Дасье ў карыкатурах: Джо Байдэн — год пасля абрання

Роўна год таму ў ЗША адбыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары. Галасы доўга лічылі, але перамог усё ж Джо Байдэн. Час падводзіць першыя вынікі. У тым ліку праз прызму карыкатур.

Перамога Байдэна (дарэчы, дасюль у вачах шматлікіх янкі вельмі спрэчная) успрымалася як гістарычны рэванш дэмакратыі над папулізмам у асобе Дональда Трампа. Нават помнік вядомага дэмакрата Лінкальна, калі б мог, вітаў бы яе. Так год таму лічыў мастак Дэйв Грэйв.

1_491.jpg


Сапраўды, Джо Байдэн рэзка змяніў курс папярэдняй адміністрацыі. Напрыклад, рашуча пачаў вайну з пандэміяй. Калі Байдэн заняў Авальны кабінет, сітуацыя з пандэміяй была катастрафічнай, у тым ліку таму, што Трамп не верыў нават у існаванне віруса. Студзень 2021 года стаў самым смяротным месяцам пандэміі на той момант — вірус забраў жыцці больш за 79 тыс. чалавек.
Роўна праз паўгода кадэнцыі Байдэна ў краіне зафіксавалі ўсяго каля 4 тыс. выпадкаў, што стала рэкордна нізкім паказчыкам з пачатку пандэміі. Сваю ролю ў значным падзенні росту новых выпадкаў адыгралі тэмпы вакцынацыі. Хоць зараз за акіянам колькасць захворванняў зноў пайшла ўверх, дасягненні Байдэна на эпідэміялагічным фронце трэба прызнаць. Што робіць і мастак Дэйв Гранлунд.

2_452.jpg


Таксама Байдэн абяцаў выбаршчыкам нарэшце разабрацца з афганскім пытаннем. 31 жніўня Пентагон аб'явіў аб завяршэнні вываду амерыканскіх войскаў з Афганістана. Тым не менш, наступствы гэтай аперацыі справакавалі шэраг скандалаў у ЗША. Выхад амерыканскіх войскаў суправаджаўся шматлікімі рэпартажамі аб афганцах, якія раней працавалі на амерыканцаў, але не атрымалі магчымасці пакінуць краіну разам з імі. Усё гэта вельмі негатыўна паўплывала на рэйтынг амерыканскага прэзідэнта. Многія мастакі адгукнуліся на тэму трагедыі лаяльных на адрас ЗША афганцаў. Напрыклад, выданне Tusla World.

3_406.jpg


Яшчэ адным правалам Байдэна стала іміграцыя. Падчас кампаніі ён абяцаў скасаванне ўказаў Дональда Трампа ў іміграцыйнай палітыцы. Пасля перамогі Байдэн даручыў прыпыніць узвядзенне сцяны на мяжы з Мексікай і лібералізаваць працэдуру давання прытулку. У выніку сотні тысяч чалавек з Цэнтральнай Амерыкі рынуліся да мексіканскай мяжы з ЗША, што справакавала жудасны крызіс. У пачатку кастрычніка ўлады ЗША заявілі, што затрымалі ў 2021 годзе каля 1,7 млн мігрантаў, што з'яўляецца рэкордным паказчыкам. Цяпер Байдэн спрабуе захаваць твар ліберала і адначасова навесці парадак на мяжы. Такую расцяжку вельмі любяць высмейваць у карыкатурах. Напрыклад, мастак Гары Вервел, які выявіў як выглядае байдэнаўскі праход у Штаты для мігрантаў, праз які нельга прайсці.

4_383.jpg

Пры Байдэне таксама рэзка пагоршыліся адносіны Вашынгтона і Пекіна. У Белым доме лічаць, што Кітай — галоўная пагроза для Злучаных Штатаў, паколькі спрабуе кінуць выклік не толькі ў эканамічным і тэхналагічным плане. Акрамя таго баяцца спробы кітайцаў вярнуць Тайвань. За мінулы год мы сталі сведкамі фармавання Вашынгтонам ваенна-эканамічных саюзаў супраць Кітая (AUKUS і QUAD). Амбіцыям Штатаў супрацьстаяць Кітаю ў тайваньскім пытанні прысвяціў свой малюнак графік японскай Japan Times.

5_355.jpg


Зрэшты, галоўная пагроза для Байдэна знаходзіцца не ў КНР, а ўнутры саміх Штатаў. Увесну Белы дом прэзентаваў самыя вялікія інвестыцыі ў працоўныя месцы з часоў Другой сусветнай вайны. Першая частка плана прадугледжвала ўкладанне ў інфраструктуру ЗША 2,3 трлн долараў. Аднак пакуль гэта наадварот выклікала не рост эканомікі, а інфляцыю і рост коштаў. Толькі ў верасні яны выраслі на 5,4 %. Монстр інфляцыі, які пажырае ініцыятывы Байдэна наконт субсідый — тэма малюнка мастака выдання Counterpoint.

6_246.png


У той жа час праблемы Байдэна — гэта яшчэ і праблемы самой Дэмакратычнай партыі. Толькі што яна прайграла губернатарскія і мясцовыя выбары ў Вірджыніі. І гэта яшчэ кветачкі — наперадзе ў яе прамежкавыя выбары ў Кангрэс у 2022 годзе, дзе будзе пераабірацца ўся Палата прадстаўнікоў і трэць Сената. А не за гарамі ўжо і 2024 год — новыя выбары прэзідэнта. Партыі трэба вырашыць, ці падтрымліваць ёй дзейнага прэзідэнта Байдэна, які губляе папулярнасць, альбо праводзіць новыя праймерыз. Тым часам Дональд Трамп усё больш рашуча кажа аб жаданні вярнуць сабе Белы Дом, што не на жарт успрымаецца тымі ж карыкатурыстамі. Аднаму з іх Трамп нагадвае Тэрмінатара, які абяцаў павярнуцца. Малюнак з выдання The Week.

7_169.jpg


Увогуле наступны год Байдэна на пасадзе амерыканскага гаранта выглядае вельмі інтрыгоўным.