Дылма Русеф скінута з пасады прэзідэнта Бразіліі
Бразільскія сенатары скінулі Дылму Русеф з пасады прэзідэнта краіны. За яе адстаўку прагаласаваў 61 чалавек пры неабходным мінімуме ў 54 галасы.
Бурныя дэбаты па пытанні аб імпічменце Русеф праходзілі ў яе прысутнасці — прэзідэнта, ужо часова адхіленага ад пасады, адзін за адным дапытвалі больш за 50 сенатараў, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Сенатары прызналі Дылму Русеф вінаватай у парушэнні бюджэтнага заканадаўства — у прыватнасці, ва ўтойванні сапраўднага памеру дэфіцыту бюджэту краіны падчас яе выбарчай кампаніі ў 2014 годзе.
Сама Русеф заяўляла, што не вінаватая, а сваіх супернікаў вінаваціла ў палітычным махлярстве і спробе дзяржаўнага перавароту.
Адначасова з гэтым з 2014 года ў Бразіліі ідзе расследаванне карупцыйных схем у кантраляванай дзяржавай кампаніі Petrobras.
Выкрыццё карупцыі ў Petrobras, у якой былі замяшаныя члены Рабочай партыі Дылмы Русеф, а таксама высокапастаўленыя функцыянеры і ўплывовыя сябры іншых партый, адыграла вырашальную ролю ў падрыве даверу да ўрада.
Выконваць абавязкі прэзідэнта да заканчэння тэрміну Русеф (1 студзеня 2019 года) будзе віцэ-прэзідэнт і былы саюзнік Русеф Мішэль Тэмер.
Адвакат Дылмы Русеф заявіў, што яна падасць апеляцыю на рашэнне сената ў Вярхоўны суд Бразіліі.