вельмі важна было «перамагчы» з унушальнымі лічбамі менавіта на фоне вайны супраць Украіны. Сацыялогія паказвае, што расійцы ад сваёй СВА стамляюцца, яны ўсё больш выказваюцца за сканчэнне баявых дзеянняў, за перамовы ці нешта іншае, што спыніць гэтае вар’яцтва.
Але Пуцін спыняцца не хоча, Украіна — гэта яго «пункцік», «гістарычная місія», і аглядацца на чаканні «прыгоннага» насельніцтва ён тут не хоча і не будзе. Наадварот, суне незадаволеным у нос свае 90%, маўляў, бачыце, мяне народ падтрымлівае. А значыць — падтрымлівае і вайну.
Гэта таксама можа ўразіць і Захад. Мяркучы па першых рэакцыях таго ж Еўрасаюза, міжнародны кансэнсус наконт масавай падтрымкі Пуціна з боку электарату застаўся непарушным. Адпаведна пры ўсіх відавочных фальсіфікацыях легітымнасць цяперашняга гаспадара Крамля таксама паспяхова працягнутая.
Ну і вайна, вядома, будзе працягвацца. Ці не галоўны вынік гэтай электаральнай спецаперацыі ў РФ палягае ў гэтым — у атрыманні Пуціным мандата на далейшае знішчэнне Украіны. Застаецца спадзявацца, што на Захадзе гэты сігнал зразумеюць і адновяць падтрымку Кіева ў ранейшых аб’ёмах.
На выбарчых участках сённяшні расійскі рэжым перамагчы нельга, гэта можна зрабіць толькі на полі бою.