Эрдаган мяняе Канстытуцыю, каб «абараніць сем'і ад «вычварных трэндаў»»
Прэзідэнт Турцыі рыхтуецца да наступных выбараў. Сваю прэзідэнцкую кампанію ён будуе на «традыцыйных каштоўнасцях».
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што канстытуцыйныя папраўкі, якія яго партыя прадставіць парламенту Турцыі, абароняць сем'і ад «вычварных тэндэнцый», пад якімі, гледзячы па ўсім, маюцца на ўвазе аднаполыя шлюбы.
Выступаючы перад ісламскімі рэлігійнымі лідарамі, Эрдаган раскрытыкаваў тэндэнцыю да таго, што «сямейная ячэйка губляе сваё значэнне».
«У той час як адзінства паміж жанчынай і мужчынам, заснаванае на законнасці, пагарджаецца; вычварэнні, амаральнасць і несумленныя адносіны наўмысна заахвочваюцца», — сказаў ён.
Эрдаган і яго партыя ў апошнія гады зрабілі больш жорсткай сваю рыторыку ў дачыненні да ЛГБТК-супольнасці, часта называючы яе прадстаўнікоў «дэвіянтамі» або «вычварэнцамі».
«Партыя справядлівасці і развіцця» Эрдагана таксама прапанавала замацаваць у Канстытуцыі права на нашэнне хіджабаў у школах, універсітэтах і дзяржустановах. Да 2013 года там было забаронена з'яўляцца ў хіджабах, аднак Эрдаган дамогся адмены гэтага абмежавання. Цяпер, паводле яго слоў, настаў час для наступнага кроку:
«Для таго, каб цалкам зняць гэты груз з сэрцаў нашых дачок і сясцёр, я прапаную абвясціць свабоду нашэння хіджабаў. Што гэта значыць? Я сказаў: Давайце зробім гэта канстытуцыйнай гарантыяй».
Паводле слоў Эрдагана, калі гэтая ініцыятыва не атрымае неабходнай падтрымкі ў парламенце, то ён гатовы правесці рэферэндум. У гэтым выпадку прэзідэнт абяцае вынесці на ўсенароднае галасаванне таксама прапанову па барацьбе з ЛГБТК-людзьмі.
Раней міністр юстыцыі Турцыі Бекір Баздаг выступіў за больш хуткае прыняцце новай Канстытуцыі наўзамен цяперашняй. Ён заявіў, што Турцыі тэрмінова патрэбна новая Канстытуцыя, паколькі «без яе не можа быць новай Турцыі». Паводле слоў міністра, з прыняццем новай Канстытуцыі «будзе адкрыта новая старонка ў гісторыі Турцыі». Пры гэтым ён адзначыў, што раней Канстытуцыі ў краіне прымаліся пасля ваенных пераваротаў.
Наступныя прэзідэнцкія выбары ў Турцыі прызначаныя на чэрвень 2023 года. Новая Канстытуцыя, гледзячы па ўсім, рыхтуецца менавіта пад выбарчую кампанію.