Ці перамог за Бугам фемінізм?
Чым бы ні закончыліся прызначаныя на кастрычнік парламенцкія выбары ў Польшчы, адзін з іх вынікаў відавочны ўжо цяпер — прэм’ерам краіны застанецца жанчына. Такі расклад — сапраўдны сюрпрыз для еўрапейцаў.
Беата Шыдла
Тое, што да будучага польскага прэм’ера давядзецца звяртацца «пані», а не «пан», стала зразумела пасля таго, як з’езд кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS) аддаў першае месца ў сваім выбарчым спісе Беаце Шыдла. Паколькі галоўным канкурэнтам Беаты на кастрычніцкіх выбарах будзе Эва Копач (цяперашні прэм’ер і лідар ліберальнай «Грамадзянскай платформы»), гендэрная прыналежнасць будучага кіраўніка польскага ўраду не выклікае сумневаў. Акрамя PiS і «Грамадзянскай платформы» ніводная з партый-удзельніц выбараў не мае шансаў на тое, каб атрымаць права на фармаванне кабінету.
Такі расклад — сапраўдны сюрпрыз для еўрапейцаў, прынамсі для тых, якія бачылі Польшчу краем каталікоў-цемрашалаў. Прагрэсіўная і левая прэса старой Еўропы прызнаюцца, што не чакалі такіх навінаў з Варшавы. Як піша блізкая да нямецкіх зялёных газета «Tageszeitung», «хаця жаночая квота для партыйнага кіраўніцтва існуе ў Польшчы даўно, яшчэ дзесяць гадоў таму ніхто не мог уявіць, што тут могуць быць парламенцкія спікершы і прэм’ершы».
Праўда, адначасова ў Еўропе і ў Польшчы хапае тых, хто сумняваецца ў фемінізацыі польскай палітыкі. Паводле іх, у выпадку з Беатай Шыдла гутарка ідзе пра брудныя схемы палітычных тэхнолагаў у штабе PiS, дзе зразумелі, што стаўку на гэтых выбарах трэба рабіць на жанчыну.
У якасці доказу звяртаецца ўвага на тое, што PiS фактычна дублюе формулу, якая прынесла партыі поспех на майскіх прэзідэнцкіх выбарах. Тады ўжо цяпер былому прэзідэнту Браніславу Камароўскаму супрацьстаяў малады і малавядомы Анджэй Дуда. Адсутнасць належнага вопыту ў кандыдата PiS кампенсавалася стомленасцю ад старой палітычнай эліты.
Па падобнай схеме, эксплуатуючы попыт палякаў на нешта новае, кансерватары цяпер спрабуюць перамагчы на парламенцкіх выбарах. На карысць кандыдатуры Беаты Шыдла таксама гуляе той факт, што яна калісьці, будучы мэрам гарадку Бжэшце (польск.: Brzeszcze), займалася вельмі актуальнай цяпер у Польшчы праблемай вугальнай вытворчасці.
Беата Шыдла, сапраўды, малавядомы ў Польшчы палітык, і пасля абрання на пасаду кандыдата ад PiS на прэс-канферэнцыі ёй некалькі разоў давялося ўдакладняць журналістам сваё прозвішча. У яе сапраўды «шэрая біяграфія». Нарадзілася, паступіла, закончыла, працавала, стала сябрам партыі, абралася мэрам горада, атрымала мандат дэпутата Сейма, стала кандыдатам на прэм’ера. Замужам, двое дзяцей. Увесь жыццёвы шлях можа змясціцца ў адным абзацы Вікіпедыі. Адзіны забаўны факт у мінулым Беаты звязаны з яе ўдзелам у кіраўніцтве муніцыпальнага Дэпартамента добраахвотнай пажарнай аховы.
Другая прычына для сумневу ў трыумфе польскага фемінізму тычыцца аўтарытэта Беаты Шыдла ў партыі і ў грамадстве. Нават яе прыхільнікі пагаджаюцца, што яна несамастойная фігура і ў выпадку абрання прэм’ерам будзе гуляць па правілах культавага партыйнага боса Яраслава Качыньскага. У прэсе Беаце жартам нават далі мянушку «дзяўчына Бонда».
Праўда, у аргументах крытыкаў Беаты Шыдла ёсць адзін слабы ланцужок. Магчыма, яе біяграфія не багатая на гераічныя ўчынкі, аднак гэта трэнд часу. Польшча праходзіць фазу змены палітычных генерацый. Народжаная ў 1963 годзе, Беата была хутчэй назіральнікам, чым актывістам, а тым больш лідарам руху «Салідарнасць», адкуль чэрпала дзяржаўныя кадры постсацыялістычная Польшча. Яе біяграфія падаецца сумнай і нецікавай, аднак яна характэрная для палітыкаў з еўрапейскіх дзяржаваў са сталымі і развітымі дэмакратычнымі інстытутамі.
Што тычыцца будучай ролі марыянеткі, якую ахвотна прыпісваюць Беаце, то тут таксама не ўсё так прымітыўна. Напрыклад, Анджэй Дуда, якога з самага пачатку яго балаціроўкі на прэзідэнта запісалі ў шасцёркі Качыньскага, пасля нядаўняй інагурацыі выглядае як дастаткова самастойны гулец. Прэса нават лічыць, што канфлікт паміж Дудай і Качыньскім, які паспрабуе ім маніпуляваць, — пытанне часу. Чаму не чакаць падобнага ад Беаты Шыдла, якая пры гэтым таксама можа казаць пра правы жанчын?
Нават будучы скептыкам і загадзя прызнаючы несамастойнасць фігуры Беаты Шыдла, усё роўна відавочна, што яе асабістыя схільнасці так ці інакш адаб’юцца на курсе наступнага кабінета (нагадаем, што калі меркаваць па рэйтынгах, усё ідзе да перамогі кансерватараў на выбарах). Аналіз дзейнасці Беаты Шыдла на пасадзе мэра дазваляе лепш зразумець яе прыярытэты ў адміністратыўнай працы.
Яна кіравала муніцыпалітэтам восем гадоў. Будучы паводле дыплома культуролагам, Беата зрабіла гораду вельмі багатую культурную праграму. Шмат каму з гараджан часы яе кіравання горадам запомніліся як часы культурных фестываляў. Праўда, як прызнаюцца яе былыя калегі па лакальнай адміністрацыі, пані мэр не займалася сістэмна праблемамі гораду і развіццём партыйных структураў. У выніку пасля заканчэння яе кадэнцыі і ад’езду ў Варшаву ў якасці дэпутата мясцовая секцыя партыі «Права і Справядлівасць» прайграла муніцыпальныя выбары.
Ці чакае Польшчу пяцігодка, калі галоўным прыярытэтам ураду будзе правядзенне культурных фэстаў, казаць яшчэ рана. Аднак, безумоўна, многа культуры ніколі не бывае.