Ці выратуюць свет жывёлы?
Свет захоплены модай на хатніх жывёл, якая, на думку некаторых, можа хутка змяніць лёс усёй цывілізацыі. Спачатку былі прададзеныя ўсе сабакі. Праз некалькі дзён былі распрададзеныя кошкі. Яшчэ праз дзесяць дзён — трусы. Затым — марскія свінкі. Мышкі. Купілі нават варана, які выпадкова апынуўся на складзе.
Апошнімі разабралі хвалістых папугаяў. У выніку не засталося нікога. Так апісвае адно з нямецкіх выданняў будні працы заакрамы падчас каранціну.
Сёння галіна продажу хатніх жывёл перажывае зорную гадзіну. Як прыклад — загаловак у газеце «Die Welt». Артыкул пра тое, што адбываецца ў заакрамах выданне назвала: «Жывёлы прадаюцца як гарачыя піражкі».
У прынцыпе, карані з’явы зразумелыя. Як і любы крызіс, пандэмія COVID-19 мае пабочныя эфекты. Гэта не толькі пагоня за туалетнай паперай, але і пачуццё ізаляцыі, жаданне кампаніі, патрэба мець кагосьці, з кім можна падзяліць дом. Жывёлы ў гэтай справе дапамагаюць лепш, чым усялякія сеансы ў «Зуме». Сустракаюцца нават публікацыі, што хтосьці дзякуючы падараванаму кацяню ці сабаку зноўку здабыў прагу да жыцця пасля хваробы.
Калектыўны псіхоз на тэме жадання завесці жывёлу прымусіў успомніць нават напрамак у тэрапіі, у аснове якога палягае тэорыя аб кантакце з жывёлай. Яе прыдумаў ў 1984 годзе біёлаг з Гарварда Эдвард Уілсан. Тэорыя грунтуецца на тым, што за сотні тысяч гадоў эвалюцыі чалавек не згубіў здольнасць разумець расліны і жывёл. Калі пры правільнай методыцы актываваць гэтую здольнасць, кантакт з прадстаўнікамі прыроды дазваляе чалавеку расслабіцца і перамагаць трывогі.
Тэорыяй Уілсана справа не абмежавалася. Тэрмінова ўзгадалі ўсе забытыя калісьці навуковыя працы наконт пазітыву камунікацый з тымі ж сабакамі. Сярод іх — артыкул англійскага вучонага ў 1980 годзе, які сцвярджаў, што пацыенты, у якіх ёсць сабака, з большай верагоднасцю выжывуць пасля сардэчнага прыступу. Ці вынікі даследавання шведскіх навукоўцаў у 2017-м, якія лічылі, што ў гаспадароў сабак зніжаецца рызыка сардэчна-сасудзiстых захворванняў. «У каго ёсць сабака, той радзей ходзіць да лекара і менш выдаткоўвае на здароўе», — пісалі яны ў сваім даследаванні.
Некаторыя прарывы ў гэтай галіне гучаць дастаткова незвычайна. Напрыклад, Райнер Вольфарт, псіхатэрапеўт і аўтар кнігі «Лячэбная сіла жывёлы» сцвярджае, што, гладзячы сабаку ці ката, можна павысіць узровень працы мозгу.
Падцягнуліся і гісторыкі з забаўнымі фактамі з мінулага. Аказваецца, на працягу стагоддзяў людзі ведалі, што жывёлы маюць нейкую аздараўленчую сілу. Ужо ў дзявятым стагоддзі ў Бельгіі жывёл выкарыстоўвалі ў тэрапіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У Ёрку (Англія), напрыканцы XVIII стагоддзя куры і трусы выкарыстоўваліся для лячэння пацыентаў, якія пакутавалі на псіхічныя хваробы.
Ёсць і негатыўны бок. Ажыятажны попыт на шчанюкоў (рост складае прыкладна 20 працэнтаў) хутка сфармаваў у Еўропе «чорны рынак». Жывы тавар трапляе сюды з Усходняй Еўропы. Пры гэтым пра стандарты ўтрымання жывёл падчас перавозак гандляры клапоцяцца мала.
Удзельнічаюць у гэтым бізнесе і нашы суайчыннікі. 26 студзеня супрацоўнікі Федэральнай мытнай службы ў Патсдаме спынілі машыну, якая накіроўвалася з Беларусі. У машыне без дакументаў перавозілі 5 шчанюкоў пароды «памеранскі шпіц», якіх хавалі ў дзвюх маленькіх скрынях. Як адзначае прэс-служба мытні ФРГ, шчанюкі гэтай пароды сёння прадаюцца ў Германіі па цане ад 2500 да 3700 еўра.
Нарэшце, нельга прайсці міма тых, хто крытыкуе цяперашнюю моду на хатніх жывёл. Гэта радыкальныя эколагі, якія баяцца, што мода адкрывае новую эру эксплуатацыі прадстаўнікоў фаўны. «Утрыманне хатніх жывёл у корані несправядліва і звязана з маніпуляваннем целам, паводзінамі і эмацыйным жыццём жывёл», — заяўляе адна з іспанскіх экалагічных арганізацый. На іх думку, продаж жывёл павінен быць забаронены, бо гэта — продаж жывой істоты.
Яшчэ далей ідуць амерыканскія эколагі. На іх думку, такім адмоўным грамадскім з’явам як сексізм і эксплуатацыя чалавека чалавекам мы абавязаныя практыцы ўтрымання дома ката ці, скажам, папугая.
«Наяўнасць хатняй жывёлы сімвалічна пацвярджае ідэю, што ёсць групы гаспадароў і ўразлівыя групы, якіх можна выкарыстоўваць для атрымання камфорту і задавальнення. Нездарма такія словы, як "кацяня" і "зайчык", выкарыстоўваюцца для абазначэння жанчыны (…) Жывёлы непазбежна залежаць ад нас, мы кантралюем іх жыццё ад пачатку да канца. Наколькі б добра мы з імі не абыходзіліся, яны рабы», — пішуць у ЗША. Прыхільнікі такіх разважанняў лічаць, што актуальнае захапленне жывёламі будзе прадукаваць ідэі прыгнёту, што адгукнецца на палітычнай культуры ў бліжэйшы час.
Ёсць і апаненты. Яны мяркуюць, што праз захапленне хатнімі жывёламі чалавецтва дэманструе фенаменальную здольнасць да спагады і клопату. За кошт гэтага свет у хуткім часе будзе больш добрым і негвалтоўным. Так што, калі жадаеце жыць у такім свеце, тэрмінова пагладзьце свайго ката або сабаку.
А тут вы можаце знайсці сабе вернага сябра.