Данбаскія крэсы

Польскае грамадства спрабуе зразумець матывы купкі тутэйшых нацыяналістаў з арганізацыі «Фаланга», якія адправіліся на Данбас дапамагаць прарускім сепаратыстам. 



1795481_10201434082920346_274496349_n.jpg

Дэлегацыі дэпутатаў Сейму на Майдане, сталічны Палац Кангрэсу ў жоўта-сініх фарбах, бясплатная рэабілітацыя для параненых падчас сутычак з «Беркутам», намаганні дырэктара МЗС Польшчы Сікорскага дабіцца як мага хутчэйшай інтэграцыі Украіны ў структуры ЕС… Падавалася, што ўся Польшча заняла адназначную пазіцыю ў стаўленні да ўкраінскіх падзей. Але купка польскіх правых радыкалаў з арганізацыі «Фаланга» адправілася валанцёрамі да Стралкова. 
Пазней стала вядома, што пакуль дакладна можна казаць толькі пра аднаго чалавека. Гэта Барташ Бекер (Bartosz Bekier), студэнт, рэдактар аднаго з правых сайтаў. Ён сцвярджае, што прыехаў на Данбас, каб аказаць маральную і інфармацыйную падтрымку сепаратыстам. Пра гэта Бекер сказаў на веча, арганізаваным прыхільнікамі так званай «Данецкай народнай рэспублікі» (ДНР), якую Украіна на афіцыйным узроўні прызнала тэрарыстычнай арганізацыяй. У прамове, запіс якой апублікаваны на адным з найбуйнейшых польскіх інтэрнэт-парталаў, Бекер адзначаў, што ён не прадстаўляе «польскі пранатаўскі ўрад». «Я прадстаўляю польскі свабодны народ, які супраць тэрарыстычных баз NАТО на тэрыторыі Польшчы», — кінуў ён у натоўп.
У прынцыпе, учынак Бекера можна растлумачыць вядомым выслоўем пра тое, што ў сям’і не без вырадку. Так і робяць некаторыя ўдзельнікі польскіх чатаў. На іх думку, асоба з падобнымі поглядамі ўвогуле не ўпісваецца ў катэгорыю «паляк». Таму нейкі час агучвалася версія пра тое, што навіна пра палякаў на службе ДНР — гэта плётка, якую запусціла расійская прэса. Тым больш, што інсінуацый на гэты конт хапае. Так, расійскія інфармацыйныя агенцтвы паведамілі, што на ўкраінскім баку змагаюцца прыклада дзесяць наёмнікаў з полькай вайсковай фірмы ASBS. Як высветлілі польскія журналісты, такой фірмы даўно не існуе, а ў часы існавання ASBS займалася выключна аналітыкай. 
Аднак у дадзеным выпадку інфармацыя аказалася праўдзівай. У інтэрнэце нават з’явілася фатаграфія Барташа Бекера і Дзяніса Пушыліна, аднаго з лідараў ДНР. Адначасова высветлілася, што Бекер — не такая ўжо і «белая варона». 
У польскім нацыяналізме даўно існуе еўразійская, або, хутчэй, славянафільская плынь. У прынцыпе, нават у славутай працы Рамана Дмоўскага «Думкі сучаснага паляка» — азбуцы польскага правага палітыка — можна знайсці шмат славянафільскіх пасажаў. Аўтар лічыў, што расійская мадэль асіміляцыі палякаў у часы падзелаў Польшчы была больш гуманная за нямецкую, якая ўвогуле не пакідала шансаў на выжыванне польскай культуры і этнасу.
Пасля Дмоўскі падаўся ў фанаты Мусаліні і да гэтай тэмы мала звяртаўся. Затое панславізм пачаў квітнець у часы сацыялістычнай Польшчы, асабліва ў часы Уладзілава Гамулкі. У той час вялікая месца ў агітпропу адводзілася тэме пагрозы вайны з боку ФРГ, якая, як вядома, да пачатку 1970-х гадоў не прызнавала новую ўсходнюю мяжу Польшчы. Мабілізацыя супраць патэнцыйнага канфлікту з немцамі выклікала канатацыі да часоў агульнага супрацьстаяння славян крыжацкай навале, нямецкай палітыцы «Дранг нах остэн». 
У посткамуністычнай дэмакратычнай Польшчы панславісцкая ідэалогія цікавіла толькі невялікія групы правых радыкалаў, накшталт «Фалангі», якія лічаць, што Берлін або Дрэздэн з’яўляюцца гістарычна славянскімі (чытай, польскімі) градамі. Акрамя таго, панславянская рыторыка характэрная для некаторых палітыкаў-папулістаў, накшталт нябожчыка Анджэя Лепера. Матэрыялы, прысвечаныя панславізму і еўразійству, сустракаюцца на старонках сайтаў некаторых экспертных клубаў. 
Рафал Панькоўскі, вядучы польскі эксперт па праблемах правага радыкалізму, так апісвае стан еўразійскага лагеру ў Польшчы: «Фаланга» — гэта малая і маргінальная арганізацыя, дэ-факта ў гэтым асяроддзі дзейнічае некалькі чалавек. Групоўка цесна супрацоўнічае з так званым Еўрапейскім цэнтрам геапалітычных аналізаў, на чале якога стаіць польскі палітык Матэвуш Піскорскі. У сваю чаргу, Піскорскі, адзначае эксперт, ёсць польскім звяном міжнароднай сеткі еўразійскага праекта, створанага расіянінам Аляксандрам Дугіным.
Варта адзначыць, што Піскорскі з’яўляецца адным з лепшых сябоў афіцыйнага Мінску.
«Як Піскорскі, так Бекер, у мінулым годзе падчас грамадзянскай вайны былі гасцямі рэжыму Асада ў Сірыі. Матэвуш Піскорскі з’яўляецца частым госцем у такіх месцах, як Беларусь або Прыднястроўе, а нядаўна быў у Крыме, куды ён прыязджаў у якасці назіральніка за рэферэндумам», — заўважае Панькоўскі. 
У прынцыпе, можна было б не заўважаць ні Бекера, ні Піскорскага, чыя роля ў польскай палітыцы мікраскапічная. Калі б не трывожныя трэнды. Гаворка па феномен Януша Корвіна-Міке, лідара польскіх еўраскептыкаў, які адкрыта сімпатызуе Пуціну і шмат кім лічыцца агентам Крамля. Пасля таго, як яго партыя «Кангрэс польскіх правых» у маі прайшла ў Еўрапарламент, папулярнасць Корвіна-Міке толькі вырасла. Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, цяпер «Кангрэс польскіх правых» — трэцяя па папулярнасці палітычная сіла ў Польшчы з 10 працэнтамі падтрымкі. Усё ідзе да таго, што вядучым польскім партыям могуць спатрэбіцца галасы фракцыі «Кангрэсу польскіх правых» для фармавання ўраду.
Варта прызнаць, што пакуль бум інтарэсу да Корвіна-Міке цяжка разглядаць як праяву інтарэсу да еўразійскіх тэорый, а тым больш як падтрымку палякамі расійскай знешняй палітыкі. Хутчэй, гэта нешта сярэдняе паміж выразам скепсісу адносна палітыкі Еўрасаюзу і эмацыйным жаданнем паказаць палітычнай эліце дулю ў кішэні. Апошняя поза асабліва характэрна для часткі моладзі, якая бачыць у Корвіне-Міке ікону антысістэмнага пратэсту. Аднак тое, што Корвін-Міке сваімі прапуцінскімі і прарасійскімі сентэнцыямі нармалізуе ў польскім палітычным дыскурсе еўразійскую праблематыку, відавочна. Таму запісваць Барташа Бекера ў вечныя маргіналы рана. 
Праўда, для таго, каб мець хоць нейкую палітычную будучыню ў Польшчы, Бекеру патрэбна яшчэ вярнуцца з Данбасу. Прычым, галоўную пагрозу для паляка ўяўляюць не ўкраінскія спецслужбы, а любімыя ім сепаратысты, якія падпарадкуюцца Маскве. Справа ў тым, што расійская, блізкая да афіцыёзу, прэса крытычна адрэагавала на знаходжанне ў Данбасе польскіх правых радыкалаў. Як вядома, крамлёўская прапаганда пабудаваная на тэзісе пра тое, што ў Данбасе адбываецца народнае антафашыстоўскае паўстанне супраць кіеўскага рэжыму.