Грузія. Год пасля мары
Аналітыкі падвозяць вынікі першага года ўраду Бідзіны Іванішвілі, лідара руху «Грузінская мара». Нагадаем, што роўна год таму на хвалі пратэстаў супраць практыкі паліцэйскага гвалту ў турмах «Грузінская мара» атрымала большасць на парламенцкіх выбарах, паклаўшы канец манапольнай уладзе партыі прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі.
Бідзіна Іванішвілі; лідара руху «Грузінская мара»
Што добрага, а што кепскага адбылося ў Грузіі за мінулы год? Пазітывам некаторыя палітолагі лічаць рост дэмакратыі, што праяўляецца перш за ўсё ў плюралізме СМІ. Менш залежнымі ад выканаўчай вертыкалі сталі МЗС і суды. Бізнэс перастаў баяцца рэгулярных пабораў пад розныя дзяржаўныя святы.
Да негатыўных наступстваў адносяць перш за ўсё рост крыміналу. Не падабаецца аналітыкам і вузкасць поглядаў новага ўраду. У Грузіі практычна адмовіліся ад развіцця буйной інфраструктуры.
Частка палітолагаў таксама адзначае, што за час Бідзіны царква, як ніколі ў гісторыі незалежнай Грузіі, пачала лезці ў палітыку. Застаецца дадаць, што рэйтынг падтрымкі кабінету, які фармуе «Грузінская мара», сёння складае менш за 50 працэнтаў. У тым, што давер упаў, таксама бачаць плюс. Грузіны, трошкі расчараваўшыся ў Бідзіне, сталі больш талерантнымі і, адпаведна, градус напружанасці ў краіне ўпаў.
Паводле грузінскай прэсы