Гвалт — піяр бедных
Па Расіі прайшла зачыстка анархісцкага руху. Адміністратараў сайтаў, грамадзянскіх актывістаў, аматараў страйкболу і прыхільнікаў здаровага ладу жыцця абвінавачваюць у тэрарызме і экстрэмізме.
Па ўсім бачна, што загад знішчыць радыкальны дэцэнтралізаваны моладзевы рух быў спушчаны з самога верху. За некалькі тыдняў хваля вобшукаў і затрыманняў прайшла ў Пензе, Санкт-Пецербургу, Маскве, а таксама ў акупаваных Расіяй Севастопалі, Еўпаторыі.
Абвінавачванні выглядаюць слабымі і абсурднымі: суполкам анархістаў у 10 чалавек «шыюць» спробу арганізацыі Майдана і ўзброены пераварот. Да звыклага ўжо «экстрэмізму» у спіс абвінавачанняў дадаўся тэрарызм. Калі ж паглядзець на сапраўдную актыўнасць анархісцкага руху ў Расіі, то абсалютную яго большасць складаюць негвалтоўныя дзеянні: ад лекцый і кінапраглядаў да графіці, расклейкі улётак і сацыяльнага валанцёрства. Дык хіба асцярогі расійскіх чэкістаў абсалютна марныя?
Не зусім. Анархізм як ідэалогія не адмаўляе ўжывання гвалту для дасягнення сваіх мэтаў. Доказ гэтаму — анархічныя паўстанцкія групоўкі, што абралі сваім метадам «прапаганду дзеяннем».
Спантанныя акты гвалту анархістаў супраць прадстаўнікоў уладаў адбываліся і раней. «Справа Радыёнава-Кузняцова» — двух анархістаў, якія ў 1990-м парэзалі АМАПаўцаў у цывільным, альбо справа «Раманавай-Непшыкуева»: у снежні 1998-га ў Краснадары затрымалі трох анархістаў, у аднаго з якіх у заплечніку знайшлі дзве гранаты Ф-1 і самаробныя выбуховыя рэчывы. У хуткім часе іх абвінавацілі ў спробе замаху на губернатара Кандраценку (лютага рускага нацыяналіста і антысеміта). Следства і суд ішлі з мноствам парушэнняў, галоўная абвінавачаная — Ларыса Раманава, — атрымала 3 гады калоніі, калі была на 8-м месяцы цяжарнасці. Праз некалькі месяцаў пасля родаў суд змяніў ёй пакаранне на ўмоўнае. Яе падзельніка, адыгейца Непшыкуева, які з'яўляўся і адзіным сведкам у справе, асудзілі на тры гады. Анархісты ў сваёй прэсе і рэзалюцыях называлі яго правакатарам.
Але за ўсю найноўшую гісторыю Расіі ў ей існавала ўсяго дзве анархісцкія арганізацыі, якія адкрыта абвясцілі напады на прадстаўнікоў улады сваім метадам барацьбы. Гэта «Новая рэвалюцыйная альтэрнатыва» (НРА) і «Чорны Блог».
Справа НРА
Новая рэвалюцыйная альтэрнатыва была створаная ў 1996 годзе шэрагам удзельнікаў маскоўскага левага руху. Пад адным арганізацыйным «дахам» знайшлі прытулак і сябры РКСМ(б) (Расійскага камуністычнага саюзу моладзі бальшавікоў), і анарха-эколагі і «звычайныя» анархісты. З 1996 па 1999 год у Маскве адбыліся серыя выбухаў ля ваенкаматаў, офісу афіцыйных прафсаюзаў, а ў падмаскоўным Падольску быў узарваны помнік Мікалаю II. Але сапраўдную вядомасць (і нянавісць спецслужб) НРА прынеслі два выбухі ля адной і той жа прыёмнай ФСБ у Маскве: у жніўні 1998-га і ў красавіку 1999 года. Першы выбух быў вельмі слабы — толькі выбіў шкло фасада. Другі склаў, па ацэнках экспертаў, чатыры кілаграмы ў трацілавым эквіваленце, і зрабіў дзіру ў сцяне будынку.
Аднак ніводнага жыцця ні адзін з гэтых выбухаў не забраў.
За ўсе гэтыя акцыі «Новая рэвалюцыйная альтэрнатыва» ўзяла на сябе адказнасць, і даволі арыгінальным, па сённяшніх мерках, спосабам: адпраўляючы лісты ў прэсу з Казанскага вакзалу. Напад на прыёмную ФСБ рэвалюцыянеры тлумачылі наступным чынам: «Акцыя праведзеная ў знак пратэсту супраць буржуазнага тэрору з боку паліцэйскай сістэмы расійскай дзяржавы ў дачыненні да радыкальных праціўнікаў рэжыму».
З лета 1999 па вясну 2000 ФСБ затрымалі пяць чалавек, з якіх толькі адзін — мужчына, якога потым прызнаюць недзеяздольным і адправяць на прымусовае лячэнне. Надзею Ракс, Ларысу Раманаву, Вольгу Неўскую (яна, дарэчы, знаходзілася ў СІЗА з малалетнім дзіцём), Таццяну Сакалову-Нехарошаву (супрацоўнічала са следствам і атрымала ўмоўны тэрмін) судзіў закрыты суд. Акрамя апошняй ўсе адмовіліся прызнаваць сяброўства ў НРА і ў 2003 годзе атрымалі рэальныя тэрміны: ад 6 да 9 год пазбаўлення волі.
Ларыса Раманава зараз — грамадзянская актывістка, актыўна выступае супраць Пуціна і дапамагае палітзняволеным. Надзея Ракс працуе ў Маскве выкладчыцай англійскай мовы, і, хаця і ўраджэнка Роўна, выступае супраць «бандэраўцаў», называючы Майдан «пераваротам». Вольга Неўская (яна, дарэчы, ў 2000 годзе наведвала Беларусь і ўдзельнічала ў пратэстных шэсцях апазіцыі) выхоўвае двух дзяцей і палітычным актывізмам не займаецца.
У кастрычніку 2011 года Еўрапейскі суд па правах чалавека абавязаў Расію выплаціць асуджаным ад 4 да 20 тысяч еўра ў якасці кампенсацый за правядзенне суда ў закрытым рэжыме — у Страсбургу палічылі, што нагоды для такой меры не было, і адкрытасць парушыла абвінавачаных права на справядлівае разбіральніцтва. Дарэчы, усім тром кампенсацыі дзяржава выплаціла.
«Чорны Блог»/ФВЖ
Строга кажучы, «Чорны Блог», як і ФВЖ (Фронт вызвалення жывёлаў – радыкальная анарха-экалагісцкая арганізацыя) не з’яўляюцца арганізацыямі у традыцыйным сэнсе гэтага слова. Пад гэтым лэйблам выступаў цэлы шэраг паўстанцкіх груп: яны прысылалі справаздачы пра свае акцыі на сайт blackblog.info і шэраг іншых. Нягледзячы на тое, што ледзь не кожная акцыя рабілася ад імя нейкай новай групы («Народное возмездие», «13 негритят», «Друзья друзей свободы», «Бригада поджигателей «Снежинка», «Анархическая герилья» і гэтак далей), але агульная тактыка, ідэалогія і почырк дазваляе казаць, што яны ажыццяўляліся аднымі і тымі ж групамі.
Як паведамляюць самі ўдзельнікі акцый у інтэрв’ю і мемуарах, для многіх удзельнікаў анархісцкага руху пераход да тактыкі сілавых дзеянняў адбыўся пад уплывам паўстання ў Грэцыі ў снежні 2008 года, якое было справакавана забойствам 15-гадовага анархіста Александраса Грыгаропалуса.
Першая акцыя паўстанцаў новага пакалення адбылася ў Расіі 20 лютага 2009 года. Тады была падпаленая стаянка міліцэйскіх аўтамабіляў. Пасля гэтага выпадку і да 2012 года акцыі анархістаў-паўстанцаў дасягаюць піка. Падпальваюцца міліцэйскія аўтамабілі, апорныя пункты міліцыі, аддзяленні банкаў, ваенкаматы, суды, офісы «Адзінай Расіі», раённыя адміністрацыі, раскошныя аўтамабілі і «элітныя» аўтастаянкі. Не адставалі і анарха-эколагі: па ўсей Маскве на месцах вырубкі лясоў палаюць экскаватары, лесарубныя машыны, асфальтаўкладчыкі, бульдозеры, бытоўкі будаўнікоў…
Даходзіла да таго, што у адзін дзень у Маскве адбывалася па дзве і болей акцыі.
Увосень 2010-га маскоўскія байцы «Чорнага блогу» «прысвяцілі» некалькі падпалаў будаўнічай тэхнікі і міліцэйскіх пастарункаў беларускім анархістам, затрыманым 3 верасня 2010 года па знакамітай справе аб падпале расійскай амбасады.
Шырылася і геаграфія радыкальных акцый. Акрамя Масквы і Маскоўскай вобласці былі зафіксаваныя падпалы ў Піцеры і Ленінградскай вобласці, Обнінску, Уфе, Пензе, Краснадары, Разані, Саратаўскай вобласці, Цвярской вобласці. Дарэчы, ні адзін падпал ці выбух анарха-паўстанцаў не прывёў да чалавечых ахвяраў.
Анархістамі-паўстанцамі зацікавіліся СМІ. У інтэрв'ю Газеце.ру адзін з удзельнікаў «Чорнага Блогу» сказаў:
«Пад акцыямі прамога дзеяння мы маем на ўвазе ўсе тое, што наносіць прамую шкоду структурам прыгнёту і эксплуатацыі. Ніякіх правадыроў у нас няма. [...] Такім чынам мы ажыццяўляем прынцыпы прамой дэмакратыі ў нашай уласнай дзейнасці. Мы плануем заставацца пагрозай для ўсіх структур прыгнёту. Гэта датычыцца не толькі дзяржаўных органаў, але і палітычных партый, і бізнесу, які эксплуатуе працу і прыроду, і фашысцкіх арганізацый. Нашай бліжэйшай тактычнай мэтай з’яўляецца масавы радыкальны рух, натхнёны анархісцкімі вызваленчымі ідэямі...»
Самай гучнай акцыяй «Чорнага блогу» лічыцца падрыў паста ДПС 7 чэрвеня 2011 года. Магутнасць выбуху склала 150 грамаў у трацілавым эквіваленце.
Пасля гэтага за паўстанцаў узяліся ўсур'ёз: восенню 2011-га МУС РФ адрапартавала аб затрыманні экстрэмісцкай групы «13 негрыцят». Як паведамілі журналістам, «падчас вобшукаў былі вынятыя арбалет, сігнальныя патроны, бутэлька з гаручай вадкасцю, дзесяць сістэмных блокаў, ноўтубук, хард-дыскі, нажы. Вынята больш за 10 мабільных тэлефонаў, сім-карты, кнігі, улёткі і налепкі меркавана экстрэмісцкага накірунку». Тады ж затрымалі двух падазроных: хлопца і дзяўчыну. Казалі, што пад час затрымання дзяўчына нанесла міліцыянту раненне нажом — той быў у цывільным.
Цікава, але пасля гэтага ў СМІ ніяк не паведамлялася пра далейшае развіццё гэтай справы і пра лёс затрыманых — але, улічваючы салідарнасць у колах анархістаў, калі б яны былі абвінавачаныя і асуджаныя, у іх падтрымку, безумоўна, пачалася б кампанія. Хутчэй за ўсе, міліцыя проста не сабрала дастатковую колькасць доказаў віны затрыманых, і тыя змаглі знікнуць з краіны.
Зрэшты, радыкальныя акцыі ў Маскве з другой паловы 2011-га працягваліся яшчэ нейкі час, а потым пайшлі на спад.
Апошні падпал у стылістыцы «Чорнага Блогу» у Расіі датуецца жніўнем 2014-га: на месцы будоўлі аднаго з участкаў дарогі РЖД былі спаленыя калёсны кран, бульдозер, каток і экскаватар.
Падпалы будаўнічай тэхнікі ці дзяржаўнай маёмасці дагэтуль адбываюцца ў Беларусі і ва Украіне, але не маюць сістэматычнага характару.
Хто за гэтым стаіць?
Адна з любімых спраў уладаў, «аналітыкаў»-канспіролагаў, дый многіх журналістаў — вышукваць за любымі дзеяннямі палітычных радыкалаў нейкі «чужы» след, а ў кожным радыкальным дзеянні бачыць падвоенае дно. Так было з анархістамі-падпальчышкамі расійскай амбасады ў Мінску (як расійскі так і беларускі бакі абвінавачвалі замежжа ў датычнасці да інцыдэнту, а многія беларусы казалі, што гэта справа рук КДБ), са справай замаху на Кандраценка (ён абвясціў што гэта — анарха-сіянісцкая змова), так адбываецца і з сённяшней справай «Сеткі».
І толькі адзінкі задумваюцца пра тое, чаму маладзёны — часцяком, па абывацельскіх мерках, уладкаваныя ў жыцці, пачынаюць рызыкаваць свабодай (а тое і жыццём) для барацьбы з тым, што яны лічаць несправядлівасцю, і не задавальняюцца адведзенымі дзяржавай рамкамі гульні ў палітыку. Голас гэтых адзінак — даследчыкаў, сацыёлагаў і тых жа журналістаў, — звычайна не чутны ў хоры адзінагалосных лаяльнікаў.
А між іншым, дастаткова правесці простую карэляцыю з усплескам гвалтоўных дзеянняў палітычных радыкалаў і агульнай сітуацыяй у краіне. З’яўленне НРА прыйшлося на час, калі ў Расіі панавала павальная галеча і крымінал, а маёмасная няроўнасць і фанабэрыстая раскоша багатых кідалася ў вочы літаральна кожнаму. Напады на міліцыю ад «Чорнага блога» ў 2009 — 2012-х адбываліся на фоне амаль штодзённых паведамленняў у СМІ аб катаваннях і забойствах, якія адбываліся ў міліцэйскіх пастарунках Масквы і іншых расійскіх гарадоў.
Падаецца, што з'яўленне тых, каго сёння прынята называць «тэрарыстамі», есць вынікам палітыкі дзяржавы і яе ж уласнай тактыкі запужвання нязгодных. Калі бяспраўе, прыніжэнне, рабства адных і прывілеі іншых робяцца нормай, а палітычны пратэст абмежаваны спектаклем пад наглядам аўтарытарнага лідара, у грамадстве будуць ізноў і ізноў з'яўляцца тыя, хто не захоча гуляць па правілах і пажадае аспрэчыць манаполію дзяржавы на гвалт.
Аўтар дзякуе за дапамогу ў складанні артыкулу і пошуку інфармацыі Юрыю Глушакову, Дзмітрыю Касценку і Ларысе Раманавай.