Гэта не проста крок, а пачатак знішчэння мура на шляху інклюзіі. «Сонечная» дэпутатка для сонечнай краіны

Беспрэцэдэнтная падзея адбылася ў іспанскай Валенсіі — Мар Гальсеран, якую нядаўна абралі да рэгіянальнай асамблеі, стала першай у гісторыі парламентаркай з сіндромам Даўна. Насуперак сур’ёзнай прыроджанай анамаліі дзяўчыне ўдалося пабудаваць кар’еру і заняць пасаду ў парламенце заходнееўрапейскай дзяржавы.

mar_halseran.jpg

З чаго ўсё пачалося?

Подзвіг Мар складаўся дзесяцігоддзямі, піша Guardian. Калі дзяўчыне споўнілася 18 гадоў, яна далучылася да кансерватыўнай Народнай партыі Іспаніі — у ёй Гальсеран прыцягнула своеасаблівая прыхільнасць да традыцый. Паступова «сонечнае дзіця» (так называюць людзей з сіндромам Даўна) прабівалася ў партыйны апарат ды рухалася па кар'ернай лесвіцы. Больш за 20 гадоў Мар займала пасады дзяржаўнай служачай у Валенсіі, а ў апошні час шмат працавала над інклюзіўнай палітыкай у краіне і рэгіёне. Да таго ж, на працягу чатырох гадоў яна была ўладкавана ў арганізацыі, што займаецца дапамогай дзецям з сіндромам Даўна. 

У траўні мінулага года Мар нечакана дадалі ў спіс кандыдатаў, выстаўленых Народнай партыяй на рэгіянальных выбарах у Валенсіі. Адданасць палітычнай справе Гальсеран акупілася: яна патрапіла ў дваццатку патэнцыйных парламентарыяў. Неўзабаве пасля гэтага з'явіліся навіны пра атрыманне месца ў рэгіянальным парламенце!

«Гэта беспрэцэдэнтна. Грамадства пачынае разумець, што людзі з сіндромам Даўна могуць зрабіць вялікі ўнёсак. Але гэта быў вельмі доўгі шлях», — падкрэсліла 45-гадовая Гальсеран падчас свайго прызначэння на новую пасаду.

Future is inclusive‎»‎ — надпіс у мінскай інклюзіўнай кавярні

Future is inclusive‎»‎ — надпіс у мінскай інклюзіўнай кавярні

Мар атрымала вельмі шмат добрых слоў ад палітыкаў і медыйных асоб, якія актыўна падтрымліваюць інклюзію ў будзь-якіх сектарах дзейнасці.

«Віншуем, Мар. Выдатная навіна для палітыкі — пераадоленне бар'ераў», — падзякаваў Гальсеран рэгіянальны лідар Карлас Мэйсан у сваіх сацыяльных сетках.

 Разгром сістэмы

Цяпер Мар знаходзіцца на абсалютнай верхавіне палітычнай кар'еры для людзей з сіндромам Даўна, якім прыйшлося пераадольваць бар'еры цяжкасцей, асуджэння і стварэння сваёй будучыні насуперак устоям, што склаліся ў грамадстве.

Раней, у 2020 годзе, францужанка Элеанора Лалу стала першым чалавекам з генетычным парушэннем, якога абралі на дзяржаўную пасаду ў гарадской радзе, а праз два гады працу на дзяржслужбе атрымаў і ірландзец Фінтан Брэй. Але колькасць абавязкаў, адказнасць і значнасць пасады Мар не ідзе ў аніякае параўнанне з мінулымі выпадкамі, таму для інклюзіі на еўрапейскім кантыненце гэтая падзея па праве рэвалюцыйная і можа лічыцца пачаткам знішчэння сістэмы, у якой інклюзіўнасць дагэтуль асацыюецца з абмежаваннем магчымасцяў.

Мар разам з сенатарам Іспаніі Альберта Нуньес Феёхоо

Мар разам з сенатарам Іспаніі Альберта Нуньес Феёхоо

Якія мэты?

Мар спадзяецца, што яе прысутнасць на пасадзе дэпутаткі валенсійскай асамблеі дапаможа разбурыць муры, якія ўстаяліся ў грамадстве і пусцілі метастазы амаль па ўсіх сферах дзейнасці. Ушчамленню людзей з асаблівасцямі развіцця павінен настаць канец: ад дыскрымінацыі невідушчых ці інвалідаў-калясачнікаў да касых позіркаў на чалавека са зламанай нагой.

Як падкрэслівае чыноўніца, некаторыя людзі дагэтуль не лічаць яе здольнай выконваць такія абавязкі, у той час як іншыя падтрымліваюць — але для яе галоўнае, каб першыя і другія бачылі ў ёй асобу, а не інваліднасць. Сапраўды, эмацыйная і псіхалагічная падтрымка граюць ключавую ролю ў паспяховай інтэграцыі людзей з сіндромам Даўна ў грамадства. І так, не на глебе інваліднасці, а жыцця і быту звычайнага чалавека, які здольны рабіць і тварыць што заўгодна.

Агулам, для паспяховай інтэграцыі людзей з гэтай анамаліяй у Іспаніі ўжо распрацаваны і прыняты шэраг мераў, які ўключае ў сябе якасную адукацыю як для «сонечных дзяцей», так і для грамадства, стварэнне спецыяльных класаў ды навучанне педагогаў для работы з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця. Дзейнічае заканадаўства аб правах, што забяспечвае роўныя магчымасці ў розных сферах, уключаючы працаўладкаванне, адукацыю і ўдзел у грамадскім жыцці. Дзяржава прапануе разнастайныя праграмы падтрымкі для людзей з сіндромам Даўна і іх сем'яў, у тым ліку пакрыццё выдаткаў на медыцынскія паслугі, а таксама інклюзіўныя грамадскія мерапрыемствы, што спрыяюць іх сацыяльнай інтэграцыі і падтрымліваюць разуменне з боку грамадства.

16 студзеня ў прысутнасці Мар Гальсеран ды сенатара Іспаніі Альберта Нуньес Феёхоо Кангрэс ухваліў рашэнне аб выключэнні слова «інвалід» з Канстытуцыі і заменай на словы «чалавек з інваліднасцю». Палітыкі адзначылі, што гэта, здавалася б, невялікі крок, але ён дакладна надае краіне большай годнасці.

 Прыклад Мар Гальсеран — цвёрды доказ таго, што людзі з «абмежаванымі магчымасцямі» насамрэч з’яўляюцца людзьмі з надзвычайнамі здольнасцямі.

Дастаткова ледзь прыбраць бар’ер у галавах, і гэты ярлык абавязкова знікне назаўжды.