Ці дапамагаюць хворым малітвы? Бразільскія лекары праверылі

Малітвы аб цудоўным ацаленні шырока распаўсюджаныя і цяпер, асабліва ў глыбока рэлігійных супольнасцях. Бразільскія медыкі з прыватнай бальніцы ў Сан-Паўлу праверылі, ці дапамагае малітва хворым на карoнавірус пацыентам. Эксперымент доўжыўся падчас пандэміі — з верасня па снежань 2020 года.

Жанчына са статуэткай Панны Марыі. Фота Getty Images

Жанчына са статуэткай Панны Марыі. Фота Getty Images

На працягу тысячагоддзяў вернікі па ўсім свеце — прадстаўнікі самых розных рэлігій і культур — звярталіся да Бога з малітвамі аб выздараўленні сваіх блізкіх і родных, піша ВВС.

Навукоўцы (сярод якіх таксама нямала шчырых вернікаў) неаднаразова рабілі спробы высветліць, наколькі эфектыўныя падобнага кшталту малітвы — зрэшты, без асаблівага поспеху.

І хоць некаторыя даследаванні паказваюць на магчымую слабую сувязь малітваў пра здароўе (разам са звычайнай тэрапіяй) з паскораным ацаленнем пацыентаў, большасць навукоўцаў ставяцца да іх высноў вельмі скептычна — і адзначаюць адсутнасць надзейных метадаў вымярэння эфектыўнасці падобнага «ўмяшання».

Чарговую спробу распачалі ў разгар пандэміі Covid-19 — з верасня па снежань 2020 года — бразільскія медыкі з прыватнай бальніцы ў Сан-Паўлу.

Сотням пацыентаў, якія захварэлі на дагэтуль не вядомы смяротны вірус, малітвы, можа, і не дапамогуць, але ўжо сапраўды не перашкодзяць, вырашылі яны — і, заручыўшыся пісьмовай згодай хворых, правялі ўласнае клінічнае даследаванне.

У афіцыйнай дакументацыі ў якасці эксперыментальнай тэрапіі так і пазначана: «малітва».

Эксперымент доўжыўся з верасня па снежань 2020 года. Выкарыстаны метад праверкі — так званае рандамізаванае падвойнае сляпое даследаванне з кантрольнай групай — лічыцца залатым стандартам доказнай медыцыны.

Улічваючы адсутнасць спецыфічных лекаў ад новай інфекцыі, медыкі ўсё роўна маглі прапанаваць кавідным хворым толькі сімптаматычнае лячэнне. А таму і асноўная мэта эксперыменту была гранічна простая: праверыць, ці паўплываюць малітвы аб больш хуткім выздараўленні пацыентаў на працэнт смяротных зыходаў сярод іх (гэта значыць, на іх выжывальнасць).

Для гэтага дзве сотні дарослых пацыентаў бальніцы з пацверджаным карoнавірусным дыягназам выпадковым чынам падзялілі на дзве групы (папярэдне выключыўшы тых, каму па той ці іншай прычыне дапамагчы было ўжо нельга).

У якую з груп трапіў у выніку лёсавання той ці іншы канкрэтны хворы, не ведаў ні сам інфікаваны, ні лекары, якія яго лечаць і якія праводзяць даследаванне.

Абедзве групы пацыентаў атрымлівалі звычайную медыцынскую дапамогу «ў адпаведнасці з прынятым пратаколам лячэння каронавірусных пацыентаў».

Адзінае адрозненне заключалася ў тым, што, паводле просьбы медыкаў, аб выздараўленні кожнага з пацыентаў эксперыментальнай групы на працягу ўсяго лячэння рэгулярна, тройчы на дзень (агулам па чатыры гадзіны штодня) маліліся лідары мясцовай хрысціянскай абшчыны.

«Багаслоўскія веды кожнага канкрэтнага чалавека, які моліцца, немагчыма ацаніць аб'ектыўна, — прызнаюць аўтары даследавання, — аднак іх добраахвотны ўдзел [у эксперыменце] і шчырая вера ў эфектыўнасць заздраўнай малітвы былі важнымі крытэрамі пры іх адборы».

Маліцца можна было ў вольнай форме, аднак агульныя рэкамендацыі медыкаў былі вельмі канкрэтныя: прасіць трэба было аб захаванні жыцця пацыента, а таксама аб адмове ад штучнай вентыляцыі лёгкіх і скарачэнні знаходжання хворага ў рэанімацыі (і ў бальніцы ў цэлым).

Належную па пратаколе медыцынскую дапамогу атрымлівалі абедзве групы пацыентаў, а вось маліліся толькі за ўдзельнікаў адной з груп.

Вынікі клінічных выпрабаванняў у абедзвюх групах аказаліся практычна ідэнтычнымі. Ва ўсякім выпадку, на долю смяротных зыходаў малітвы пра здароўе не паўплывалі зусім: колькасць загінулых ад кавіду ў абодвух выпадках аказалася адной і той жа (па восем чалавек).

Тады даследчыкі пачалі параўноўваць іншыя паказчыкі: неабходнасць і працягласць падлучэння хворага да апарата ШВЛ, перавод у палату інтэнсіўнай тэрапіі і працягласць знаходжання ў рэанімацыі, а таксама агульную працягласць шпіталізацыі.

Па кожным з гэтых параметраў разыходжанне паміж дзвюма групамі аказалася такім нязначным, што ні разу не перавысіла статыстычнай памылкі.

А такім чынам, робяць выснову аўтары даследавання, малітвы аб выздараўленні кавідных хворых — хай і ў межах адносна невялікай выбаркі — «не аказалі якога-небудзь істотнага ўплыву» ні на агульны вынік лячэння пацыентаў, ні на яго хуткасць.