Камісія ААН: сірыйскія войскі пакінулі без вады 5,5 мільёна чалавек
Эксперты па правах чалавека ААН заяўляюць, што ў снежні 2016 года сірыйская ўрадавая авіяцыя разбамбіла крыніцы водазабеспячэння Дамаска і пакінула без вады каля 5,5 мільёна чалавек.
Згодна з дакладам камісіі ААН, якая займалася расследаваннем, ёсць
сведчанні таго, што воданапорная станцыя была пашкоджана ў выніку як мінімум
двух авіяўдараў.
У камісіі падкрэсліваюць, што гэтая атака прыраўноўваецца да вайсковага злачынства, бо гаворка ідзе пра аб'ект грамадзянскай інфраструктуры.
У дакладзе таксама гаворыцца, што сірыйская авіяцыя разбамбіла школьны комплекс у правінцыі Ідліб у кастрычніку. Дамаск абвяргае гэтыя абвінавачванні.
Раней сірыйскія ўлады сцвярджалі, што крыніцы вады у Айн аль-Фіджы былі разбомбленыя сіламі паўстанцаў падчас бітвы ў даліне ракі Вадзі-Барада.
Камісія ААН у сваім дакладзе ўскладае на апазіцыйныя сірыйскія групоўкі адказнасць за хаатычныя атакі і вядзенне бязладнага артылерыйскага агню, што прывяло да гібелі дзясяткаў мірных жыхароў.
Даклад быў апублікаваны ў шостую гадавіну пачатку ўзброенага канфлікту ў Сірыі. Па дадзеных актывістаў, падчас сірыйскай вайны былі забітыя больш за 320 тысяч чалавек.
Напярэдадні дзіцячы фонд арганізацыі ЮНІСЕФ паведаміў, што за мінулы год у Сірыі загінулі больш за 650 дзяцей, колькасць ахвяр-дзяцей стала рэкорднай з пачатку канфлікту.