Ісламская дзяржава збіраецца купіць у Пакістана ядзерную зброю

Новыя перамогі ісламістаў на фоне няўдалых спробаў армій Сірыі ды Іраку ўзяць сітуацыю пад кантроль.  



mezzanine_652_article_big.jpg

У Сірыі радыкальныя ісламісты, захапілі горад Арыха — апошні буйны аплот сірыйскай арміі ў паўночна-заходняй правінцыі Ідліб. Горад перайшоў пад кантроль баевікоў з кааліцыі экстрэмісцкіх груповак «Джабгат ан-Нусра». Цяпер адкрыты шлях на бастыён прэзідэнта Сірыі — Лятакію. Джабгат ан-Нусра ў апазіцыі да Башара Асада і фармальна да Ісламскай Дзяржавы. Аднак жаданне ўсталяваць законы шарыяту на падкантрольных тэрыторыях могуць аб’яднаць дзве групоўкі.

Баевікі «Ісламскай дзяржавы» вядуць актыўныя перамовы з рознымі ісламісцкімі арганізацыямі суніцкага кірунку, такімі, як «Бока Харам». Дзякуючы такому аб’яднанню ісламісты становяцца ўсё мацнейшыя, а геаграфія іхнай улады пашыраецца.

Сірыйская армія наносіць авіяўдары па нядаўна захопленай Пальміры. Іракская армія абяцае адбіць ар-Рамадзі. Аднак гэта выглядае пакуль малаверагодным. Ісламісты больш за год рыхтавалі наступ на стратэгічны іракскі горад і рабілі неаднаразовыя спробы захапіць сталіцу правінцыі Анбар. Іракская армія мела магчымасць падрыхтавацца, аднак ар-Рамадзі паў. Стала вядома, што ў адрозненне ад іракцаў, ісламісты моцна ўзмацняюць абарону, каб не згубіць стратэгічны горад.

Чаму іракскае войска прайграе?

belsat.eu__media_uploads_i_d84028898bf0390867d284dbd76afb71.html

У інтэрв’ю для «CNN» міністр абароны ЗША Эштан Картэр пракаментаваў паразу іракскай арміі ў баях за ар-Рамадзі: «Яны не былі ў меншасці. Насамрэч яны нашмат пераўзыходзілі сілы джыхадыстаў. Я думаю, што ў нас будзе праблема са здольнасцю іракцаў абараняць саміх сябе».

Навучаная амерыканскімі адмыслоўцамі іракская армія, узброеная найлепшым узбраеннем, адступае. Чаму? Нізкі баявы дух жаўнераў і рознагалоссі паміж суніцкімі ды шыіцкімі жаўнерамі. На гэтых супярэчнасцях удала гуляюць людзі ў чорным з «Ісламскай дзяржавы».

Для ісламістаў вельмі важныя паказальныя акцыі ды нізкі баявы дух праціўніка, як у выпадку з іракскай арміяй. «The Independent» паведамляе, што баевікі ў сваім часопісе «Dabiq» абяцаюць атрымаць ядзерную зброю на працягу года. Можна толькі ўяўляць, якой пагрозай стане ядзерны дручок у руках вершнікаў апакаліпсісу.

На рахунках баевікоў у банках — мільярды долараў. Пасля захопу тэрарыстамі вайсковых базаў іракскай і сірыйскай арміі разам з самымі новымі танкамі, бронемашынамі ды артылерыйскімі ўстаноўкамі, ісламісты сталі думаць пра біялагічную, хімічную і ядзерную зброю.

Тэрарысты не хаваюць, што стаць ядзернай групоўкай яны збіраюцца з дапамогай карумпаваных чыноўнікаў Пакістану. Мэта ісламістаў — зрабіць штосьці эпічнае. Штосьці, што будзе высмейваць усе ранейшыя тэракты, штосьці, што пачне новы адлік у гісторыі тэрарыстычнай дзейнасці.

Няспынная плынь навабранцаў

belsat.eu__media_uploads_i_f7a2d1d28ff6aa7df1768fe10b856dd9.html

Ісламская дзяржава не мае праблемаў з навабранцамі. Колькасць байцоў халіфату расце разам з новымі перамогамі. ААН у сваёй справаздачы паведамляе, што колькасць людзей, якія далучаюцца да тэрарыстычных груповак, у першую чаргу да «Ісламскай дзяржавы», павялічылася на 70 % усяго за дзевяць месяцаў. Дзеля джыхаду на баку «Аль-Каіды» ды «Ісламскай дзяржавы» людзі едуць з больш як 100 краінаў свету.

Да баевікоў «Ісламскай дзяржавы» у Сірыі ды Іраку далучыліся ўжо каля 600 жанчын з заходніх краінаў. Гэта толькі самыя вядомыя выпадкі. Французская журналістка пад псеўданімам Анна Эрэль правяла сваё расследаванне. Высновы — патрапіць да джыхадыстаў вельмі проста. Баевікі вярбуюць ахвочых наўпрост праз сацыяльныя сеткі.

Вядзецца нябачная нават для заходніх спецслужбаў падрыхтоўка тэрактаў у ЗША, ЕС, іншых заходніх краінах. Добраахвотнікаў, якіх складана пераправіць на тэрыторыі пад кантролем «Ісламскай дзяржавы», баевікі выкарыстоўваюць на месцы. Адказ Захаду — яшчэ больш інструктараў для слабой арміі Іраку ды яшчэ больш неэфектыўных авіяўдараў. Аднак тактыка Захаду патроху змяняецца. Усё часцей амерыканцы задзейнічаюць выпрабаваны ў Лівіі сцэнар. Спецназ пры падтрымцы мясцовай арміі ды авіяўдараў з’яўляецца эфектыўным аргументам падчас самых важных аперацый. Але змяніць ход вайны абмежаваная колькасць элітных жаўнераў на полі бою не ў стане.

Ані Вялікабрытанія, ані ЗША, ані Турцыя не жадаюць пакуль уводзіць сухапутныя войскі дзеля барацьбы з новым глабальным выклікам. Выглядае, што стратэгія саюзнікаў па НАТА — чакаць, пакуль у аднаго з бакоў канфлікту не скончацца сілы для далейшага супраціву, каб у апошні момант спыніць чорную навалу. Калі план такі, тады Злучаныя Штаты сутыкнуцца з іншай праблемай.

Іран усё больш актыўна ўключаецца ў барацьбу супраць ісламістаў і верагодна захоча скарыстаць рана ці позна сваю моцную армію на падтрымку стабільнасці ў рэгіёне. Больш за астатніх не жадае гэтага Саудаўская Аравія, каб іранская армія мела магчымасць атакі на яе межы. ЗША таксама не дапусцяць актыўнага ўдзелу ў вайне Іранскай дзяржавы. Пакуль што непахісная роля лідара на Блізкім Усходзе каштуе для Злучаных Штатаў больш, чым аператыўная магчымасць ліквідацыі сусветнай пагрозы №1.

Гарась Валатовіч, belsat.eu