Германія. «Мінск» выратавалі
Аказваецца, вядомы рэстаран «Патсдам» у цэнтры беларускай сталіцы з’явіўся не проста так. Ён паўстаў напрыканцы 1970-х гадоў у рамках акцыі партнёрства з усходненямецкім горадам Патсдамам, дзе, адпаведна, адкрылася кропка «Мінск».

Калі мінскі «Патсдам» дзякуючы добрай лакацыі, хаця і пад іншай назвай, усё ж захаваўся як рэстарацыя, то патсдамскі «Мінск» з часам аказаўся пад пагрозай знішчэння. Яшчэ ў 2017 годзе ўлады Патсдама задумаліся над тым, каб знішчыць будынак і стварыць прастору вакол пабудаванага побач комплекса.
Аднак шмат каму з імясцовых жыхароў такі план не спадабаўся. У тым ліку таму, што, як высвятляецца, у часы сацыялізму рэстаран «Мінск» быў цэнтрам грамадскага жыцця, з якім шмат у каго звязана багата асабістых гісторый.
У выніку дзякуючы нізавым пратэстам, дзейнасці фракцыі партыі «Левыя» і спонсарам рэстаран «Мінск» быццам атрымалася выратаваць. Як піша газета «Neue Deutschland», дасягнутая дамова, што «Мінск» будзе ператвораны ў мастацкі цэнтр, які адкрыюць у наступным годзе.
Шырокае асвятленне гэтага праекта мінулай восенню зрабілі нашы калегі з citidog.by.
Паводле нямецкай прэсы