Смерць альбо перамога! Як катавалі футбалістаў у Іраку
У гісторыі хапала дыктатараў, якія дзеля рэйтынгу эксплуатавалі тэму футбола. Аднак тое, якім чынам гэта рабілі іракскі дыктатар Садам Хусейн і яго сын Удэй Хусейн, проста шакуе.
Тое, што Садам надаваў шмат увагі футболу, — не асабісты капрыз. Ён узначаліў Ірак у 1980 годзе ў выніку палацавага перавароту. Натуральна, насельніцтва асцярожна ставілася да новага рэжыму. Таму дыктатару трэба было як мага хутчэй заваяваць павагу ў вачах народа. Гэта маглі забяспечыць поспехі нацыянальнай зборнай па футболе. Не кажучы аб тым, што нацыянальная футбольная каманда была ледзь не адзіным аб'яднаўчым фактарам у краіне, якая падзеленая палітычна, этнічна і канфесіянальна.
Для гэтага ў Ірак была тэрмінова выпісана група савецкіх спартыўных спецыялістаў. Дзякуючы іх інструктажу ўзровень мясцовай зборнай сапраўды хутка вырас. Першая палова 1980-х стала залатой эрай іракскага футболу. У 1982 годзе іракцы выйгралі залаты медаль на Азіяцкіх гульнях. У 1984 годзе Ірак узяў Кубак Персідскага заліву. У наступным годзе Кубак арабскіх дзяржаў плюс залаты медаль на Панарабскіх гульнях. Нарэшце, Ірак прайшоў кваліфікацыю на Чэмпіянат свету па футболе 1986 года ў Мексіцы, хаця ў выніку не змог выйсці з групы.
Зрэшты, неўзабаве геапалітычны раман з Масквой і Багдадам з-за шэрагу прычынаў скончыўся, што таксама адбілася на кааперацыі ў галіне спорту. Іракскі дыктатар вырашыў перадаць усё кіраванне футбольным ведамствам свайму сыну Удэю. Апошні ў падрыхтоўцы спартоўцаў зрабіў стаўку галоўным чынам на адкрытае запалохванне і гвалт.
Найперш — футбалістам іракскай зборнай катэгарычна забаранілі прайграваць. У выпадку пройгрышу ўсіх гульцоў чакала суровае пакаранне. Пройгрыш або нават нічыя цягнулі за сабой сеанс лупцоўкі электрычным кабелем або купанне ў нечыстотах. Асабліва караліся няўдалыя пенальці: нямногія іракскія гульцы ў той час адважваліся іх прабіваць. Прамашка азначала турму прыкладна на тры тыдні.
Метады матывацыі спартоўцаў у тагачасным Іраку таксама выглядалі жудасна. Каб гульцы больш актыўна бегалі па полі, ім пагражалі адрэзаць ногі і кінуць адрэзанае драпежным сабакам. Пропуск трэніровак, нават па сур'ёзнай падставе — наведванне хворага дзіцяці ці пахаванне роднага — азначала турму. Калі верыць аднаму англійскаму літаратару, для стымулявання спартсменаў Удэй распрацаваў спецыяльны механізм для разрыву мужчынскага анусу, які дэманстравалі гульцам напярэдадні адказных гульняў.
Як не дзіўна, у іракскім футболе быў чалавек, які ў прамым сэнсе слова пасылаў Удэя падалей. Яго звалі Аму Баба. Гэты чалавек быў легендарным футбалістам і менеджарам, што, уласна, і выратавала яго ад расправы. Пасля таго, як Аму публічна заявіў, што сын дыктатара нічога не кеміць у футболе, яго ўсё ж пабаяліся вось так узяць і адправіць на нары. Замест гэтага Аму Баба проста збілі на нейкім матчы ў прысутнасці 50 тысячаў гледачоў.
А вось аднаму з капітанаў тагачаснай зборнай Ясіру Латыфу пашанцавала менш. Неяк ён аспрэчыў рашэнне суддзі ў матчы з камандай «Аль Рашыд». Гэта было вельмі небяспечна: той клуб быў крэатурай клана Хусейна. Як вынік, суддзі баяліся караць гульцоў «Аль Рашыда», ігнаравалі сітуацыі, калі «аль-рашыдаўцы» забівалі галы з афсайдаў і гэтак далей.
Пасля таго як Ясір Латыф неяк аспрэчыў рашэннем рэферы на карысць «Аль Рашыду», яму выпісалі чырвоную картку. І гэта быў толькі пралог яго невясёлых прыгодаў. Пазней футбаліста даставілі ў лагер для ваеннапалонных на ўскрайку сталіцы і змясцілі ў камеру плошчай два квадратных метры з малюсенькім вакном высока ў сцяне. Спартсмену абрылі галаву і бровы, распранулі да пояса і адлупцавалі. Латыфа трымалі два тыдні. Калі яго вызвалілі, ён не мог спаць на спіне на працягу месяца.
Цікава, што катаванні футбалістаў былі шырока вядомыя ў іракскіх спартовых колах, але міжнародныя спартовыя чыноўнікі слаба пра гэта ведалі. Пасля краху дыктатуры Садама гульцы распавядалі пра старанна прадуманыя аперацыі, каб падмануць інспектараў ФІФА. Напрыклад, падчас іх візітаў у Ірак афіцыйныя асобы хавалі гульцоў, у якіх на твары або на целе ўсё яшчэ заставаліся сляды ад нядаўніх здзекаў.
У такой сітуацыі ў футбалістаў заставалася няшмат варыянтаў. З-за практыкі жорсткіх пакаранняў мноства з іх проста намагаліся пакінуць краіну. Як правіла, зоркі іракскага футбола беглі ў суседнія краіны Персідскага заліва. Акрамя таго, шматлікія спартоўцы па розных падставах адмаўляліся ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Такі страх выразна выявіўся падчас Алімпійскіх гульняў 2000 года ў Сіднеі, дзе ўдзельнічалі ўсяго чатыры іракскія спартоўцы.
У любым выпадку, пасля «вайны ў затоцы» Ірак быў адхілены ад удзелу ў Азіяцкіх гульнях і большасці спаборніцтваў арабскага футболу. Да 1996 года зборная Ірака займала 139 пазіцыю ў рэйтынгу ФІФА, самую нізкую ў сваёй гісторыі. Фактычна, пасля звяржэння Садама іракскім футбалістам прыйшлося ўсё пачынаць нанова.
Што тычыцца лесу Удэя Хусейна, то пасля калапсу садамаўскага рэжыму ён з бацькам, братам і шэрагам іншых палітычных дзеячаў, схаваўся. На яго, як і на шматлікіх іншых функцыянераў дыктатуры, пачалі паляваць спецслужбы ЗША. У ліпені 2003-га сховішча Удэя знайшлі ў Масуле. Спецназ пайшоў на штурм будынку. Тыя, хто быў унутры, мужна супраціўляліся. У выніку артылерыйскага абстрэлу Удэй, яго брат і іх ахоўнік загінулі. Так скончылася гісторыя бязлітаснага гаспадара іракскага футбола.