Што чакае дыктатараў, якія хочуць перапісаць Канстытуцыю?
Чылійцы пераважнай большасцю прагаласавалі за тое, каб перапісаць Канстытуцыю краіны, прынятую ў гады кіравання генерала Аўгуста Піначэта. Для гэтага спатрэбіўся роўна год пратэстаў.
Што робяць дыктатары на наступны дзень усталявання дыктатуры? Хто як, а Аўгуста Піначэт на наступны дзень пасля ваеннага перавароту 11 верасня 1973 года сабраўся з трыма блізкімі паводле светапогляду генераламі, каб прапісаць прававыя асновы новага рэжыму. Прысутнымі быў складзены афіцыйны акт, які прыпыняў дзеянне Канстытуцыі 1925 года і распускаў парламент. Галоўным органам вярхоўнай улады ў краіне абвяшчалася хунта. Сам Піначэт быў прызначаны новым кіраўніком краіны, хаця напачатку ўсе чацвёра дамовіліся змяняцца на гэтай пасадзе.
Таксама праз нейкі час планавалася вярнуць у дзеянне старую Канстытуцыю. Аднак затым было прынята рашэнне стварыць Асноўны закон з нуля. Была прызначаная адпаведная камісія. У выніку ў 1980 годзе тэкст дакумента быў прадстаўлены грамадскасці і вынесены на агульнанацыянальны плебісцыт, на якім яго падтрымалі 67 працэнтаў з тых, хто прагаласаваў. Вынікі галасавання былі ад самага пачатку вельмі сумнеўныя з-за шматлікіх парушэнняў: апазіцыі не дазволілі праводзіць сваю кампанію, спісы выбаршчыкаў не складаліся, падлік галасоў ажыццяўляўся пад кантролем вайскоўцаў, і гэтак далей. Тым не менш, Канстытуцыя набыла моц вясной 1981 года.
Тая Канстытуцыя была вельмі своеасаблівай. Яна бязмежна шырока надзяляла грамадзян правамі ды свабодамі, але патрабавала, каб тыя паважаліся інстытутамі ўлады. Фокус быў у тым, што адначасова Канстытуцыя прыпыняла дзеянне большасці канстытуцыйных нормаў да 1990 года. Таксама да 1990-га прадугледжвалася праўленне Піначэта без якіх-небудзь выбараў. Нарэшце, у Канстытуцыі была замацавана важная роля Нацыянальнай рады бяспекі, палову чальцоў якой складалі вайскоўцы.
Але галоўная фішка Канстытуцыі 1980-га — у тым, што ў яе было практычна немагчыма ўнесці змены. Для гэтага патрабавалася атрымаць 3/5 галасоў заканадаўцаў. А для ўнясення зменаў, якія тычацца ўзброеных сілаў, паўнамоцтваў Нацыянальнай рады бяспекі і Канстытуцыйнага суда, патрабавалася, апроч іншага, 2/3 галасоў у кожнай з дзвюх палат парламента. Пры гэтым для ўнясення любых зменаў была неабходная згода прэзідэнта. Як вынік, у выпадку наяўнасці дэмакратычнай большасці ў парламенце, ёй усё роўна было б надзвычай складана рэфармаваць дзяржаўныя інстытуты.
Як бачым, па выніках прыняцця Канстытуцыі ў 1980 годзе ваенная дыктатура захоўвалася, але набывала прыкметы легітымнасці. Надаць ёй яшчэ большае падабенства да дэмакратыі мелі намер пасля плебісцыту па пытанні захавання Піначэта ва ўладзе ў 1988-м. Але тут нешта пайшло не так. Нягледзячы на дзяржаўны кантроль за СМІ, нечакана большая частка насельніцтва краіны выказала сваю нязгоду з тым, каб Піначэт быў гарантам яшчэ восем гадоў. Сыход Піначэта стаў падставай для абрання новага прэзідэнта і парламента, а таксама ўнясення ў тэкст Канстытуцыі шматлікіх паправак.
Зрэшты, у шэрагах левай апазіцыі многія працягвалі патрабаваць поўнага перагляду Асноўнага закона, які разглядалі як ганебны рэлікт тыраніі. У 2015-м прэзідэнтка-сацыялістка Мішэль Бачэлет запусціла працэс распрацоўкі новай Канстытуцыі, аднак з-за шэрагу прычын гэта ініцыятыва правалілася.
Новым стымулам для канстытуцыйнага працэсу аказаліся... квіткі. Уздым цэнаў на праезд у сталічным транспарце восенню мінулага года выклікаў беспрэцэдэнтную хвалю пратэстаў у краіне, што яшчэ больш інспіравала гвалт з боку карабінераў. Праграма маніфестантаў вельмі хутка выйшла за межы патрабавання замарозіць тарыфы на транспарце. Неўзабаве пратэстоўцы запатрабавалі прыняць новую Канстытуцыю, здольную пакончыць з глыбокай сацыяльнай няроўнасцю ў грамадстве.
У выніку ўлада была вымушаная прыслухацца да вуліцы. 15 лістапада 2019 года было дасягнута палітычнае пагадненне, падпісанае дэпутатамі кіруючай і апазіцыйных партый аб распрацоўцы новай Канстытуцыі. Але перш за ўсё чылійцам прапанавалі ў рамках рэферэндуму адказаць на пытанне, ці хочуць яны новую Канстытуцыю. 25 кастрычніка 2020 года за змяненне галоўнага закона выказаліся каля 78 працэнтаў грамадзян. Тысячы жыхароў краіны выйшлі на вуліцы святкаваць перамогу.
Якая Канстытуцыя будзе ў Чылі? Пакуль цяжка сказаць. Але, напэўна, там не будзе блока пра ролю Узброеных сіл і Нацыянальнай рады бяспекі як гарантаў дзяржаўных інстытутаў. Наўрад ці ў новай рэдакцыі захаваецца пункт пра тое, што «распаўсюд дактрын, якія падтрымліваюць сацыяльную барацьбу, з’яўляецца канстытуцыйным правапарушэннем». Многія чылійцы заклікаюць да большай ролі дзяржавы, асабліва ў сферы адукацыі або пенсійнай сістэме. Чакаецца, што рэформа пашырыць магчымасці парламента.
З іншага боку, наўрад ці эліта пагодзіцца з пераменамі, якія, як мінімум, прымусяць яе плаціць больш грошай на сацыялку. Таму трэба чакаць вострую барацьбу на выбарах дэпутатаў Канстытуцыйнага сходу. У сувязі з гэтым у лагеры маніфестантаў робяць адназначную выснову: неабходна і далей працягваць ціск вуліцы на ўлады.