Еўрапарламент: Рэжым Лукашэнкі на мяжы адчаю
Кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль лічыць, што ўлады Беларусі пачынаюць ўпадаць у адчай, а цярпенне людзей падыходзіць да канца. У Еўрапарламенце абмеркавалі даклад аб стасунках з Беларуссю.
Беларусь: агонія рэжыму?
З пункту гледжання Еўрасаюза, улады Беларусі ўсё больш ўпадаюць у адчай. Пра гэта заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы Жазэп Барэль, спаслаўшыся на пагрозу беларускіх сілавікоў пачаць прымяняць баявую зброю для падаўлення пратэстаў. «Гэта сігналы, якія выклікаюць вялікую занепакоенасць, але гэта таксама і прыкметы адчаю ўладаў», — адзначыў Барэль. Пры гэтым ён лічыць, што цярпенне людзей у Беларусі падыходзіць да канца. Прыкметай гэтага, па яго словах, стаў «народны ультыматум», высунуты лідаркай беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай.
Рэцэпт для адносін ЕС з Беларуссю
Барэль выступаў у аўторак, 20 кастрычніка, на абмеркаванні дакладу ў Еўрапарламенце аб адносінах з Беларуссю. Аўтар дакладу — літоўскі дэпутат з фракцыі «Абнавіць Еўропу» Пятрас Аўштравічус — нагадаў, што пратэсты ў Беларусі не спыняюцца ўжо больш за 70 дзён.
«Беларусы падвяргаюцца незаконным арыштам, знявагам, нападам, ім наносяць траўмы. Гэта робяць праваахоўныя органы, якія павінны былі б іх абараняць... Уся гэтая жорсткасць здзяйсняецца з-за аднаго чалавека — Аляксандра Лукашэнкі, які ставіць свае інтарэсы вышэй будучыні беларускага народа і незалежнасці Беларусі», — заявіў Аўштравічус. Па яго словах, рэцэпт, да якога павінен звярнуцца ЕС, зводзіцца да трох простых рэчаў: салідарнасць, падтрымка і санкцыі.
Такі падыход лічыць правільным прадстаўніца фракцыі «Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў» Ганна Фатыга. «Ужо больш за 70 дзён ідуць рашучыя пратэсты беларусаў супраць прэзідэнта-узурпатара, які выкарыстоўвае ўсю моц войскаў супраць мірнага насельніцтва», — адзначыла яна і заклікала пашырыць санкцыі, а таксама ўзмацніць падтрымку людзей у Беларусі.
Падтрымаў ідэю ўнесці новыя прозвішчы ў санкцыйны спіс і харвацкі сацыял-дэмакрат Таніна Піцула, хоць у іншых выпадках яго фракцыя займае, хутчэй, стрыманую пазіцыю па пытанні аб санкцыях. Ён таксама падкрэсліў, што ЕС павінен прадаставіць дапамогу ахвярам рэпрэсій у Беларусі.
Што Еўрапарламент можа зрабіць на практыцы для Беларусі?
«Мы ўжо ў чацвёрты раз праводзім дэбаты (аб Беларусі — DW). Пакуль мы вядзем дэбаты, тых, хто мае смеласць выступаць супраць несправядлівасці і гвалту, выкрадаюць, затрымліваюць, кідаюць у турму, б]юць, падвяргаюць катаванням і гвалцяць... Дастаткова дэбатаў, давайце пяройдзем да спраў», — заклікала еўрадэпутат з Нямеччыны Віёла фон Крамон з фракцыі «зялёных». Яна, у прыватнасці, прапанавала ўнесці ў санкцыйны спіс усіх, хто выконвае незаконныя загады Лукашэнкі, а таксама даць шэнгенскія візы і магчымасць працы ў ЕC тым, хто падвяргаецца пераследам у Беларусі.
«Усім жорсткім рэжымам калі-небудзь прыходзіць канец. Дыктатура Лукашэнкі — не выключэнне. Мы павінны падрыхтавацца да мірнай перадачы ўлады і ўжо цяпер паабяцаць фінансавую дапамогу дэмакратычнаму ўраду пасля сыходу Лукашэнкі», — адзначыла фон Крамон.
Еўрапарламент не мае прамога ўплыву на выпрацоўку знешнепалітычнага курсу Еўрасаюза. Але літоўскі еўрадэпутат ад найбуйнейшай фракцыі — Еўрапейскай народнай партыі — ведае, што можа зрабіць сам парламент: стварыць місію з былых прэзідэнтаў і прэм’ераў — па прыкладзе місіі экс-прэзідэнта Польшчы Аляксандра Кваснеўскага і былога спікера Еўрапарламента Пэта Кокса. Такую місію Еўрапарламент сфармаваў у 2012 годзе для маніторынгу палітычна матываваных крымінальных спраў ва Украіне, у прыватнасці, супраць экс-прэм’ера Юліі Цімашэнка.
Яшчэ адна прапанова Кубілюса — стварыць спецыяльны цэнтр для «міжнароднага расследавання злачынстваў АМАПа». Яго заданнем стала б рэгістрацыя парушэнняў і прадастаўленне прававой дапамогі пацярпелым падчас пратэстаў.
Барэль: Абанент у Мінску недасяжны
Практычна ўсе Еўрадэпутаты выказаліся ў падтрымку дакладу. Крытычна адазваўся пра яго толькі прадстаўнік правапапулісцкай фракцыі «ідэнтычнасць і дэмакратыя» Ц’еры Марыяні. Яго, зрэшты, не задавальняе толькі пункт дакладу, які заклікае прызнаць вынік прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі на падставе сацыялагічнага апытання ў Інтэрнэце. «Гэта вельмі небяспечны для дэмакратыі метад», — падкрэсліў еўрадэпутат.
Сапраўды, у дакладзе прыводзіцца апытанне платформы «Голас», па выніках якога Ціханоўская атрымала большасць галасоў. Аднак у ім не ўдакладняецца, што сам «Голас» не прэтэндуе на веданне сапраўдных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня, а толькі сцвярджае, што яны сфальсіфікаваныя.
Барэль, у сваю чаргу, у другім выступе ў канцы дэбатаў падкрэсліў, што адзіны выхад з сітуацыі — гэта правядзенне новых, сумленных і справядлівых выбараў. У гэтым заключаецца афіцыйная пазіцыя Еўрасаюза, узгодненая міністрамі замежных спраў тыднем раней.
Барэль нагадаў, што ЕС не прызнаў вынікі выбараў 9 жніўня, па выніках якіх Лукашэнка абвясціў сябе прэзідэнтам. Завочна звяртаючыся да Лукашэнкі, Барэль сказаў: «У вас няма дэмакратычнай легітымнасці, мы не прызнаем вас легітымным прэзідэнтам Беларусі».
Кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза дадаў, што падтрымлівае прапанову АБСЕ выступіць пасярэднікам паміж Лукашэнкам і апазіцыяй. Але шанцы, што ўлады Беларусі пойдуць на такі дыялог, ён лічыць невысокімі: «Я не кажу, што іх няма, але яны абмежаваныя».
9 кастрычніка Барэль гаварыў па тэлефоне з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем, але на далейшыя кантакты з Брусэлем Мінск не ідзе. «Я павінен сказаць, што на жаль, беларускія ўлады зусім не адказваюць. Як гаворыцца, абанент недасяжны», — панаракаў Барэль.