Яшчэ чумы не хапала!

Уся жоўтая прэса свету абмяркоўвае навіну пра ўспышку чумы на поўначы Кітая і выдае самыя неверагодныя прагнозы. Ці варта ім верыць?

Фота www.baltnews.ee

Фота www.baltnews.ee

Хто не памятае сцэну з «Дванаццаці крэслаў», дзе Астап Бендэр спрабуе ўцерціся ў давер да Элачкі-людажэркі ды расхвальвае яе выбар футраў. «Вам далі значна лепшае футра. Гэта шанхайскія барсы. Ну так! Барсы! Я пазнаю іх па адценні. Бачыце, як футра грае на сонцы! Ізумруд!» — казаў вялікі камбінатар.

Як не дзіўна, тут ён не хлусіў. На самай справе «шанхайскія барсы» сапраўды існавалі. Гэта былі скуры суркоў з Манчжурыі, якія прайдзісветы з Кітаю фарбавалі і прадавалі модніцам па ўсім свеце як футра барса.

Усё б добра, але манчжурскі або мангольскі сурок, ці, як яго яшчэ называюць, тарбаган, — не толькі ўладальнік прыгожага футра, але таксама з’яўляецца і пераносчыкам узбуджальніка чумы. Гэта значыць, чума, якая выклікаецца чумной палачкай, была першапачаткова інфекцыйнай хваробай жывёл. Навукоўцы лічаць, што прыкладна 20 тысяч гадоў таму пры цесным кантакце жывёл з чалавекам чума з хваробы жывёл стала смяротна небяспечным захворваннем людзей.

А пачынаючы з XIV стагоддзя слова «чума» выклікае ў чалавецтва жах. Тады характэрная для Забайкалля і Манголіі хвароба стала прычынай страшэннай пандэміі, якая ахапіла амаль усю Еўразію. Падхопленая ад суркоў чума, якая перадавалася паветрана-кропельным шляхам як звычайная прастуда, забіла, паводле розных ацэнак, ад траціны да паловы насельніцтва еўрапейскага кантыненту!

Не дзіўна, што, хаця сёння выпадкі чумы досыць рэдкія, перыядычныя ўспышкі хваробы прыцягваюць вялікую ўвагу. І ўжо, вядома, не магла абысці ўвагай прэса такую навіну цяпер, у разгар каронавіруса.

На гэты раз чуму зафіксавалі на поўначы кітайскай аўтаномнай вобласці Унутраная Манголія ў сярэдзіне ліпеня. Інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа» паведаміла пра два падазрэнні на захворванне бубоннай чумой. Яе ахвярамі сталі два браты, якія ўжывалі ў ежу мяса сурка. Пазней некаторыя выданні напісалі пра смерць аднаго з братоў.

Таксама цытуецца паведамленне мясцовага ўпраўлення аховы здароўя пра наяўнасць рызыкі распаўсюджвання эпідэміі. Таму грамадскасць просяць павысіць пільнасць што да эпідэміялагічнай самаабароны і звяртацца да медыкаў у выпадку пагаршэння здароўя. Асобным пунктам улады просяць людзей інфармаваць пра любога хворага або мёртвага сурка. А тым больш не паляваць на іх і не есці, паколькі патэнцыйна тыя могуць несці чуму. Праходзіла інфармацыя, што Расія ўзмацніла кантроль, каб спыніць людзей, што выйшлі на паляванне на суркоў са свайго боку мяжы.

Між тым бульварныя выданні адразу ж паднялі енк адчаю, сцвярджаючы, што чума можа заразіць увесь Кітай. Праўда, па ходзе раскрыцця тэмы ім давялося прызнаць, што чума — хвароба амаль экзатычная (з 2010 па 2015 год у свеце было зарэгістравана 3248 выпадкаў, у тым ліку 584 выпадкі смерці). У цяперашні час чумой хварэюць асноўным у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Мадагаскары і Перу. Акрамя таго, часы, калі наяўнасць у чалавека чумной палачкі была смяротным прысудам, даўно прайшлі. Пры своечасовай дыягностыцы і лячэнні захворвання рызыка памерці ад чумы складае каля 10%.

Затое навіны з Кітая паднялі цікавасць да розных малавядомых аспектаў мінулых эпідэмій чумы. Іх вывучэнне дазваляе зрабіць цікавыя высновы. Напрыклад, з’явілася тэорыя пра тое, што прычынай эпідэміі ў Візантыі ў VI стагоддзі магла быць змена клімату. Мяркуючы па аналізах кольцаў дрэў і характару геалагічных адкладаў, у гэты час адбылося кароткатэрміновае глабальнае пахаладанне праз вывяржэнне вулканаў. Дрэнны ўраджай на лугах, нібыта, прымусіў грызуноў — пераносчыкаў чумы бегчы ў густанаселеныя раёны ў пошуках ежы.

Выданне Politico, вывучаючы наступствы «чорнай смерці» для Еўропы, адзначае яе эфект для гарадоў. Гарадское насельніцтва тады скарацілася на 60 працэнтаў — галоўным чынам з-за міграцыі ў вёску, дзе шанцаў заразіцца было значна менш. Экскурс у мінулае дазволіў зрабіць выданню выснову, што падобны фокус можа паўтарыцца па слядах другой хвалі каронавіруса, якая цяпер чакаецца. У тым ліку з-за распаўсюджвання практыкі аддаленай працы і крызісу сектару абслугоўвання.

А ў Брытаніі прэса заклікала вывучаць вопыт жыцця ва ўмовах чумной эпідэміі. Яны звяртаюць увагу, што нават падчас кульмінацыі хваробы інстытуты працавалі. Больш за тое, нягледзячы на чуму, у той час актыўна працаваў бізнес. Часы «чорнай смерці», на думку некаторых аўтараў, з’яўляюцца доказам таго, што цывілізацыя можа існаваць нават на фоне смяротных хваробаў.

Вось такія незвычайныя тэорыі. Што тычыцца пагрозы эпідэміі чумы, то, думаецца, уся істэрыка скончыцца, як толькі жоўтая прэса знойдзе новую сенсацыю. Тым больш, у наш час іх асабліва шукаць не трэба. Напрыклад, з Амерыкі, пішуць, што днямі чыноўнікі аховы здароўя Фларыды абвясцілі пра з’яўленне «амёбы, якая здольная з’есці ў чалавека мозг».